Навіны

11 лютага

Як на «Інтэграл» патрапілі санкцыйныя тавары? Нямецкія кампаніі адказалі на запыт БРЦ

Мы атрымалі лісты ад Wacker Chemie AG, Faulhaber Group, Carl Zeiss AG і Федэральнага ведамства эканомікі і экспартнага кантролю Нямеччыны.

Нямецкія кампаніі і рэгулятары адказалі на запыты БРЦ. Мы іх адправілі ў рамках расследавання, якое раскрыла, што на беларускае дзяржаўнае прадпрыемства «Інтэграл» пастаўляюць забароненыя заходнія камплектуючыя. Сярод адказаў: абяцанне разабрацца і просьба выдаліць назву кампаніі з матэрыялу.  

«Расследуем гэты выпадак»

У папярэднім расследаванні БРЦ высветліў, што для вытворчасці мікрасхем, якія пазней выкарыстоўваюцца ў расейскіх ракетах, беларускае прадпрыемства «Інтэграл» (поўная назва ААТ «Інтэграл» – кіруючая кампанія холдынгу «Інтэграл») закупляе хімікат нямецкага канцэрна Wacker Chemie AG. Мы спыталі ў кампаніі: ці ведаюць там, што іх высокачысты хлорысты вадарод пад выглядам прадукцыі казахстанскай фірмы United Trading Group пастаўляюць у Беларусь. Прадстаўнік вытворцы адказаў: «Мы расследуем справу, у якой сцвярджаецца, што прадукцыя WACKER была самастойна пастаўлена некаторымі кампаніямі ў Беларусь праз Казахстан, і прыпынілі ўсе бізнес-стасункі з адпаведнымі кампаніямі на час правярання».

У лісце, які мы атрымалі 28 студзеня 2025 года, таксама гаворыцца, што Wacker Chemie AG не вядзе бізнес з Расеяй і Беларуссю з 2022 года. Канцэрн склаў чорны спіс кампаній, якім сваю прадукцыю не пастаўляе, і патрабуе выканання санкцыйнага заканадаўства ад кліентаў, у тым ліку ў выпадку неабходнасці прадстаўлення сертыфікату канчатковага карыстальніка (End-User Certificates).

«”Інтэграл” падпадае пад заходнія санкцыі (ЗША і Вялікай Брытаніі), таму заблакаваны для ўсёй групы Wacker», — удакладнілі ў кампаніі.

Запыт з нагоды законнасці паставак хімікату нямецкай вытворчасці ў Беларусь БРЦ накіраваў Федэральнаму ведамству эканомікі і экспартнага кантролю Нямеччыны BAFA. Нам адказалі, што экспарт хлорыстага вадароду пад маркай SEMICOSIL HLC 5.5 (таварны знак, які належыць Wacker Chemie) не падпадаў пад кантроль тавараў падвойнага прызначэння ў выпадку, калі экспарцёр не ведаў, што хімікат будуць ужываць у ваенных мэтах. 

«Экспарцёр павінен паведаміць кампетэнтнаму органу, калі яму вядома, што прапанаваныя да экспарту тавары падвойнага прызначэння, не пералічаныя ў дадатку I, прызначаныя, цалкам або часткова, для канчатковага ваеннага выкарыстання, калі краінай куплі або прызначэння з'яўляецца суб'ект эмбарга на пастаўкі зброі», — удакладнілі ў BAFA і дадалі, што з 30 чэрвеня 2024 года экспарт хімікату ў Беларусь цалкам забаронены.

«Просім выдаліць згадку пра кампанію»

Журналісты БРЦ высветлілі, што «Інтэграл» у сярэдзіне 2024 года купіў у кітайскай кампаніі Hebei Nanuo Alloy Material Co. Ltd 44 нямецкія міні-электрарухавікі. У інфармацыйнай сістэме «Тэндары» (icetrade.by) іх вытворцам у дакументацыі па закупцы пазначаная нямецкая кампанія Faulhaber Group. 

