Антыфэйк / фактчэк Сёння

Палякі сталі значна спакайней ставіцца да Расеі? News.by перабольшыў градус пацяплення адносінаў

Негатыўна ставіцца да РФ больш за палову апытаных грамадзянаў Польшчы.

Палякі сталі значна спакайней ставіцца да расейцаў, падзяліўся назіраннем эканаміст Васіль Калташоў у эфіры News.by. Мы вывучылі апытанні, праведзеныя ў Польшчы, і высветлілі, што «значна» — лішняе слова. 

Пра зніжэнне антырасейскіх настрояў у краінах Усходняй Еўропы, і ў прыватнасці ў Польшчы, дырэктар Інстытуту новага грамадства, эканаміст Васіль Калташоў разважаў у эфіры рубрыкі «Тэма дня» на News.by 12 лістапада 2025 года:

«Палякі ненавідзяць зараз бандэраўцаў лютай нянавісцю і, увогуле, ставяцца да Расеі значна спакайней, чым у 2014 ці ў 2022 гадах».

Заява Калташова — толькі часткова праўда. Ён не сказаў, на якіх дадзеных грунтуецца яго выснова. Па інфармацыі Польскага цэнтру даследавання грамадскай думкі, пасля анексіі Крыму ў 2014 годзе нелюбоў палякаў да расейцаў вырасла на 8%: практычна палова апытаных тады выказваліся пра сваю антыпатыю. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне 82% апытаных негатыўна ставіліся да расейцаў. Цяпер — у 2025 годзе — гэтыя настроі падзяляюць на 10% палякаў менш, то бок 72% апытаных палякаў. А негатыўна ставіцца да ўкраінцаў за гэты час сталі ўдвая больш грамадзянаў Польшчы — 38% апытаных. 

Па выніках іншага польскага апытання, якое правёў даследчы інстытут SW Research, адносіны да расейцаў таксама палепшыліся. У 2025 годзе ім не давяраў 51,7% апытаных, а летась такіх было 57,2%. Аднак расейцы ўсё адно застаюцца на першым месцы ў рэйтынгу недаверу палякаў.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць