Антыфэйк / фактчэк

29 снежня 2023

Фэйкі 2023 года: топ-3 людзей і медыяў ад каманды Weekly Top Fake

У пераднавагоднім выпуску каманда Weekly Top Fake склала рэйтынг самых гучных маніпуляцый і фальсіфікацыяў у розных медыях па выніках 2023 года.

Аўтары:
Рэдактары:
Крыніца: БелТА / Аляксей Аўдонін
Крыніца: grodnonews.by / Іван Эйсмант
Крыніца: ont.by / Рыгор Азаронак

ТОП-3 персон, якіх мы найчасцей лавілі на няпраўдзе ў 2023 годзе

Трэцяе месца — Аляксей Аўдонін

У верасні аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў у эфіры «Альфа Радыё» заявіў, што польскі канцлагер у Бярозе-Картузскай быў першым у Еўропе.

«На тэрыторыі Беларусі, У Берасцейскім рэгіёне з'явіўся першы канцлагер на тэрыторыі Еўропы, яшчэ да канцлагераў фашысцкай Нямеччыны. Ён быў арганізаваны ў Картуз-Бярозе, або Бяроза-Картузская, па-рознаму называлася. Але менавіта там рэжым Пілсудскага арганізаваў першы канцлагер супраць палітычных вязняў, у якім адбывалі пакаранне тыя, хто вёў падпольную сваю барацьбу і праходзіў па працэсе 133-х», — распавёў ён.

Канцлагер Бяроза-Картузская стварылі ў чэрвені 1934 года. На той момант у Дахаў ўжо год існаваў першы нацысцкі лагер.

У кастрычніку Аўдонін распавёў у эфіры «Альфа радыё», што чэмпіянат па колцы дроў у Беларусі праводзіцца, каб дапамагчы палякам у барацьбе з «марозным генацыдам».

«Мы пачалі калоць дровы, каб дапамагчы ім. Мы прывозім гэтыя дровы на мяжу і грамадзяне, бо ў нас дзейнічае бязвіз, грамадзяне суседніх дзяржаў могуць прыехаць узяць гэтыя дровушкі і назапасіцца перад зімой. < ... > Мы бачым, што мерапрыемства маштабуецца. Таму дапамога нашым суседзям будзе яшчэ больш», — заявіў ён. 

Насечаныя на чэмпіянаце дровы палякам не дасталіся. Іх атрымалі пенсіянеры з Менскага раёну.

Другое месца — Іван Эйсмант

Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі ў эфіры «Беларусь 1» у студзені распавёў, што заявы Лукашэнкі аб вяртанні беларусаў, якія вымушана пакінулі радзіму, парвалі рэйтынгі гугла. 

«Я вам хачу сказаць, што жадаючыя ёсць, таму што Google Trends кажа пра тое, што заяву Лукашэнкі аб вяртанні збеглых парвалі ўсе рэйтынгі. Паводле статыстыкі Google Trends — не нашай, а Google Trends амерыканскі — па пошукавым запыце "Лукашэнка" фіксуецца ў суседніх краінах проста шалёны серфінг. У Польшчы, Літве і Украіне на піку пошукавых запытаў цікавасць да гэтай тэмы была абсалютнай — 100%. Гэта значыць, што ўсе пошукавыя запыты ў гугле з гэтай краіны ў гэты момант былі толькі пра Лукашэнку», — заявіў ён. 

У гэты дзень надвор'ем у гугле цікавіліся значна больш, чым Лукашэнкам. Як, зрэшты, і ў іншыя дні.

У кастрычніку Эйсмант распавёў, што продкі дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена беглі з Украіны ў ЗША, ратуючыся ад бандэраўцаў.

«Па іроніі лёсу, ніколі я пра гэта не ведаў, я так разумею, для ўсіх гэта стала адкрыццём, што Блінкен калісьці, які цяпер падтрымлівае бандэраўцаў, яго дзед і прадзед уцякалі ад гэтых самых бандэраўцаў, каб яны іх віламі не закалолі. Вось, што дзеецца», — заявіў ён.

Продкі Блінкена пераехалі ў ЗША ў 1904 годзе. Бандэраўцаў тады не існавала — Сцяпан Бандэра нарадзіўся ў 1909 годзе.

