За два дні да таго, як Дональд Трамп падпісаў часовы бюджэт, скончыўшы самы доўгі ў гісторыі ЗША шатдаўн (прыпыненне працы ўраду), дэкан факультэту журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў распавёў пра яго ўплыў на ЕЗ. У ток-шоу «Будні» на Альфа Радыё і СБТБ 11 лістапада ён заявіў, што еўрапейцы настолькі залежныя ад Вашынгтона, што ў час блакавання фінансавання амерыканскіх дзяржорганаў утрымлівалі вайскоўцаў на базах ЗША ў Еўропе:
«Літва і Польшча ўзялі на сябе аплату выдаткаў, харчавання, утрымання ўсіх гэтых амерыканскіх войскаў — амерыканскіх баз у Літве, амерыканскіх баз у Польшчы. То бок гэта выразна выяўлены паказнік поўнай, найпаўнейшай залежнасці. Таму што ў некаторых краінах Еўропы — памацней, багацей і незалежней — там усё-такі сказалі: “Так гэта вашы базы — вы і думайце, чым карміць вашых амерыканскіх салдатаў”».
Некаторыя расейскія медыі, як і Аляксей Бяляеў, паведамілі, што ўлады Нямеччыны, Польшчы, Літвы і Грэнландыі ўзялі на сябе выдаткі па ўтрыманні супрацоўнікаў вайсковых баз ЗША. Яны спаслаліся на інфармацыю агенцтва Associated Press. Аднак у арыгінальнай публікацыі напісана, што Нямеччына выплаціла зарплаты за свой рахунак, але не амерыканскім вайскоўцам, а нямецкім супрацоўнікам амерыканскіх баз. Што да Польшчы, Літвы і Грэнландыі: у артыкуле гаворыцца, што ўрады гэтых краін не адказалі на запыт журналістаў, ці плацяць яны зарплаты мясцовым супрацоўнікам амерыканскіх баз.
У час шатдаўну ў ЗША таксама паўсталі праблемы з выплатамі вайсковым. Адміністрацыя Трампа прыняла рашэнне перанакіраваць каля $8 млрд, што спачатку прызначаліся на даследаванні і распрацоўкі ў Пентагоне, каб забяспечыць выплаты салдатам. Апроч таго, Пентагон прыняў ананімнае ахвяраванне ў $130 млн, каб часткова пакрыць неабходныя выплаты.