Антыфэйк / фактчэк

15 сакавіка 2023

Фэйкі тыдня: Выпуск Geely дазволіў Беларусі пазбавіцца імпарту з Еўропы

У 2022 годзе ў Беларусі прадалі ўсяго 4,5 тысячы легкавых аўтамабіляў маркі Geely.

Аўтары:
Рэдактары:
Пасля паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў Пекін беларускія дзяржСМІ назвалі гэты візіт гістарычным і пачалі расказваць аб эканамічных дасягненнях ва ўзаемаадносінах з Кітаем.

Напрыклад, Аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін на тэлеканале СТВ нават заявіў, што выпуск Geely дазволіў Беларусі пазбавіцца ад імпартных аўтамабіляў. 

«У нас пад Мінскам створана і наймагутнейшая вытворчасць па стварэнні аўтамабіляў, легкавых аўтамабіляў. І гэтыя аўтамабілі па сваім узроўні ўжо, не ўжо, а знаходзяцца на перадавых сусветных стандартаў. Гэта дазволіла нам фактычна пазбавіцца ад імпарту аўтамабіляў з той жа Еўропы».

Насамрэч гэта не так. У 2022 годзе ў Беларусі прадалі ўсяго 4,5 тысячы легкавых аўтамабіляў маркі Geely. Гэта пры тым, што ў краіну імпартавалі - як новых, так і патрыманых — каля 100 тысяч аўто. Такія звесткі агучвае Беларуская аўтамабільная асацыяцыя. Прычым, на дзель саміх дылераў даводзіцца ўсяго 15% ад гэтых машын. Усё астатняе прыгналі фізічныя асобы з-за межаў Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэта першы факт, які абвяргае Аўдоніна. 

Па-другое, апошнія пару гадоў наадварот ёсць трэнд на павелічэнне ўвозу аўтамабіляў фізічнымі асобамі з-за межаў Мытнага Саюза. Гэта значыць імпарт з Еўропы і ЗША расце. Аўтадылеры лічаць, што ўсяму віной указ, які дазволіў увозіць аўто інвалідам і шматдзетным з ільготамі па растаможцы. 

Дарэчы, у 21 годзе беларусы купілі крыху больш за 40 тысяч новых аўтамабіляў, з іх амаль 7,5 тысяч Geely. А ўсяго ў краіну было імпартавана амаль 115 тысяч легкавушак.

Плюс трэба ўлічваць, што завод «БелДжы» больш арыентаваны на расійскі рынак. З 25 тысяч аўтамабіляў, якія там вырабілі ў 22 годзе, 80% адышлі ў Расію.

Калі ацаніць рэтраспектыву, то імпарт аўтамабіляў з Еўропы ў Беларусь сапраўды зменьшыўся. Але яшчэ пасля 2011 гады. Гэта значыць запуск Geely тут зусім ні пры чым. Адбылося гэта пасля павышэння мытных пошлін на аўто ў 4-10 разоў, калі Беларусь ураўнавала іх з тарыфамі Мытнага саюза.

З таго часу імпарт аўто ішоў у асноўным з Расіі, дзе была наладжана вытворчасць асноўных еўрапейскіх брэндаў. Так што Geely так і не дапамагла Беларусі пазбавіцца імпарту.

Нямецкі рэстаран запусціў рэкламу антыўкраінскага зместу

У пачатку сакавіка канцлер Германіі Олаф Шольц наведаў ЗША, і на сустрэчы з Байдэнам заявіў, што будзе працягваць падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца. І літаральна на наступны дзень у беларускім тэлеграм-канале «Бярэзіна» з'явілася пост пра тое, як нямецкі рэстаран запусціў на ютубе рэкламу антыўкраінскага зместу. 

На апублікаваным відэа аніміраваная рука разбівае скарбонку ў выглядзе свінні з тварам Уладзіміра Зяленскага, а за кадрам чутны мужчынскі смех. Гэты ролік рэдактары «Бярэзіны»  падпісалі такімі словамі: 

«Бюргерам Фатэрлянда падабаецца таргетаваная рэклама з Зяленскім на нямецкім ютубе: "Мы стаміліся карміць гэтую свінню - пара рыхтаваць рульку!"» 