Першае месца — Рыгор Азаронак

Вядоўца «Азаронак. Наўпрост» у кастрычніку абвінаваціў былога ўкраінскага міністра абароны Аляксея Рэзнікава ў куплі дому ў Францыі за €7 млн.

«А цяпер былы ўжо міністр абароны выхваляецца. Нельга яго называць ні міністрам, ні абароны, наогул нікім, — гэта чарвяк. Выхваляецца, што дачушцы сваёй купіў асабняк, на які ён павінен — ужо падлічылі — калі б працаваў на свой заробак, павінен 230 гадоў працаваць», — заявіў ён.

Віла, пра якую казаў Азаронак, на момант яго выказвання знаходзілася ў продажы. Абвестка пра гэта была апублікаваная на сайце Christie's International Real Estate. У самім агенцтве нерухомасці на запыт Weekly Top Fake адказалі, што інфармацыя пра куплю дачкой Аляксея Рэзнікава гэтай вілы з'яўляецца фэйкавай.

У лістападзе Рыгор Азаронак сцвярджаў, што зубное пратэзаванне ў Беларусі бясплатнае.

— У Нямеччыне ўставіць два імпланты, зубы, 1500 еўраў. Хочаш — стаў, хочаш — так жуй, — зачытаў ён каментар аднаго з гледачоў.

— Прыязджайце ў Беларусь, у нас танней імпланты, — прапанавала госця праграмы, вядоўца тэлеканалу «Беларусь 1» Ксенія Лебедзева.

— Беларусь — так. Так калі ў дзяржаўнай клініцы — бясплатна можна, — заявіў Азаронак.

Імплантацыя (ужыўленне ў дзясну штучнага аналага кораня зуба) робіцца ў Беларусі толькі на платнай аснове. Яе кошт складае ад €550 да €800 за зуб.

Таксама Азаронак казаў, што, у адрозненні ад фашыстаў, нікога не аб'яўляе ворагамі.

«Фашызм, нацызм грунтуецца на тым, што ёсць ворагі нейкія. Яны абвяшчаюцца: ці ўнутраныя ворагі — габрэі ці нехта яшчэ, ці вонкавыя — палякі, эстонцы ці нехта яшчэ. Мы нікога ворагамі не абвяшчаем», — заявіў ён 19 снежня.

Раней пра тое, што ў Беларусі шмат ворагаў, вядоўца казаў шматкроць.

«Ніякага патайнага ўжо няма, ідзі і глядзі. І знішчыць ворагаў. Паглядзіце на заходнюю сволач», — казаў ён 19 лютага.

У гутарцы з палітолагам Пятром Пятроўскім 25 ліпеня ён назваў ворагамі народу ўсіх людзей ліберальных поглядаў.

— Вы лібералы. І ваша нацыянальнасць лібералізм. Вы здраднікі Радзімы. Усё, — сказаў Пятроўскі.

 — Ворагі народу, абсалютна правільна, — пагадзіўся Азаронак.

Пра інтрыгі ворагаў Азаронак казаў і пасля сваёй заявы пра тое, што гэта ўласціва нацыстам, але не цяперашнім беларускім уладам.

«Даносчыкі, стукачы, педэрасты, ліберасты — гэта вось такія, якія цяпер жывуць ва Украіне, у Польшчы, Літве, ворагі народа, не грамадзяне Рэспублікі Беларусь», — заявіў ён 20 снежня.

ТОП-3 несумленных медыя 2023 года

Трэцяе месца — «ЖС Прэміум»

У лютым тэлеграм-канал «ЖС Прэміум» распавёў, што былы прэм'ер-міністр Латвіі, а цяпер пенсіянер Віліс Крыштопанс мерзне ў сваёй кватэры і плаціць за камуналку €1400 у месяц. Але змаўчаў, што плошча дому латвійскага экс-прэм'ера складае 1524 кв. м. 

У верасні «ЖС Прэміум» размясціў нібыта сумесную фатаграфію прэм'ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна з амерыканскім мільярдэрам-філантропам Джорджам Сорасам. На арыгінале гэтага здымку Сорас сфатаграфаваны з прэм'ер-міністрам Паўночнай Македоніі Заранам Заевым у кулуарах Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе ў 2019 годзе.