За дзень да публікацыі расследавання Dr. Fritz Faulhaber GmbH & Co. KG (далей — Faulhaber) накіраваў БРЦ ліст, у якім заявіў, што не пастаўляў прадукцыю ў Беларусь, не мае дзелавых стасункаў з Hebei Nanuo Alloy Material Co. і пачаў унутранае расследаванне.

Пасля выхаду матэрыялу кампанія накіравала яшчэ два лісты, у якіх запатрабавала выдаліць згадку аб сабе.

«Мы не пастаўлялі ніякіх рухавікоў кампаніям, згаданым у расследаванні. <...> У сувязі з гэтым мы вельмі просім вас выдаліць з артыкула спасылку на FAULHABER у апісанні нібыта дастаўленых тавараў», — заявілі прадстаўнікі прадпрыемства ў лісце ад 28 студзеня 2025 года.

Прадстаўнік Faulhaber у сваім трэцім лісце да БРЦ ад 4 лютага настойвае, што згадку аб кампаніі ў тэксце расследавання варта выдаліць, паколькі «нумары вырабаў у афіцыйнай закупачнай дакументацыі часткова няслушныя або пазначаныя няпоўна». Іншымі словамі, па версіі Faulhaber, у афіцыйных закупачных дакументах, якія апублікаваў БРЦ, «Інтэграл» некарэктна пазначыў серыйныя нумары закупленых вырабаў маркі Faulhaber. У кампаніі не выключаюць, што прадукцыя з'яўляецца падробленай, але праводзіць дадатковую праверку не будуць.

«Далейшае расследаванне гэтага пытання стане магчымым толькі пасля атрымання аднаго або некалькіх з гэтых прадуктаў для праверкі іх сапраўднасці і больш дакладнай ацэнкі таго, дзе і калі яны былі зробленыя або прададзеныя. Мы не будзем узаемадзейнічаць з Беларуссю ці якімі-небудзь асобамі або кампаніямі ў Беларусі з мэтай запыту дадатковай інфармацыі», – заявіў прадстаўнік кампаніі.

Па просьбе Faulhaber мы публікуем поўныя тэксты трох лістоў кампаніі:

Ліст ад 27.01.2025:

Мы ўпершыню даведаліся аб тым, што прадукцыя FAULHABER нібыта пастаўлялася ў Беларусь, з Вашага расследавання. Мы здзіўлены і занепакоеныя гэтай інфармацыяй, паколькі наша кампанія аператыўна і паслядоўна разарвала ўсе дзелавыя сувязі з Беларуссю і Расеяй у дзень уварвання Расеі ва Украіну – яшчэ да ўвядзення санкцыяў і да таго, як гэта стала патрабаваннем заканадаўства. З таго часу мы строга сочым за выкананнем усіх прававых нормаў.

У адказ на ваш запыт мы неадкладна пачалі ўнутранае расследаванне. На сённяшні дзень мы можам паведаміць, што не пастаўлялі рухавікі згаданым Вамі кампаніям. Кітайская кампанія, указаная ў вашым лісце, не з'яўляецца дзелавым партнёрам Faulhaber. Такім чынам, ніякіх дзелавых адносін паміж Hebei Nanuo Alloy Material Co. і FAULHABER не існуе.

Мы рады адказаць на вашыя канкрэтныя пытанні:

