Пасля гучнай «справы артапедаў», якая пракацілася па краіне ў красавіку гэтага года, улады забаранілі дзяржаўным лякарням усталёўваць беларусам імпартныя пратэзы. Але Беларускі расследавальніцкі цэнтр высветліў, што гэтым скарысталася малавядомая прыватная клініка «Мерсі», саўладальнікі якой вялі бізнес з «гаманцамі» Аляксандра Лукашэнкі, і прапанавала дадзеныя паслугі ўтрая даражэй. Неўзабаве гісторыя атрымала працяг. Аказалася, выгадаатрымальнікі гэтай сітуацыі не ўскосна, а непасрэдна звязаныя з сям'ёй палітыка, а самі алігархі рыхтуюць да адкрыцця яшчэ адзін медцэнтр.

Знаёмства з Ліліяй Лукашэнка

Увесну гэтага года вядомыя прыватныя клінікі падвергліся нападам сілавікоў, пазапланавым праверкам і нават прыпыненню ліцэнзіі. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка і навогул скептычна выказаўся пра існаванне прыватнай медыцыны ў Беларусі.

«Вельмі жорстка кантралюем. Не таму, што мне не падабаюцца прыватныя прадпрыемствы, у тым ліку аховы здароўя. Не. А таму што трэба працаваць сумленна. І на здароўі людзей зарабляць ніхто не будзе. Мы будуем сацыяльную дзяржаву, а гэта перш за ўсё клопат аб людзях», – сказаў ён.

Гэтая заява прагучала пасля гучнага затрымання 35 лекараў-артапедаў і праверак у «ЛАДЭ» і «Нардзін». Пры гэтым мы высветлілі, што ў малавядомым і нядаўна адкрытым медцэнтры «Мерсі» аперацыі эндапратэзавання з імпартнымі пратэзамі працягнулі. Але ў адрозненні ад дзяржаўных лякарняў, дзе паслуга раней каштавала 3000 долараў, з кожнага жадаючага атрымаць імпартны сустаў у прыватнай клініцы бяруць да 8000 долараў.

У нашым папярэднім расследаванні мы паказалі сувязі паміж уладальнікамі клінікі і набліжанымі да сямʼі Лукашэнкі алігархамі Аляксеем Алексіным і Аляксандрам Зайцавым. 

Праўда, трохі ў цені засталася адна саўладальніца «Мерсі». Гаворка пра Людмілу Няронскую, якая мае долі ў кампаніях «ЗахадТрансЭкспедыцыя», «Грузавая служба», «Газэнерджыхім», а таксама была саўладальніцай другой беларускай крыптабіржы iExchange.

Але дзякуючы дасланай нам базе пералётаў ад «Кіберпартызанаў», выявіліся іншыя цікавыя дэталі. Высветлілася, што 1 лістапада 2019 года, калі пачаўся афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Абʼяднаныя Арабскія Эміраты, Людміла Няронская і жонка Віктара Лукашэнкі Лілія разам з дзецьмі таксама адправіліся ў Дубай.

Дабіраліся яны туды на самалёце, на якім, як мы зафіксавалі ў адным з мінулых расследаванняў, часта лётаў яшчэ адзін алігарх Мікалай Варабей.

Назад у Менск жанчыны вярталіся ўжо ў кампаніі з Віктарам Лукашэнкам і супрацоўнікам Службы бяспекі прэзідэнта Валерыем Дзенісюком на іншым бізнэс-джэце, з бартавым нумарам OE-ILN,

які перыядычна выкарыстоўваўся сынам Лукашэнкі для дзелавых паездак.

Але не толькі агульнае падарожжа звязвае дзвюх жанчын. Дзеці Людмілы Няронскай і Ліліі Лукашэнка разам вучацца ў прэстыжнай менскай гімназіі №16.

Старэйшая дачка Ліліі і Віктара Лукашэнкі Вікторыя летам 2021 года выйшла замуж за Дзмітрыя Дзятлава, які будучы студэнтам, праходзіў пераддыпломную практыку на прадпрыемстве «ЗахадТрансЭкспедыцыя», дзе дырэктарам зʼяўлялася Людміла Няронская.

Мы патэлефанавалі Людміле Няронскай, каб даведацца, ці дапамаглі клініцы «Мерсі» стаць манапалістам на рынку пратэзавання яе адносіны з Ліліяй Лукашэнка. Аднак яна, пачуўшы першае пытанне, кінула слухаўку.

