Новае

Дарагія асабнякі ў Лондане. Як сябар Лукашэнкі вывеў частку актываў з-пад санкцыяў

У той час, калі Еўропа накладвае арышт на яхты і асабнякі расейскіх алігархаў, сябар Аляксандра Лукашэнкі – бізнесовец Міхаіл Гуцэрыеў –  пазбег замарозкі многіх сваіх актываў. Як высветліў Беларускі расследвальніцкі цэнтр, ён перадаў шэраг кампаніяў роднаму брату, а маёмасць у Лондане на сотні мільёнаў долараў першапачаткова запісваў на сына Саіда. Такім чынам асабнякі для асабістага карыстання і дарагія офісныя будынкі засталіся ў сям'і алігарха.

Улетку 2021 года расейскі алігарх Міхаіл Гуцэрыеў, багацце якога ацэньваецца ў 2,5 мільярда долараў,

спачатку патрапіў пад еўрапейскія, а потым пад брытанскія санкцыі.

ЕЗ матываваў гэта тым, што бізнесовец даўнішні сябар Аляксандра Лукашэнкі і дзякуючы гэтаму мае ўплыў у палітычнай эліце Беларусі. За мінулы час частка яго актываў пацярпела ад санкцыяў, але ільвіную долю маёмасці ён усё ж здолеў зберагчы.

Гуцэрыеў і Аляксандр Лукашэнка закладваюць капсулу на месцы будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага комплексу, 11 верасня 2015 года. Фота: БелТА

Нядаўна былы працаўнік офісу Гуцэрыевых перадаў у СМІ спіс маёмасці ў Лондане, якую сям'я алігарха кантралявала праз афшорныя кампаніі. Беларускі расследвальніцкі цэнтр у партнёрстве з OCCRP, Transparency International і The Guardian праверылі гэтую інфармацыю.

Адзін з аб'ектаў Гуцэрыевых ў самым фешэнэбельным раёне Лондана –  Паўднёвым Кенсінгтоне – трапіў у скандал у 2013 годзе. Справа ў тым, што сям'я расейскага алігарха вырашыла аб'яднаць два дамы на вуліцы Queen's Gate, набытых у 2009 годзе праз фірму на Брытанскіх Віргінскіх астравоў, у адзін шасціпавярховы асабняк з турэцкай лазняй, трэнажорнай залай і памяшканнямі для персаналу.

Але гэта былі не проста дамы, а помнікі архітэктуры. Таму перабудова выклікала шмат незадаволенасці. Эксперты галоўнага брытанскага выдання The Times ацанілі сумарныя ўкладанні ў гэтыя два дамы прыкладна на 47 мільёнаў даляраў - 40 на куплю і яшчэ 7,5 на перабудову.

Выпіска з брытанскага рэгістру нерухомасці

Дакумент са зліву Pandora Papers

Сям'я Гуцэрыевых праз афшорныя фірмы таксама валодае яшчэ адным асабняком у цэнтральным Лондане.

Фота: buildington.co.uk

Ён знаходзіцца на Green Street у раёне Мэйфер, які лічыцца гандлёвым. У жніўні 2004 года нерухомасць купіла кіпрская фірма, сляды якой вядуць да Саіда Гуцэрыева – сына Міхаіла Гуцэрыева. 

Саід Гуцэрыеў. Фота: safmargroup.ru

Выпіска з брытанскага рэгістру нерухомасці

Самы дарагі будынак знаходзіцца на Fleet Street. Гістарычна тут базаваліся ўсе брытанскія газеты, але цяпер там дамінуюць юрыдычныя фірмы і банкі. Будынак складаецца з двух пабаў і офіснага блоку.

Фота: commerciallistings.cbre.co.uk

У красавіку 2012 года яго купіла афшорная фірма з Брытанскіх Віргінскіх астравоў, адным з бенефіцыяраў якой з'яўляецца Саід Гуцэрыеў, які тады толькі пачынаў сваю кар'еру. Ён заплаціў за будынак 70 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў ці больш за 110 мільёнаў долараў. 

Выпіска з брытанскага рэгістру нерухомасці

Дакументы са зліву Pandora Papers

Дакументы са зліву Pandora Papers

Пра адзін з аб'ектаў нерухомасці раней пісалі СМІ. Так, у кастрычніку 2017 года група кампаніяў «Сафмар» набыла офісны будынак Gloucester Building у прэстыжным лонданскім раёне Хамерсміт за больш чым 24 мільёны долараў.

Фота: John Walton / AP / TASS

На паперах актыў запісалі на афшорную кампанію з Брытанскіх Віргінскіх астравоў, адным з бенефіцыяраў якой з'яўляецца Саід Гуцэрыеў. Акрамя гэтага, пасля ўвядзення санкцыяў супраць Гуцэрыева, сям'я пазбавілася офіснага будынку на Hanover Square, яго прадалі за 92 мільёны долараў. 

