Навіны

07 снежня 2023

«Гаманец» Лукашэнкі Шакуцін трапіў пад санкцыі ЗША. Незадоўга да гэтага адна з яго структур пагражала БРЦ судом

Раней мы апублікавалі расследаванні пра тое, як уладальнік «Амкадора» Аляксандр Шакуцін працягвае гандляваць у Расеі і Беларусі тэхнікай з санкцыйнымі камплектуючымі.

Крыніца: Sputnik
У аўторак, 5 снежня, Упраўленне кантролю за замежнымі актывамі (OFAC) Міністэрства фінансаў ЗША ўнесла ў санкцыйны спіс Аляксандра Шакуціна і ААТ«Амкадор». Фармулёўкі ў пастанове OFAC кажуць пра тое, што абмежаванні ў дачыненні да бізнесмена ўвялі пасля публікацыі матэрыялаў БРЦ. У дакуменце напісана, што Шакуцін быў «адным з яго [Лукашэнкі] "кашалькоў"», «у 2020 годзе Шакуцін адкрыта падтрымаў Лукашэнку пасля фальсіфікацыі выбараў», «рэгулярна парушаў забарону на пастаўку абсталявання ў Беларусь і Расею» і г.д. 

Беларускі расследавальніцкі цэнтр 13 верасня і 18 кастрычніка апублікаваў расследаванні пра тое, як уладальнік «Амкадора» Аляксандр Шакуцін працягвае гандляваць у Расеі і Беларусі тэхнікай з санкцыйнымі камплектуючымі і зарабляе дзякуючы эмбарга ЕЗ і ЗША: «Бульдозерам па санкцыях. Як уладальнік “Амкадора”  Аляксандр Шакуцін зарабляе насуперак і дзякуючы эмбарга» , «Шакуцін vs санкцыі. Як з Беларусі і Расеі вытворцы сышлі, а тэхніка засталася». 

Актывы людзей і кампаній, якія падпадаюць пад санкцыі, а таксама арганізацый, якія на 50% і больш належаць ім, могуць заблакаваць, калі яны знаходзяцца на тэрыторыі ЗША. А праз супрацу з унесенымі ў спіс структурамі ёсць верагоднасць апынуцца пад другаснымі санкцыямі.

За 15 дзён да ўключэння Шакуціна ў санкцыйны спіс БРЦ прыйшоў ліст ад адной са структур бізнесоўца. У ім ад нас патрабавалі прыбраць з інтэрнэт-пляцовак усе матэрыялы пра бізнесмена і яго кампаніі пад пагрозай судовага пазову. 

Такія паведамленні журналісты БРЦ атрымліваюць не ўпершыню. 

Спраўляцца з такімі сітуацыямі журналістам-расследвальнікам дапамагае Reporters Shield — гэта праграма, якая абараняе расследавальнікаў па ўсім свеце ад юрыдычных пагроз, з дапамогай якіх «героі» артыкулаў спрабуюць схаваць праўду ад грамадскасці. 

Калі ў вас ёсць жаданне і магчымасць дапамагчы нам аплачваць членскія ўзносы ў Reporters Shield, вы можаце гэта зрабіць, напрыклад, тут. Сяброўскі ўзнос складае $2500 у год.

Крыніца: Sputnik
Крыніца: Sputnik

Іншыя Навіны