  1. [Маглі б вы пацвердзіць, ці пастаўляліся міні-электрарухавікі вашай кампаніі на беларускае прадпрыемства «Інтэграл» праз кітайскую кампанію Hebei Nanuo Alloy Material Co. Ltd у траўні 2024 года?] Не, мы не можам гэта пацвердзіць. Мы не ведаем аб кампаніях, указаных у вашым лісце, і FAULHABER не знаходзіцца з імі ў дзелавых адносінах. Грунтуючыся на прадстаўленай вамі інфармацыі, мы неадкладна заблакавалі згаданую кітайскую кампанію ў нашых сістэмах, каб у прынцыповым парадку выключыць любыя магчымыя дзелавыя адносіны з ёю.
  2. Мы строга выконваем экспартныя правілы і санкцыі, якія дзейнічаюць у Нямеччыне, ЕЗ, Швейцарыі і ЗША. Для гэтага мы выкарыстоўваем кампʼютарызаванае праграмнае забеспячэнне для кантролю экспарту, што дазваляе нам без неапраўданых затрымак атрымліваць інфармацыю аб зменах у заканадаўстве і санкцыйных абмежаваннях, якія датычацца падсанкцыйных кампаній, урадаў або краін. Акрамя таго, мы па меры неабходнасці звязваемся з экспартнымі органамі Нямеччыны (BAFA) і Швейцарыі (SECO), каб забяспечыць адпаведнасць нашай дзейнасці законам і дзейным нормам пры пастаўках ва ўразлівыя рэгіёны. Больш за тое, нашы ўмовы паставак змяшчаюць указанне для кліентаў, што яны абавязаны строга выконваць любыя экспартныя і санкцыйныя палажэнні.
  3. Не, нам не вядома аб якіх-небудзь пасярэдніках ці трэціх кампаніях у ланцужку паставак, якія маглі б перадаваць нашу прадукцыю падсанкцыйным кампаніям. Калі б мы знайшлі такі факт, мы неадкладна спынілі б з імі дзелавыя адносіны. Гэта таксама замацавана ў нашым Кодэксе дзелавой этыкі, які публічна даступны па спасылцы: https://www.faulhaber.com/en/about-us/company/compliance/.
  4. Мы няўхільна выконваем дзейнае заканадаўства і нарматыўныя патрабаванні, якія тычацца вызначэння і дакументавання канчатковага прызначэння прадукцыі, у той меры, у якой гэта патрабуецца законам для канкрэтных рынкаў або прадуктаў. Як толькі мы атрымліваем звесткі аб магчымых парушэннях, мы пачынаем расследаванне. У нас таксама дзейнічае сістэма для паведамленняў аб рэальных ці меркаваных парушэннях. Калі дзелавыя партнёры дзейнічаюць у парушэнне санкцый, мы неадкладна разрываем з імі дзелавыя адносіны.
  5. Пасля незаконнага ўварвання Расеі ва Украіну мы неадкладна спынілі ўсе прамыя і непрамыя пастаўкі ў Расейскую Федэрацыю і Беларусь, нягледзячы на ​​тое, што на гэтыя краіны на той момант яшчэ не былі накладзены санкцыі. Мы кіраваліся нашымі каштоўнасцямі і ўнутранымі перакананнямі, хоць гэта і пацягнула за сабой фінансавыя страты. У нас дзейнічае строгая карпаратыўная палітыка ў адносінах да Беларусі і Расеі. Таму для нас вельмі важна атрымаць дадатковую інфармацыю, каб мы маглі ўдакладніць факты і правесці далейшае расследаванне больш мэтанакіравана.

У сувязі з гэтым будзем удзячныя, калі Вы зможаце як мага хутчэй прадставіць нам наступную інфармацыю для правядзення далейшага расследавання:

  1. Які менавіта канкрэтны тавар вытворчасці FAULHABER, як мяркуецца, паставіла кітайская кампанія Hebei Nanuo Alloy Material Co. беларускай кампаніі «Інтэграл»?
  2. Ці валодаеце вы інфармацыяй аб тым, якім чынам выкарыстоўваецца дадзены меркаваны тавар вытворчасці FAULHABER?
  3. На жаль, мы часта сутыкаемся з несанкцыянаваным выкарыстаннем нашага таварнага знака па ўсім свеце. Ці можаце вы з поўнай упэўненасцю сцвярджаць, што рухавік, згаданы ў вашым лісце, не зʼяўляецца падробкай, а сапраўды зʼяўляецца прадукцыяй FAULHABER?
  4. Ці можаце Вы прадставіць нам нумар прадукту для праверкі даты яго вырабу і паступлення ў продаж? Ці можна выключыць магчымасць таго, што ўказаны тавар быў набыты на другасным рынку, быў адноўлены або адносіцца да тавараў з запасаў, сфармаваных да ўвядзення санкцый у дачыненні да Беларусі? Ці можна таксама выключыць магчымасць таго, што прадукт зʼяўляўся складовай часткай іншага прыбора, пастаўленага ў Беларусь да ўступлення ў сілу санкцый, а затым быў выняты з гэтага прыбора і паўторна выкарыстаны кампаніяй «Інтэграл»?

