Абодва матэрыялы расказваюць пра абыход санкцый, і абодва былі зробленыя Беларускім расследавальніцкім цэнтрам

Глабальная сетка журналістаў-расследавальнікаў (GIJN) уключыла ў свой рэйтынг лепшых матэрыялаў за 2022 год на рускай і ўкраінскай мовах адразу два беларускія расследаванні. Абодва матэрыялы расказваюць пра абыход санкцый, і абодва былі зробленыя Беларускім расследавальніцкім цэнтрам.

Першае расследаванне мы зрабілі сумесна з Re: Baltica (Латвія) і Delfi.ee (Эстонія). Яно раскрывала схему, дзякуючы якой беларускія нафтапрадукты працягвалі экспартавацца ў ЕЗ, нягледзячы на санкцыі. Дарэчы, эстонскія ўлады закрылі гэтую схему пасля нашага расследавання.

Другое расследаванне выйшла зусім нядаўна, у снежні 2022 г. і расказвала пра кантрабанду беларускай драўніны ў ЕЗ праз Казахстан і Кыргызстан. Над ім мы працавалі разам з Kloop (Кыргызстан), Siena (Літва), Vlast.kz (Казахстан), Re: Baltica (Латвія), Fundacja Reporterów (Польшча) і OCCRP. Расследаванне ўжо прынесла эфект: пасля выхаду публікацыі, аднаго з літоўскіх палітыкаў выключылі з партыі за дачыненне да схем ухілення ад санкцый.

Усяго ў рэйтынг GIJN увайшлі 8 расследаванняў, у тым ліку матэрыялы, падрыхтаваныя журналістамі з Малдовы, Украіны і Расеі.

Пошук забойцаў па сэлфі, выкрыццё VIP-бежанцаў, адсочванне расейскіх агентаў і крывавыя ванны Пуціна – чытайце гэтыя і іншыя гісторыі сярод лепшых расследаванняў 2022 года на рускай і ўкраінскай мовах па версіі GIJN.

Іншыя Навіны