Беларускі расследавальніцкі цэнтр 13 верасня і 18 кастрычніка апублікаваў расследаванні пра тое, як уладальнік «Амкадора» Аляксандр Шакуцін працягвае гандляваць у Расеі і Беларусі тэхнікай з санкцыйнымі камплектуючымі і зарабляе дзякуючы эмбарга ЕЗ і ЗША: «Бульдозерам па санкцыях. Як уладальнік “Амкадора” Аляксандр Шакуцін зарабляе насуперак і дзякуючы эмбарга» , «Шакуцін vs санкцыі. Як з Беларусі і Расеі вытворцы сышлі, а тэхніка засталася».
Актывы людзей і кампаній, якія падпадаюць пад санкцыі, а таксама арганізацый, якія на 50% і больш належаць ім, могуць заблакаваць, калі яны знаходзяцца на тэрыторыі ЗША. А праз супрацу з унесенымі ў спіс структурамі ёсць верагоднасць апынуцца пад другаснымі санкцыямі.
За 15 дзён да ўключэння Шакуціна ў санкцыйны спіс БРЦ прыйшоў ліст ад адной са структур бізнесоўца. У ім ад нас патрабавалі прыбраць з інтэрнэт-пляцовак усе матэрыялы пра бізнесмена і яго кампаніі пад пагрозай судовага пазову.
Такія паведамленні журналісты БРЦ атрымліваюць не ўпершыню.
Спраўляцца з такімі сітуацыямі журналістам-расследвальнікам дапамагае Reporters Shield — гэта праграма, якая абараняе расследавальнікаў па ўсім свеце ад юрыдычных пагроз, з дапамогай якіх «героі» артыкулаў спрабуюць схаваць праўду ад грамадскасці.
Калі ў вас ёсць жаданне і магчымасць дапамагчы нам аплачваць членскія ўзносы ў Reporters Shield, вы можаце гэта зрабіць, напрыклад, тут. Сяброўскі ўзнос складае $2500 у год.