Просім звяртацца да нас па любых дадатковых пытаннях. [*] [*] [*]

Ліст ад 28.01.2025

Мы глыбока цэнім вашую працу ў сферы незалежнай журналістыкі і вашыя расследаванні па выяўленні фактаў неправамерных дзеянняў і распаўсюджвання дэзынфармацыі.

У сваям артыкуле «Смяротныя мікрасхемы. Як "Інтэграл" абыходзіць санкцыі і дапамагае Расеі ў вайне», апублікаванай 28 студзеня 2025 года, вы ўзгадалі FAULHABER у якасці вытворцы 44 міні-электрарухавікоў. Як пазначана ў нашай заяве, адпраўленай 27 студзеня 2025 года ў 18:24, у якой мы падалі адказы на вашыя пытанні, мы паведамілі вам, што не пастаўлялі рухавікі згаданым у артыкуле кампаніям. Кітайская кампанія, згаданая ў вашым артыкуле, не з'яўляецца дзелавым партнёрам FAULHABER. Такім чынам, паміж Hebei Nanuo Alloy Material Co. і FAULHABER не існуе ніякіх дзелавых адносінаў.

Мы разумеем, што ў журналістыцы магчымыя памылкі, асабліва калі гаворка ідзе пра складаныя тэмы. Важна, каб прыведзеная інфармацыя была дакладнай. У сувязі з гэтым пераканаўча просім вас выдаліць спасылку на кампанію FAULHABER у кантэксце нібыта пастаўленай прадукцыі ў артыкуле.

На сённяшні дзень у нас няма дакладных доказаў таго, што згаданыя рухавікі з'яўляюцца арыгінальнай прадукцыяй FAULHABER. Мы вельмі зацікаўленыя ў высвятленні фактаў і правядзенні далейшых расследаванняў датычных таго, ці маглі ажыццяўляцца такія меркаваныя пастаўкі і якім чынам. Садзейнічанне спыненню паставак такой прадукцыі ў Беларусь ляжыць у зоне нашых інтарэсаў і, такім чынам, зʼяўляецца агульнай мэтай БРЦ і FAULHABER.

Як ужо было прапанавана ў нашым учорашнім лісце, мы былі б удзячныя за адказы на наступныя пытанні:

  1. Якую менавіта прадукцыю FAULHABER кітайская кампанія Hebei Nanuo Alloy Material Co. меркавана пастаўляла беларускаму прадпрыемству «Інтэграл»?
  2. Ці ёсць у вас якія-небудзь звесткі пра тое, як выкарыстоўваецца меркаваная прадукцыя FAULHABER?
  3. На жаль, мы часта сутыкаемся з тым, што нашую гандлёвую марку выкарыстоўваюць па ўсім свеце без нашага дазволу. Ці можаце вы з упэўненасцю сцвярджаць, што згаданы ў вашым лісце рухавік з'яўляецца прадукцыяй FAULHABER, а не падробленым таварам?
  4. Ці можаце вы даць нам нумар прадукту для праверкі даты ягонага вырабу і паступлення ў продаж? Ці можна выключыць магчымасць таго, што пазначаны тавар быў набыты на другасным рынку, быў адрамантаваны да спраўнага стану або адносіцца да тавараў з запасаў, сфармаваных да ўвядзення санкцыяў у дачыненні да Беларусі? Ці можна таксама выключыць магчымасць таго, што прадукт з'яўляўся складовай часткай іншага прыбору, пастаўленага ў Беларусь да таго, як санкцыі набылі моц, а затым быў выняты з гэтага прыбору і паўторна выкарыстаны кампаніяй «Інтэграл»?