Медцэнтр па замове Вакульчыка

Зрэшты, неўзабаве пад Менскам можа адчыніць дзверы яшчэ адна клініка, дзе можна будзе зрабіць спецыфічныя аперацыі на суставах, і якая таксама звязаная з беларускімі алігархамі. Размова аб цэнтры спартыўнай рэабілітацыі «НЕА». Першая клініка пад гэтай назвай адкрылася некалькі гадоў таму на вуліцы Францыска Скарыны ў Менску. Першапачаткова яна задумвалася як цэнтр спартыўнай рэабілітацыі пры Беларускай федэрацыі біятлону. Ля яго вытокаў стаяў Валер Вакульчык, які тады кіраваў КДБ і федэрацыяй біятлону.

Неўзабаве пасля стварэння спартыўнага цэнтру ўсе 100% арганізацыі перайшлі прыватнай кампаніі «Неанафта».

Клініка стала аказваць платныя медпаслугі ўсім жадаючым.

«Неанафтай» першапачаткова валодалі некалі вядомы алігарх Юрый Чыж і сямʼя Аляксея Алексіна.

У 2016 годзе Алексіны сышлі з уласнікаў кампаніі, а іх долі атрымалі тры іншых чалавека. 

Аднак, дзякуючы інфармацыі атрыманай ад «Кіберпартызанаў» мы змаглі даведацца, што новыя ўладальнікі «Неанафты» – былыя супрацоўнікі кампаній Алексіна і Варабʼя.

Лідзія Ушакова працавала ў нафтатрэйдары «Інтэрсэрвісе», саўладальнікам якога шмат гадоў быў Мікалай Варабей. Незадоўга да ўвядзення заходніх санкцый Ушакова стала валодаць іншай кампаніяй алігарха – «БелКазТранс».

Два іншых саўладальніка «Неанафты» – Алег Герасім і Алег Пятроў. Апошні кіраваў базай адпачынку «Сябры», якую стварыў Алексін. Пасля ўвядзення санкцыяў супраць Варабʼя Герасім таксама апынуўся сярод саўладальнікаў кампаніі «Влате Лагістык» звязанай з «Брэміна груп» Алексіна, Варабʼя і Зайцава.

Акрамя таго, Алег Герасім жанаты на сястры Аляксея Алексіна Святлане.

Другую клініку «НЕА» нядаўна ўзвялі каля лечкамісіі ў Ждановічах пад Менскам.

Раней на гэтым месцы размяшчалася гразелячэбніца, пабудаваная яшчэ пры СССР.

У 2021 годзе «Неанафта» замовіла рэканструкцыю будынку кампаніі «ТагеР Інвест», якая раней пабудавала Алексіну спартыўна-стралковы комплекс. Гэтую фірму ў 2016 годзе зарэгістравалі Алена Герасім і Павел Татарыцкі.

Алена Герасім – дачка раней згаданага Алега Герасіма і пляменніца алігарха Алексіна. Павел Татарыцкі – дырэктар яшчэ адной кампаніі Алексіна «Экава», якую алігарх набыў для будаўніцтва шэрагу абʼектаў. 

Цяпер «ТагеР Інвест» валодаюць з роўнымі долямі Алена Герасім і Ірына Татарыцкая, жонка Паўла Татарыцкага.

У дзеючым цэнтры спартыўнай рэабілітацыі «НЕА» беларусам прапануюць фізіятэрапію, мануальную тэрапію, іголкаўколванне, кансультацыі спецыялістаў. А вось на новую клініку ў Ждановічах, як распавялі нам у цэнтры, ва ўладальнікаў куды больш грандыёзныя планы. З восені гэтага года запланаваная такая паслуга як аперацыі з артраскопам – іх выконваюць для аперацый менавіта на суставах: рэканструкцыі сустаўнага храстка, пашкоджанага меніска.

Мы патэлефанавалі Алегу Герасіму, каб даведацца іншыя падрабязнасці аб новай клініцы. Але ён, знаходзячыся ў саўладальніках «Неанафты», адмаўляў сваю прыналежнасць да гэтай кампаніі і да медцэнтру.

Іншыя Расследаванні

Фальшыўка, зробленая ў Беларусі. Як еўрапейскія памежнікі прапускаюць санкцыйны лес
Расследаванні

Фальшыўка, зробленая ў Беларусі. Як еўрапейскія памежнікі прапускаюць санкцыйны лес

Крыніцы на рынку лесапрадукцыі перадалі БРЦ меркавана падробленыя дакументы. З іх вынікае, што драўніна нібыта з Казахстану і Кыргызстану перасякала мяжу...

26 сакавіка 2024 Чытаць