Крыніца: londonofficespace.com

Калі першая інфармацыя аб нерухомасці Гуцэрыевых у Лондане ў кастрычніку мінулага года ўсплыла ў зліве Pandora Papers, прадстаўнікі сям'і заявілі The Guardian, што Міхаіл Гуцэрыеў не мае ніякага дачынення да актываў, набытых 15 гадоў таму, і што яго сын Саід Гуцэрыеў, прадпрымальнік і афшорны бенефіцыярны уладальнік большай часткі маёмасці, быў грамадзянінам Вялікай Брытаніі. Але Гуцэрыевы куплялі нерухомасць у Лондане ў асноўным з 2004 па 2009 год, калі Саід Гуцэрыеў яшчэ вучыўся, не працаваў і не вёў бізнес. Некаторыя аб'екты былі набытая кампаніямі, у канчатковым выніку кантраляванымі трастам, створаным Міхаілам Гуцэрыевым ў інтарэсах Саіда Гуцэрыева. Прадстаўнікі Саіда Гуцэрыева паведамілі Бі-Бі-Сі, што ў яго не было «ніякіх дзелавых сувязяў з бацькам».

Дакумент са зліва Pandora Papers аб трасце Safmar

Мы накіравалі запыт у брытанскі Мінфін, які сочыць за выкананнем санкцый, а таксама сям'і Гуцэрыевых, але не атрымалі адказу. 

Як Гуцэрыеў апынуўся ў Беларусі

Міхаіл Гуцэрыеў стаяў у заснавання групы кампаній «Сафмар» – магутнай бізнес-імперыі з актывамі ў нафтавай, вугальнай, калійнай, фінансавай, гандлёвай, дэвелаперскай і медыйнай сферах. Але дзейнасць Гуцэрыева адной толькі Расеяй не абмяжоўваецца. 

Міхаіл Гуцэрыеў. Фота: КоммерсантЪ

Даволі актыўны ён і ў Беларусі, куды стаў часта прыязджаць з 2000 года, калі ўзначаліў кампанію «Слаўнафта». Гэта было сумеснае прадпрыемства, створанае ў 1994 годзе ўрадамі Беларусі і Расеі. «Слаўнафта» атрымала долю ў Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе. Менавіта яго мадэрнізацыя стала адным з першых пачынанняў Гуцэрыева. Як пасля расказваў расейскі алігарх, гэты праект дапамог дасягнуць бізнесоўцу прыхільнасці ў Лукашэнкі. 

Гуцэрыеў, сышоўшы ў 2002 годзе ў самастойны бізнес, не губляў сувязі з Беларуссю, працягваючы супрацоўнічаць у нафтанцы. Новы імпульс адносіны атрымалі праз 10 год. З таго часу мільярдэр пабудаваў у Менску гатэль «Рэнесанс», а таксама тэрмінал для бізнес-авіяцыі ў Нацыянальным аэрапорце «Менск». Упісаўся Міхаіл Гуцэрыеў і ў беларускія ІТ-праекты. У прыватнасці, у 2019 годзе беларускі прадпрымальнік Віктар Пракапеня, які апошнім часам пражывае ў Лондане, і Саід Гуцэрыеў, сын расейскага мільярдэра, стварылі і запусцілі першую ў СНД крыптабіржу Currency.com.

Крыніца: https://belaruspartisan.by/ 

Разам з гэтым Міхаіл Гуцэрыеў узяў сацыяльную нагрузку – пабудаваў элітную школу ў Драздах, перабудаваў у гасцінічны комплекс сядзібу «Краснасельскае» пад Радашковічамі і ўзвёў праваслаўны храм у Менскім раёне. 

Аляксандр Лукашэнка і Міхаіл Гуцэрыеў у храме святога прарока Яна Прадвесніка, 3 кастрычніка 2020 года, фота: president.gov.by

Пры гэтым Міхаіл Гуцэрыеў будаваў бізнес у Беларусі, абслугоўваючы інтарэсы сям'і Лукашэнкі. Некаторыя «паслугі» Гуцэрыева выглядаюць як падарункі асабіста Лукашэнку. Аўтарытарны лідэр карыстаецца верталётам, які расейскі бізнесмен купіў за 14 мільёнаў долараў і пафарбаваў у колеры дзяржаўнага беларускага сцяга.

Фота: Mario Ferioli, airplane-pictures.net

На борце двух асабістых самалётаў Гуцэрыева былі заўважаныя не толькі беларускія бізнесоўцы Уладзімір Пефціеў і Аляксандр Зайцаў, якіх называюць «гаманцамі» Лукашэнкі, але і высокапастаўленыя чыноўнікі Уладзімір Макей (цяпер міністр замежных справаў), Андрэй Паўлючэнка (былы кіраўнік Службы бяспекі прэзідэнта, а цяпер кіраўнік іншай спецслужбы – Аператыўна-аналітычнага цэнтру) і сыны Лукашэнкі Віктар і Дзмітрый.