Пераканаўча просім даць адказы на нашыя пытанні і выдаліць спасылку на FAULHABER з апісання нібыта пастаўленай прадукцыі да чацвярга, 30 студзеня 2025 года. [*] [*]

Ліст ад 04.02.2025:

Дзякуем за ваш электронны ліст, а таксама за інфармацыю і дакументы, якія вы нам далі.

Мы дасканала вывучылі афіцыйную закупачную дакументацыю і зрабілі пільны аналіз датычна прадукцыі, згаданай у афіцыйнай закупачнай дакументацыі.

Зыходзячы з нашых папярэдніх заяваў і перапіскі, мы хацелі б яшчэ раз падкрэсліць: мы не пастаўлялі ніякіх рухавікоў кампаніям, якія згаданыя ў вашым артыкуле і ў афіцыйных дакументах па закупках. Кітайская кампанія, згаданая ў вашым артыкуле і ў афіцыйнай дакументацыі аб закупках, не з'яўляецца дзелавым партнёрам FAULHABER. Такім чынам, паміж Hebei Nanuo Alloy Material Co. і FAULHABER не існуе ніякіх дзелавых адносінаў.

Як ужо было сказана раней, у нас няма ніякіх доказаў таго, што прадукцыя, пазначаная ў афіцыйнай закупачнай дакументацыі, з'яўляецца арыгінальнай прадукцыяй FAULHABER. Нумары вырабаў у афіцыйнай закупачнай дакументацыі часткова няслушныя або пазначаныя няпоўна. Акрамя гэтага, мы не можам выключаць магчымасць таго, што прадукцыя зʼяўляецца падробленай. На рынку мы часта сутыкаемся з падробленай прадукцыяй FAULHABER.

Прадукцыя, згаданая ў афіцыйнай закупачнай дакументацыі, згодна з нумарамі вырабаў, паказвае на тое, што яна была вырабленая не менш за пяць-дзесяць гадоў таму, пры гэтым мяркуецца, што гэта арыгінальная прадукцыя FAULHABER. Падобныя тавары не захоўваюцца доўга на складзе. Гэта значыць, што прадукцыя магла быць вырабленая і адгружаная задоўга да ўваходжання ў дзеянне якіх-небудзь санкцыяў у дачыненні да Беларусі.

У цэлым вашае сцверджанне аб тым, што меркаваны продаж міні электрарухавікоў праз FAULHABER з'яўляецца «яшчэ адным прыкладам абыходу санкцыяў», зʼяўляецца непраўдзівым, уводзіць у зман і павінна быць неадкладна выпраўленае.

Мы вельмі зацікаўленыя ў высвятленні фактаў і правядзенні далейшых расследаванняў датычных таго, ці маглі і якім чынам, ажыццяўляцца такія меркаваныя пастаўкі трэцімі асобамі, якія не маюць ніякага дачынення да FAULHABER. Садзейнічанне спыненню паставак такой прадукцыі ў Беларусь — у нашых інтарэсах і, такім чынам, з'яўляецца сумеснай мэтай БРЦ і FAULHABER.

Таму мы радыя адказаць на вашыя далейшыя пытанні ніжэй:

Ці можа кампанія Faulhaber пацвердзіць або абвергнуць, што названыя мадэлі рухавікоў былі вырабленыя і адгружаныя на яе прадпрыемствах?

Мы не можам пацвердзіць, што гэтыя тавары, пералічаныя ў афіцыйнай закупачнай дакументацыі, былі вырабленыя або адгружаныя з нашых прадпрыемстваў. Мы пацвярджаем, што FAULHABER разарвала ўсе дзелавыя адносіны з Беларуссю і Расеяй у дзень поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, г.зн. яшчэ да таго, як былі ўведзеныя санкцыі і гэта стала заканадаўчым патрабаваннем. Кампанія FAULHABER строга сочыць за выкананнем усіх патрабаванняў заканадаўства. Мы таксама можам пацвердзіць, што не пастаўлялі ніякіх рухавікоў кампаніям, згаданым у артыкуле і ў афіцыйнай закупачнай дакументацыі. Кітайская кампанія, пазначаная ў афіцыйнай закупачнай дакументацыі і ў артыкуле, не з'яўляецца дзелавым партнёрам FAULHABER. Такім чынам, паміж Hebei Nanuo Alloy Material Co. і FAULHABER не існуе ніякіх дзелавых адносінаў.

