Антыфэйк / фактчэк

18 мая 2023

Фэйкі тыдня: Дзядуля кіраўніцы Еўракамісіі – нацыст

На сайце Geneastar.org прадстаўлена генеалагічнае дрэва Урзулі фон дэр Ляен.

У Беларусі расце вытворчасць мяса

У Беларусі набліжаецца да канца пасяўная кампанія. Аляксандр Лукашэнка зняўся ў відэа, дзе інспектуе палі з аўсом і гарохам, а праўладныя медыі рапартуюць аб поспехах айчыннай сельскай гаспадаркі. 

На сайце дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА з'явіўся артыкул прадстаўніцы Мінсельгасхарча Наталлі Соніч. У ёй чыноўніца распавядае пра поспехі Беларусі ў бітве за рост вытворчасці мяса і, у прыватнасці, што ў 2023 годзе ялавічыны плануецца вырабіць больш, чым летась. Такімі тэмпамі, робіць выснову Соніч, да 2025 года краіна павінна выйсці на рэкордныя 700 з лішнім тысяч тон.

Аднак, калі паглядзець на планы па развіцці сельскай гаспадаркі за мінулыя гады, то аказваецца, што 700 з лішнім тысяч тон павінны былі дасягнуць яшчэ ў 2019 годзе – у рамках старой дзяржпраграмы. Але зрабіць гэта так і не змаглі.

Сёлета таксама ўсё ідзе не вельмі гладка. У гэтым годзе плануюць вырабіць 640 тысяч тон ялавічыны, што на 2 тысячы менш, чым у 2020 годзе

Яшчэ адна цытата з БелТА:

«У мінулым годзе ў Беларусі вырабілі амаль 400 тыс. т свініны, а ў гэтым годзе плануюць атрымаць 418,6 тыс. т, што на 4,7% больш. Гэтыя паказнікі будуць дасягнутыя коштам таго, што ў строй увайшлі новыя свінакомплексы».

Гучыць як добрая навіна. Калі не ведаць, што першапачаткова планавалі вырабіць 524 тоны. 

З мясам птушкі сітуацыя падобная. Сёлета яго плануюць атрымаць 700 тысяч тон. Аднак яшчэ два гады таму на 2023 год планавалі 748 тысяч тон.

Імаверна, гэта адбываецца з-за зніжэння пагалоўя жывёлы. Аб гэтым сведчаць і дадзеныя Белстату, і заявы Аляксандра Лукашэнка: 

«Як мне дакладваюць, у палове раёнаў краіны пакуль не ў стане спыніць скарачэнне пагалоўя жывёлы». 

Але пра праблемы ў беларускай жывёлагадоўлі ў артыкуле БелТА не згадваюць. Як не называюць і іх прычыны.

Дзядуля кіраўніцы Еўракамісіі – нацыст

Візіт кіраўніцы Еўракамісіі Урзулі фон дэр Ляен у Кіеў «замкнуў кола гісторыі», бо яе дзядуля – нацыст. Так тэлеграм-канал «ЖС прэміум» пракаментаваў прыезд палітыка 9 траўня ва ўкраінскую сталіцу.

«Варта сказаць, што Карл Альбрэхт, дзядуля Урзулі, быў не проста шараговым сябрам НСДАП, ён займаў высокую пасаду ў Міністэрстве замежных спраў і гандлёва-гаспадарчых ведамстваў Трэцяга райху і працаваў акурат на тэрыторыі акупаванай Украіны. Ён быў адказны за "павелічэнне аб'ёму вытворчасці на тэрыторыях і заводах, падведамных міністэрству", а менавіта – за гвалтоўны прымус да рабскай працы ўкраінцаў».

Гэта не першае «выкрыццё» еўрапейскіх палітыкаў. Да гэтага дзядоў-нацыстаў нібыта знайшлі ў прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды і канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца. БРЦ даказаў, што гэта былі фэйкі.