Другое месца — АНТ

У студзені на тэлеканале АНТ паведамілі, што Беларусь стала 62-й у сусветным інавацыйным рэйтынгу:

«Айчынная навука і інавацыйная практыка займаюць годнае месца ў сусветных рэйтынгах. У прыватнасці, я адзначыў бы толькі адзін паказнік — гэта індэкс Глабальнага інавацыйнага развіцця. Па выніку 2021 года Беларусь заняла годнае 62 месца сярод 132 краін свету», — распавёў эканамічны аналітык, вядоўца рубрыкі «Пункт гледжання» Георгій Грыц.

На момант выхаду перадачы гэта былі неактуальныя дадзеныя. Паводле рэйтынгу за 2022 год, апублікаванага ў кастрычніку, Беларусь была на 77-м месцы. 

У верасні АНТ перабольшыў выдаткі нямецкага міністра замежных спраў на прыгажосць:

«Аналена Бербок. Якая, як паведамляюць нямецкія медыі, на паслугі візажыстаў і стылістаў штодня выдаткоўвае 9 тысяч еўра з бюджэту. Гэта значыць, гэта грошы нямецкіх падаткаплацельшчыкаў».

На АНТ працытавалі інфармацыю падробленага сайту нямецкага выдання Bild. Сапраўдны Bild пісаў пра выдаткі ў €9 тысяч у месяц, а не ў дзень.

Першае месца — «Беларусь 1»

У сакавіку на тэлеканале «Беларусь 1» распавялі, як украінскія ветэраны абураныя зносам помнікаў.

«Я ж ваяваў, я ж у крыві ляжаў... Руку адарвала, дзве дзіркі ў галаве... Нага... За што ж я ваяваў, скажы, таварыш палкоўнік?!» — кажа ў сюжэце пажылы мужчына на мыліцах.

Відэа было знята ў 2014 годзе. Ветэран на ім скардзіцца не на знос помнікаў, а на тое, што дзяржава не дала яму кватэру.

У чэрвені на «Беларусь 1» распавялі пра тое, што брытанцы абурыліся ўручэннем Святлане Ціханоўскай прэміі Тыпэрэры — адной з самых прэстыжных узнагарод у Еўропе, якую ўручаюць палітыкам і чыноўнікам за ўклад у справу міру і прасоўвання правоў чалавека.

«Усё гэта цемрашальства так бы і засталося б фотачкамі для справаздач грантадаўцам, дробная прэмія. Калі б не адзін нюанс. Гэта страшна абурыла простых жыхароў Вялікай Брытаніі і рускамоўных карыстальнікаў сацсетак», — паведаміла вядоўца, дэманструючы скрыншоты крытычных каментароў.

Усе каментатары, якія крытыкуюць узнагароджанне Ціханоўскай, стварылі акаўнты толькі ў траўні 2023 года. Гэтыя профілі ні на каго не падпісаныя, у іх няма фолавераў.

У жніўні тэлеканал распавёў, што ў кітайцаў Беларусь — адзін з любімых кірункаў для падарожжаў.

«Прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў з Паднябёснай усё часцей наведваюць Беларусь. Перспектывы для супрацы не маюць ніякіх абмежаванняў. Наша краіна ўваходзіць у топ пераваг для турыстаў з Кітая», — гаворыцца ў сюжэце. 

Сярод папулярных пошукавых запытаў кітайцаў пры планаванні падарожжаў Беларусь не згадваецца

У снежні на «Беларусь 1» паведамілі, што эканоміка ЗША падае, а Беларусі — расце.

«Гэта мы апынуліся ў ізаляцыі. Гэта наша эканоміка ў руінах. А вось эфектыўны стратэг ваш прэзідэнт...» — заявіў у «Клубе рэдактараў» амерыканскі палітолаг Стыў Самарын.

ВУП Беларусі за першыя дзевяць месяцаў 2023 года вырас на 3,5%. Па выніках 2022 года было скарачэнне на 4,7%. Гэта значыць эканоміка Беларусі яшчэ не аднавілася пасля леташняга падзення. 

Эканоміка ЗША расце трэці год запар. Чакаецца, што па выніках 2023 года рост складзе 2,6%.