Апроч таго, нумары дэталяў у дачыненні да нашай прадукцыі з'яўляюцца няпоўнымі. Нумары дэталяў, хутчэй за ўсё, утрымліваюць адсыланні на іншыя кампаніі, арганізацыі або коды нумарацыі дэталяў, такія як Orbitran. Падчас онлайн-расследавання было выяўлена, што Orbitron мог быць вытворцам прыладаў для ўзважвання і вымярэння вагі. Аднак мы не можам з упэўненасцю сцвярджаць дакладнасць гэтых адсыланняў. Такім чынам, няма ніякіх доказаў таго, што прадукцыя, пазначаная ў афіцыйнай закупачнай дакументацыі, была вырабленая і адгружаная з прадпрыемстваў FAULHABER.

Якім чынам Faulhaber кантралюе свой ланцужок паставак, каб перадухіліць патэнцыйную перапродаж прадукцыі трэцім асобам у Беларусь?

Мы строга выконваем правілы экспарту і санкцыі, якія дзейнічаюць у Нямеччыне, ЕЗ, Швейцарыі і ЗША ў дачыненні да краінаў, якія знаходзяцца пад санкцыямі. З мэтай забеспячэння адпаведнасці экспартным патрабаванням, мы выкарыстоўваем камп'ютарнае праграмнае забеспячэнне. Дзякуючы гэтаму мы ўпэўненыя ў тым, што своечасова атрымліваем інфармацыю пра змены ў экспартным заканадаўстве і санкцыйных правілах, якія ўжываюцца да кампаніяў, урадаў ці краінаў, якія трапілі пад санкцыі. Акрамя гэтага, мы перыядычна звяртаемся ў экспартныя органы Нямеччыны (BAFA) і Швейцарыі (SECO), каб пераканацца ў прытрымліванні законаў і правілаў, якія выкарыстоўваюцца пры пастаўках на няўстойлівыя рынкі. Апроч гэтага, у рамках нашых умоваў паставак мы звяртаем увагу кліентаў на неабходнасць захавання экспартных правілаў і палажэнняў аб санкцыях. У выпадку выяўлення неадпаведнасці мы б неадкладна спынілі з імі дзелавыя адносіны. Мы таксама замацавалі гэтыя палажэнні ў нашым публічна даступным кодэксе дзелавой этыкі. З ім можна азнаёміцца па спасылцы.

Звярніце ўвагу, што як кампанія мы можам толькі ў абавязковым парадку ўказаць нашым непасрэдным кліентам на функцыянальнае прызначэнне нашай прадукцыі. Да прыкладу, мы вызначаем і дакументуем функцыянальнае прызначэнне прадукцыі ў той меры, у якой гэта патрабуецца ў рамках заканадаўства для канкрэтных рынкаў або прадуктаў. Мы не маем магчымасці і паўнамоцтваў кантраляваць або перашкаджаць кліентам нашых кліентаў (напрыклад, асобным людзям або кампаніям) здабываць дэталі з іншых прыладаў і аднаўляць або перапрадаваць іх пад выглядам новых ці незаконна экспартаваць іх у краіны або арганізацыі, якія знаходзяцца пад санкцыямі. Пры гэтым падобныя паводзіны могуць кваліфікавацца як крымінальнае злачынства або незаконнае парушэнне міжнародных санкцыяў. Мы ніякім чынам не падтрымліваем падобныя дзеянні і ніколі не будзем іх дапускаць.

Ці дапускае Faulhaber магчымасць таго, што гэтыя прадукты былі набытыя праз каналы шэрага рынку або паралельны імпарт?