У выпадку з кіраўніцай Еўракамісіі ў якасці доказу нават фотаздымак дзеда не паказалі, як гэта было ва ўкідах аб лідарах Польшчы і Нямеччыны. Хоць яшчэ ў 2022 годзе ў сацсетках распаўсюджвалася інфармацыя, што яе дзедам быў іншы Альберт – Карл Альбрэхт Оберг, адзін з кіраўнікоў СС па мянушцы «Парыжскі мяснік».

На сайце Geneastar.org прадстаўлена генеалагічнае дрэва Урзулі фон дэр Ляен. Яе дзеда звалі Карл Эдуард Альбрэхт – ён быў не нацысцкім чыноўнікам, а нямецкім псіхатэрапеўтам, аўтарам вядомай кнігі «Псіхалогія містычнай свядомасці», якую напісаў у 1951 годзе.

У спорт-барах Франкфурту пакажуць наўпроставую трансляцыю Парада ў Маскве

Расейскі вядоўца Уладзімір Салаўёў паведаміў, што Парад Перамогі ў Маскве – настолькі цікавая ўсяму свету падзея, што ў нямецкіх барах увялі браніраванне столікаў на трансляцыю з Чырвонай плошчы.

«У Франкфурце ў спартовых барах будуць весці наўпроставую трансляцыю са Святочнага Парада Перамогі. Характэрна, што 9-ы куфаль піва ў падарунак», – напісаў Салаўёў у сваім тэлеграм-канале.

У пацверджанне ён прадэманстраваў улётку бара Champions Frankfurt.

У абвестцы на нямецкай мове прапануюць забраніраваць столік, каб на вялікім экране ўбачыць трансляцыю святочнага шэсця на Чырвонай плошчы. Але ёсць некалькі нестыковак:

– на ўлётцы вайну называюць Вялікай айчыннай, на савецкі і расейскі манер, хаця ў Нямеччыне агульнапрынятая назва – Другая сусветная;

– QR-код унізе абвесткі вядзе на адрас smotrim.ru – дзяржаўную мультымедыйную онлайн-платформу, распрацаваную медыяхолдынгам ВГТРК.

Мы знайшлі бар Champions Frankfurt у інстаграме і спыталі, ці праўдзівая інфармацыя, якую распаўсюджвае Салаўёў. Вось, што нам адказалі:

«Добры дзень, нам стала вядома, што на выходных у Твітары была размешчаная ўлётка з няправільнай інфармацыяй. Гэтая ўлётка не ад Champions Frankfurt, і мы можам пацвердзіць, што Champions Frankfurt не будзе трансляваць гэтую падзею. Champions Frankfurt — гэта спартовы бар, які будзе трансляваць звычайны расклад міжнародных і мясцовых спартовых мерапрыемстваў».

У Польшчы знеслі помнік на брацкай магіле жаўнераў Чырвонай арміі

Кіраўнік «Белтэлерадыёкампаніі» Іван Эйсмант у перадачы «Клуб рэдактараў» на «Беларусь-1» распавёў, што ў Польшчы знеслі помнік, які стаяў на месцы пахавання савецкіх салдат. 

«Акружаныя мы адкрыта пранацысцкімі рэжымамі – я маю на ўвазе Прыбалтыку, Украіну, ды і Польшчу. Убачыў відэа сёння, яно свежае, па-мойму. У Польшчы ў наўпроставым эфіры знеслі помнік падзякі Чырвонай арміі на месцы пахавання больш за 500 салдат 1-га Украінскага яшчэ фронту. Гэтыя клоўны ладзяць з гэтага цэлае прадстаўленне, у наўпроставым эфіры гэта ўсё транслююць, улюлюкаюць, апладзіруюць. Дэградацыя палітычнай сістэмы Польшчы адбылася канчаткова». 

Прадстаўніца расейскага МЗС Марыя Захарава за знос «помніка падзякі» назвала Польшчу «афіцыйна "няўдзячнай"».

Іван Эйсмант акцэнтаваў увагу, што помнік стаяў на месцы пахавання загінулых. Гэта няпраўда. 

На момант яго зносу – 5 траўня 2023 года – пахавання там ужо не было больш за 70 гадоў, паведамляе Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы:

«На падставе дакументацыі Польскага Чырвонага Крыжа ўстаноўлена, што ў 1952 годзе ў Глубчыцах былі праведзеныя комплексныя эксгумацыі парэшткаў чырвонаармейцаў і ў Глубчыцах не засталося пахаванняў салдат Чырвонай арміі».