Вышэйшай мерай даверу можна лічыць удзел Гуцэрыева ў таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. На «ўрачыстасці» не было нават расейскага амбасадара. У выніку летам 2021 года Міхаіл Гуцэрыеў трапіў у чарговы пакет заходніх санкцыяў супраць Беларусі, уведзеных ў тым ліку ў сувязі з вымушанай пасадкай рэйса Ryanair у Менску, на якім ляцеў апазіцыйны блогер Раман Пратасевіч.

Як санкцыі адбіліся на Гуцэрыеве

За дзесяць дзён да ўвядзення санкцыяў алігарх пакінуў узначалены ім савет дырэктараў «Руснафты», а каля 37% акцый сваёй ключавой структуры перадаў брату Саіт-Саламу Гуцэрыеву, які па выніку ператварыўся ў захавальніка ўсіх ключавых нафтавых актываў сям'і. 

Сын Гуцэрыева таксама паспяшаўся скінуць актывы, якія звязвалі яго з бацькам ці Беларуссю. Ён пакінуў пасаду кіраўніка нафтагазавай кампаніі «Фортэінвест», якую ўзначальваў з 2014 года. Саід Гуцэрыеў таксама прадаў свае долі ў трох крыптабіржах кампаньёну Пракапеню і міжнароднай крыптабіржы FTX. У кастрычніку 2021 года Гуцэрыеў-малодшы адрокся ад беларускага Парытэтбанка на карысць малавядомага расейскага прадпрымальніка.

Тут нялішнім будзе нагадаць, як Міхаіл Гуцэрыеў ужо раставаўся з «Руснафтай» у 2007 годзе, калі быў вымушаны пакінуць Расею і прадаць кампанію Міхаілу Прохараву з-за крымінальнага пераследу, звязанага з абвінавачваннямі ў незаконным прадпрымальніцтве і нявыплаце падаткаў. Але ў 2010 годзе следчыя МУС знялі з Гуцэрыева ўсе абвінавачанні (гэта адбылося дзякуючы дэкрыміналізацыі асобных артыкулаў Крымінальнага кодэксу РФ), і бізнесмен вярнуўся ў Расею і выкупіў 49% «Руснафты». Да 2013 года ён аднавіў кантроль у кампаніі. Гэта значыць, у Міхаіла Гуцэрыева ўжо меўся досвед працы ва ўмовах абмежаванняў. Аднак нельга сказаць, што санкцыі зусім не закранулі Міхаіла Гуцырыева. Цяпер пад пытаннем аказалася рэалізацыя самага амбітнага праекту расейскага бізнесмена ў Беларусі – будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага камбінату (ГАК), які ў бліжэйшыя гады павінен быў вырабляць да 2 млн тон калійных угнаенняў у год. Як сказаў Лукашэнка, Гуцэрыеў адзіны з нямногіх бізнесменаў, хто атрымаў доступ да беларускіх нетраў. 

Нежынскі горна-абагачальны комплекс. Фота: slavkaliy.com

Узвядзеннем камбінату займаецца кампанія «Слаўкалій», у якой старшыняваў Міхаіл Гуцэрыеў. Для фінансавання праекту быў прыцягнуты крэдыт Банка развіцця Кітая ў памеры 1,4 млрд. долараў пад гарантыі беларускага ўрада. Сваіх грошай у Нежынскае радовішча Гуцэрыеў, паводле розных ацэнак, уклаў ад 250 да 600 мільёнаў долараў. Пры гэтым два расейскія банкі – Сбер і Траст – атрымалі долі ў «Слаўкаліі» ў межах фінансавання праекту. Будаўніцтва ГАКа ішло сваім парадкам, пакуль не былі ўведзеныя заходнія санкцыі ў дачыненні да Гуцэрыева і яго структураў. Не выратавала нават перадача Гуцэрыевым брату Саіт-Саламу кантролю над акцыянерам «Слаўкалія» – брытанскай GCM Global Energy. У выніку улетку 2021 года Банк развіцця Кітая не пералічыў чарговы транш «Слаўкалію», а еўрапейскія кампаніі адмовіліся працаваць з кампаніяй, якая і сама патрапіла пад санкцыі. Як яшчэ і «Беларусбанк», праз які кітайскія грошы ішлі на праект. У выніку будоўля новага калійнага камбіната застапарылася.

Аўтары Аляксандр Ярашэвіч, Аляксей Карпека, рэдактар Станіслаў Івашкевіч