Калі, спасылаючыся на «шэры рынак», вы маеце на ўвазе магчымасць таго, што нашыя прадукты могуць быць аддзеленыя ад іншых прадуктаў, перасабраныя, перапрафіляваныя або перапрададзеныя, або набытыя як старыя запасы ў кампаніяў, якія збанкрутавалі або спынілі сваё існаванне, і пасля перапрададзеныя або набытыя ў фізічных асобаў на такіх сайтах, як eBay, Alibaba або іншых, і пасля перапрададзеныя, то адказ: так, гэта цалкам магчыма. Аднак, як было пазначана вышэй, мы не можам пацвердзіць, што гэта сапраўды прадукцыя FAULHABER, і, калі гэта так, мы не ведаем, ці была гэтая прадукцыя дастаўленая ў Беларусь і якім чынам.

Мы будзем удзячныя, калі вы паведаміце нам аб ходзе і выніках вашага ўнутранага расследавання.

Паколькі нумары дэталяў не нашыя і ўтрымліваюць толькі частковыя спасылкі на нашыя коды прадуктаў, мы не можам праводзіць якія-небудзь дадатковыя расследаванні па гэтым пытанні. Калі гэтыя прадукты сапраўды з'яўляюцца прадуктамі нашай вытворчасці і нейкім чынам былі імпартаваныя ў Беларусь без нашага ведама або дазволу, то часткова названыя лічбы, відаць, сведчаць аб тым, што некаторыя з гэтых прадуктаў былі вырабленыя не менш за пяць-дзесяць гадоў таму і маглі быць вынятыя з іншых прыладаў, перапрададзеныя і экспартаваныя ў Беларусь. Прадукцыя была вырабленая задоўга да ўвядзення санкцыяў у дачыненні да Беларусі.

Далейшае расследаванне гэтага пытання стане магчымым толькі пасля атрымання аднаго або некалькіх з гэтых прадуктаў для праверкі іх сапраўднасці і больш дакладнай ацэнкі таго, дзе і калі яны былі зробленыя або прададзеныя. Мы не будзем узаемадзейнічаць з Беларуссю ці якімі-небудзь асобамі або кампаніямі ў Беларусі з мэтай запыту дадатковай інфармацыі.

Паколькі вышэйпрыведзеныя факты адназначна сведчаць аб адсутнасці абыходу санкцыяў з боку FAULHABER, мы просім вас выдаліць спасылку на FAULHABER з вашага артыкулу. З гэтай жа прычыны неабходна выправіць наступны сказ: «Яшчэ адным прыкладам абыходу санкцыяў, выяўленым журналістамі БРЦ, стала закупка міні электрарухавікоў вытворчасці нямецкай кампаніі Faulhaber Group». Дадзены сказ з'яўляецца непраўдзівым і ўводзіць у зман. Ён паказвае на тое, што кампанія FAULHABER наўпрост датычная да абыходу санкцыяў, што не мае месца быць у рэчаіснасці.

Пасля публікацыі вашага артыкулу іншыя СМІ, такія як The Moscow Times і United24 Media, згадалі FAULHABER яшчэ больш адкрыта ў кантэксце абыходу санкцыяў, спаслаўшыся на ваш артыкул. Гэтыя беспадстаўныя абвінавачванні наўпрост выкліканыя вашым артыкулам, які ўводзіць у зман, і зараз мы абавязаныя пераканацца, што іншыя сродкі масавай інфармацыі не пачалі спасылацца на гэтыя непраўдзівыя сцверджанні, тым самым пагаршаючы прававыя парушэнні ў дачыненні да нашай кампаніі.

Нарэшце, мы просім вас апублікаваць гэты ліст, г.зн. нашую афіцыйную пазіцыю ў дачыненні да гэтага абвінавачвання, як частку вашага артыкулу.