Дакументаў, якія сведчаць пра адваротнае, мы не знайшлі. Цяпер гэты помнік палякі разглядаюць выключна як аб'ект, які падлягае зносу паводле закону аб забароне прапаганды камунізму ці іншага таталітарнага ладу.

А Іван Эйсмант, па сутнасці, прыраўняў знос савецкага помніка ў Польшчы да знішчэння рэальных польскіх пахаванняў у Беларусі.

Жыхары Варшавы выйшлі на пратэст супраць удзелу Польшчы ў вайне

Тэлеканал «Беларусь-1» паказаў сюжэт аб тым, што ў польскай сталіцы прайшла дэманстрацыя супраць «удзелу Польшчы ў вайне, развязанай ЗША і НАТА». 

«У Польшчы ж дэманстранты выйшлі не супраць следства праблемы, а супраць яе перадумовы. Сотні людзей прайшлі па вуліцах Варшавы на знак пратэсту супраць удзелу Польшчы ў канфлікце на Украіне. Народ не жадае бачыць сваіх дзяцей у кровапраліцці, якое ЗША і НАТА вядуць на тэрыторыі Украіны супраць Расеі, заяўляе адзін з арганізатараў мітынгу.

Маркус Фукс: “І тут мы павінны даслаць выразны сігнал, што свет у Еўропе можа быць толькі разам, разам з Расеяй. Расея належыць Еўропе, хочам мы гэтага ці не. Дабіцца тут міру з дапамогай дыпламатыі, калі мы ўсе сядзем разам і будзем праводзіць палітыку бяспекі для Еўропы, для нас, а не для ЗША”». 

У гэтым сюжэце шмат нестыковак. Напрыклад, сцвярджаецца, што дэманстрацыя прайшла ў Варшаве, але на відэа паказана польскае сяло Параюў на мяжы Польшчы з Чэхіяй і Нямеччынай. Мы знайшлі арыгінал гэтага відэа. Яно азагалоўленае так: «Сотні дэманстрантаў сабраліся ў памежным сяле, каб заклікаць да міру ва Украіне». 

Чалавек, якога ў сюжэце «Беларусь-1» назвалі Маркусам Фуксам, нібыта гаворыць пра Расею. Ягоныя словы не разабраць з-за накладзенага расейскага перакладу. Але БРЦ знайшоў арыгінал відэа, якое выкарысталі ў сюжэце. Вось, што мужчына сказаў на самой справе: 

«Гаворка ідзе пра мір, спыненне паставак зброі ва Украіну і выкарыстанне грошай замест гэтага для Польшчы, для дзяцей і пенсіянераў».

У сюжэце не толькі цалкам змянілі сэнс сказанага, але і былі вымушаныя паўтарыць фрагмент з інтэрв'ю двойчы – у арыгінальным відэа мужчына кажа нашмат менш, чым у сюжэце «Беларусь-1». 

Ды і клічуць яго Міхаэль Хечынсава, а не Маркус Фукс. Гэта дэманстрант з Польшчы. Так яго прадставілі ў артыкуле пад арыгінальным відэакантэнтам. Які, дарэчы, зняло відэаагенцтва Ruptly.

На афіцыйным сайце Ruptly не афішуе сваю сувязь з тэлеканалам Russia Today, заснавальнікам названа Аўтаномная Некамерцыйная Арганізацыя  «ТБ-НАВІНЫ». Затое кіраўніцтва АНА сувязь з RT як раз не хавае.

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі

Каранік: «Мы чацвёртыя альбо пятыя ў свеце» па колькасці лекараў. «Зеркало»  праверыла словы чыноўніка
Антыфэйк / фактчэк

Каранік: «Мы чацвёртыя альбо пятыя ў свеце» па колькасці лекараў. «Зеркало» праверыла словы чыноўніка

Партнёрскі матэрыял

У справаздачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя статыстыка па дактарах у Беларусі адрозніваецца ад той, што дае Белстат.

17 мая 2024 Чытаць