Антыфэйк / фактчэк Учора

Вядоўца «Беларусь 1» пералічыў прадпрыемствы Украіны, якія зачыніліся. Мы знайшлі сярод іх працуючыя

Дзяржтэлеканал абвінаваціў у краху ўкраінскай прамысловасці алігархаў і рынак.

На тэлеканале «Беларусь 1» распавялі, як ва Украіне «прашляпілі велізарную спадчыну і прафукалі ўнікальныя прадпрыемствы», і паказалі 18 заводаў, якія зачыніліся «пад гнётам разрухі» за гады незалежнасці краіны. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што мінімум пяць з іх усё яшчэ працуюць. 

Рынак і алігархі ператварылі ўкраінскую прамысловасць у руіны, заявіў вядоўца праграмы «Зразумелая палітыка» на тэлеканале «Беларусь 1» Сяргей Гусачэнка 14 красавіка 2025 года і дадаў, што беларускім прадпрыемствам удалося гэтага пазбегнуць. 

«За гады незалежнасці ў краіне дэградавалі цэлыя галіны. Прамысловыя флагманы, якія грымелі на ўвесь Саюз, з гэтага часу маўчаць пад гнётам разрухі», — сказаў вядоўца. Далей паказалі кадры нібыта апусцелых заводаў — з іх назвамі і датай закрыцця. Усяго 18 прадпрыемстваў. 

Каманда WTF праверыла і высветліла, што мінімум пяць з іх дагэтуль працуюць. Напрыклад, Дняпроўскі металургічны завод ім. Дзяржынскага. У «Зразумелай палітыцы» паказалі, што ён зачынены з 2008 года, але на момант выхаду праграмы завод працаваў. У 2022 годзе прадпрыемства аб'ядналася з Дняпроўскім коксахімічным заводам і ўвайшло ў міжнародную горна-металургічную групу кампаній «Метинвест», атрымаўшы новую назву «Камет-сталь». Па выніках 2024 года прадпрыемства заявіла пра рост вытворчасці сталі і жалезаруднага канцэнтрату. 

Краматорскі завод цяжкага станкабудавання, паводле інфармацыі «Беларусь 1», не працуе з 2017-га. На справе — ён стратны, але не зачыніўся. Пасля пачатку вайны завод эвакуявалі ў Закарпацце і акрамя вытворчасці ветраэнергетычных установак, на якой ён спецыялізаваўся раней, прадпрыемства выпускае для фронту самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Багдана». Таксама ў медыях ёсць інфармацыя, што там сканструявалі машыну для размініравання Germina, якая сёлета паспяхова прайшла выпрабаванні.

Запарожскі трансфарматарны завод, які лічыцца найбуйнейшым у Еўропе па вытворчасці сілавых алейных трансфарматараў, таксама трапіў у лік закрытых. У 90-х яго прыватызавалі і пераўтварылі ў ААТ «Запорожтрансформатор». Кантраляваў прадпрыемства расейска-ўкраінскі бізнесовец Канстанцін Грыгарышын. Завод, паводле інфармацыі «Беларусь 1», перастаў працаваць у 2015 годзе, але гэта не так. Прадпрыемства збанкрутавала, а пасля пачатку вайны яго нацыяналізавалі для патрэб абароны. Два гады таму медыі пісалі, што яно вырабляе трансфарматары для энергасістэмы Украіны. 

Кіраваградскі завод сельскагаспадарчых машын «Красная Звезда» — адзін з найбуйнейшых вытворцаў сельгастэхнікі ў часы Расейскай імперыі і СССР —

таксама не зачыніўся ў 2009 годзе, як распавялі на «Беларусь 1». Мы знайшлі яго фінансавую справаздачнасць за апошнія гады: па ёй відаць, што прадпрыемства працуе. У 2016-м яго перайменавалі ў «Эльворти» (у гонар яго заснавальнікаў — англійскіх прадпрымальнікаў Роберта і Томаса Эльворці). У 2021-м кампанія атрымала нацыянальную прэмію «Выбар краіны». 

Працуе і Крэменчугскі сталеліцейны завод. Ён прыпыняў працу ў 2011, 2014 і 2020 гадах, але запускаўся зноў. З свежай фінансавай справаздачнасці заводу відаць, што ён працуе дагэтуль. У апошнія гады прадпрыемства паказвае прыбытак. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць