Антыфэйк / фактчэк

10 кастрычніка

Палітолаг Лазуткін распавёў, што Расея перашкодзіла планам ЗША, захапіўшы Запарожскую АЭС. Але памыліўся станцыяй

Ва Украіне чатыры атамныя электрастанцыі — Хмяльніцкая, Паўднёва-Украінская, Запарожская і Ровенская.

Запарожская АЭС была эксперыментальнай пляцоўкай ЗША, заявіў Андрэй Лазуткін у эфіры СТБ. Захапіўшы яе, Расея нібыта перашкодзіла планам па пераводзе пабудаваных у савецкі час станцый на амерыканскае паліва. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што расейцы захапілі не тую станцыю.

Пра амерыканскія доследы на Запарожскай АЭС палітолаг Андрэй Лазуткін распавёў на СТБ 2 кастрычніка 2024 года.

«Яшчэ ў савецкі час мы пабудавалі шмат станцый ва Усходняй Еўропе, якія працавалі на старым савецкім паліве. Цяпер гэтыя станцыі ўсе знаходзяцца ў NATO. І як іх забяспечваць? Купляючы ў "Росатома" тыя самыя нашы ЦВЭЛы (цеплавыдзяляльны элемент — рэд.). Каб пазбегнуць гэтай сітуацыі, трэба альбо зачыняць гэтыя станцыі — для гэтага ёсць зялёныя, эколагі, увесь гэты зялёны парадак. Альбо пераходзіць на амерыканскае паліва. Але гэта вельмі небяспечна. І вось, каб перайсці, патрэбен эксперыментальны рэактар. І такім рэактарам была Запарожская станцыя. То бок, 10 гадоў яны пераходзілі з савецкага паліва, расейскае, на паліва амерыканскае. Там былі пэўныя распрацоўкі. Сёння гэтыя распрацоўкі амерыканцы страцілі. І таму Запарожская станцыя з усіх станцый Украіны — самая важная для іх», — сказаў на заканчэнне палітолаг.

Ва Украіне чатыры атамныя электрастанцыі — Хмяльніцкая, Паўднёва-Украінская, Запарожская і Ровенская. Усе яны маюць рэактар тыпу ВВЭР — вода-вадзяны энергетычны рэактар. 

Ва Усходняй Еўропе дзейнічаюць 33 блокі з такімі рэактарамі. Усе яны прыстасаваныя пад расейскае ядравае паліва. Еўрапейскія краіны сапраўды імкнуцца дыверсіфікаваць пастаўшчыкоў для іх, каб не залежыць ад Расеі. Адаптацыяй свайго паліва для іх займаецца амерыканская кампанія Westinghouse. І ва Украіне была эксперыментальная пляцоўка для ядравага паліва з ЗША. Але гэта не Запарожская АЭС, а Паўднёва-Украінская. 

Упершыню амерыканскае паліва ў яе рэактары загрузілі ў 2005 годзе. З 2019-га трэці энергаблок Паўднёва-Украінскай АЭС змог перайсці на прамысловую эксплуатацыю паліва кампаніі Westinghouse. 

На Запарожскую АЭС амерыканскае паліва завезлі ў 2016 годзе. На момант публікацыі чатыры з шасці ядравых рэактараў працуюць на ім. 

Пасля таго як Запарожскую АЭС захапіла Расея, ЗША выказалі занепакоенасць, што іх распрацоўкі патрапілі ў «Росатом». Але гэта не перашкодзіла пераводу былых савецкіх АЭС у іншых краінах на амерыканскае паліва — ён працягваецца. Да прыкладу, у красавіку 2024 года на балгарскую АЭС завезлі амерыканскае паліва. Кантракт на яго пастаўку ў 2022-2026 гадах падпісала Славакія. У верасні да гэтых краін далучылася і Фінляндыя. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ўкраінскі «Енергоатом» канчаткова адмовіўся ад закупкі расейскага ядравага паліва. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Сысці ў адстаўку ці вярнуць Стаўку? Што Уладзімір Салаўёў прапанаваў Пуціну
Антыфэйк / фактчэк

Сысці ў адстаўку ці вярнуць Стаўку? Што Уладзімір Салаўёў прапанаваў Пуціну

Тэлевядоўца робіць адсылку да Стаўкі Галоўнага камандавання Узброеных Сілаў СССР, створанай 23 чэрвеня 1941 года, на другі дзень пасля пачатку Вялікай Айчыннай...

03 кастрычніка 2024 Чытаць