Калі ў вас узнікнуць якія-небудзь пытанні, калі ласка, звяртайцеся да нас у любы час. [*] [*] [*]

Прадстаўніца Carl Zeiss AG таксама папрасіла БРЦ змяніць матэрыял, заявіўшы, што кампанія не пастаўляе мікраскопы «Інтэгралу» і не ўдзельнічае ў абыходзе санкцыяў. У лісце ад 10 лютага 2025 года ўдакладняецца, што вытворчасць мадэлі Axiotron, якая згадваецца ў расследаванні, спынілі ў 1997 годзе, а ў 2003 годзе кампанія прадала бізнес па вытворчасці мікраскопаў для праверкі паўправадніковых пласцінаў. Пры гэтым у матэрыяле БРЦ не сцвярджаецца, што Carl Zeiss AG цяпер пастаўляе што-небудзь «Інтэгралу» або абыходзіць санкцыі. Мы распавядаем, што беларускае прадпрыемства працягвае выкарыстоўваць заходняе абсталяванне, уключаючы мікраскопы Axiotron.

​​У кампаніі падкрэслілі, што цалкам выконваюць санкцыі ЕЗ, Вялікай Брытаніі і ЗША ў дачыненні да Расеі і Беларусі.

Публікуем тэкст ліста Carl Zeiss AG цалкам:

У вашым артыкуле за аўтарствам Святланы Яцковай пад назвай «Смяротныя мікрасхемы. Як “Інтэграл” абыходзіць санкцыі і дапамагае Расеі ў вайне», апублікаванай на вашым сайце ў раздзеле «Расследаванні» 28 студзеня 2025 года, Carl Zeiss AG згадваецца ў якасці пастаўшчыка беларускаму прадпрыемству «Інтэграл» мікраскопаў Axiotron, якія выкарыстоўваюцца для кантролю якасці мікрасхемаў. Адпаведная прылада дэманструецца ў згаданым тэлерэпартажы аб «Інтэграле». Далей у вашым артыкуле адзначаецца, што «Інтэграл» вырабляе прадукцыю на заходнім абсталяванні. Праца гэтага абсталявання залежыць ад рэгулярных паставак заходняй сыравіны і камплектуючых, без якіх ягонае выкарыстанне не ўяўляецца магчымым. Санкцыі забараняюць продаж заходняй сыравіны і камплектуючых у Беларусь.

Такім чынам, у кантэксце вашай публікацыі мяркуецца, што ZEISS пастаўляе прадпрыемству «Інтэграл» найноўшыя мікраскопы і садзейнічае абыходу санкцыяў.

У рэчаіснасці, ZEISS не праводзіць ніякіх паставак «Інтэгралу». Вытворчасць мікраскопу Axiotron, паказанага ў тэлерэпартажы, была спыненая ў 1997 годзе. ZEISS прадала свой бізнес па вытворчасці мікраскопаў, прыдатных для праверкі пласцінаў, яшчэ ў 2003 годзе. Наяўнасць прылады 1990-х гадоў выпуску ў беларускай кампаніі ў 2024 годзе не апраўдвае абвінавачванне ў незахаванні санкцыйнай палітыкі, зацверджанай у апошнія гады.

ZEISS цалкам выконвае ўсе ўмовы санкцыяў, уведзеных Еўразвязам, Вялікай Брытаніяй і ЗША ў дачыненні да Расеі і Беларусі. Адразу пасля пачатку вайны ва Украіне стратэгічнае бізнес-падраздзяленне Research Microscopy Solutions (RMS) спыніла ўсялякія пастаўкі ў Расею і Беларусь. ZEISS таксама падпісала дадатковыя пагадненні, якія патрабуюць ад сваіх дзелавых партнёраў захавання гэтых санкцыяў, і рэгулярна пераглядае іх.

Мы просім Вас прыняць карэктуючыя захады ў адпаведнасці з рэдакцыйнай палітыкай, апублікаванай на вашым ўэб-сайце. Мы таксама былі б удзячныя за прапанову пракаментаваць сітуацыю да публікацыі артыкула.

Абнаўленне 18.02.2025:

  1. дададзены першы адказ Faulhaber ад 27.01.2025 на запыт БРЦ;
  2. дададзена ўдакладненне аб тым, што інфармацыя аб закупцы «Інтэгралам» міні-электрарухавікоў у траўні 2024 года была атрымана з дакументацыі, якая размешчана ў інфармацыйнай сістэме «Тэндары» (icetrade.by).

Іншыя Навіны