Мы звязаліся з гэтым рэстаранам і спыталі ці так гэта. Вось што нам адказаў Енс Густафсан, уладальнік рэстарана Kромбахер:

«Гэта не рэклама. Я лічу, што гэта прапаганда і цкаванне. Нехта нас выкарыстоўвае, каб агітаваць супраць Украіны, Зяленскага і гэтак далей. Гэта вельмі шкада. З таго часу мы атрымалі 8.000 паведамленняў з ненавісніцкім зместам».

Акрамя таго, рэстаран даслаў нам ліст, у якім паведаміў, што аб гэтай гісторыі ўжо заявілі ў паліцыю і расследаваннем будзе займацца Дзяржаўнае ўпраўленне крымінальнай паліцыі.

«Уся гісторыя зараз знаходзіцца ў крымінальнай паліцыі Берліна, якая, як кажуць, нават перадала яе ў Дзяржаўнае ўпраўленне крымінальнай паліцыі», гаворыцца ў лісце.

Палякі не жадаюць жыць у адных гатэлях з украінцамі 

Польскія СМІ нядаўна агучылі вынікі апытання грамадскай думкі, паводле якога палякі хоць і працягваюць добра ставіцца да ўкраінцаў і падтрымліваюць ваенную дапамогу для іх, але падобна, яны пачынаюць усё горш ставіцца да ўкраінскіх уцекачоў.

На фоне гэтага тэлеграм-канал «Невальфавіч» запусціў навіну аб тым, што цяпер палякі нават не жадаюць жыць у адных гатэлях з украінцамі.

«У польскіх гатэлях з'явілася дапапцыя - без украінцаў. 

Дарэчы, паслуга карыстаецца папулярнасцю. Але за гэта трэба даплачваць, і нямала. Пры гэтым, людзі згаджаюцца - лепш ужо даражэй, але без ныючых жабракоў "я з Украіны".

Змагарят даўно павысялялі ў пакоі 2х2, вось і да ўкраінцаў чарга дайшла». 

У доказ канал апублікаваў скрін з сайта пошуку гатэляў, дзе сярод дадатковых опцый можна знайсці гатэлі вольныя ад украінцаў.

Скрын, зразумела, адрэдагаваны ў фоташопе. Вось гэты польскі сайт прапаноў жылля для водпуску. Вось гэты спіс опцый. І там, дзе ў «Невольфавіча» прапісаны пункт пра ўкраінцаў, насамрэч напісана Piaskownica – гэта значыць, пясочніца.

Латвійская паліцыя нязгодных ізалюе ад грамадства

Да гадавіны пачатку вайны ў некаторых гарадах Еўропы на вуліцах былі выстаўленыя падбітыя ва Ўкраіне расійскія танкі - як сімвал супраць вайны. Грамадзяне, якія падтрымліваюць Расію, пачалі прыносіць да іх кветкі і пакідаць запіскі са словамі падтрымкі расейскім вайскоўцам.

У «Клубе рэдактараў» на «Беларусь-1» з гэтага зрабілі выснову, што 30-40% еўрапейцаў у гэтым канфлікце падтрымліваюць Расію, а Іван Эйсмант заявіў, што такіх непажаданых там ізалююць ад грамадства. 

«Паліцыя Латвіі актыўна правярае на лаяльнасць супрацоўнікаў, якія працуюць у паліцыі. Слухайце цытату кіраўніка дзяржпаліцыі, павінны ведаць яго - Арманд Рукс. «Не сакрэт, што ў паліцыі, як і ўсім грамадстве, працуюць і людзі славянскага паходжання, у якіх можа быць сямейная традыцыя, напрыклад, удзельнічаць у святкаванні 9 траўня. Іх трэба выявіць і ізаляваць ад грамадства».

Эйсмант працытаваў артыкул парталу навін «Голас Балтыі», але трохі дапрыдумаў таго, чаго там не было. Вось што пісала гэта СМІ:

«"Не сакрэт, што ў паліцыі, як і ва ўсім грамадстве, працуюць людзі славянскага паходжання, у якіх можа быць сямейная традыцыя, напрыклад, удзельнічаць у святкаванні 9 мая", — сказаў Рукс, расказаўшы пра нейкага паліцыянта, які звольніўся па ўласным жаданні. , назваўшы прычынай гэтага "нацызм у вышэйшым кіраўніцтве Дзяржпаліцыі"». 

Гэта значыць, фразу "Іх трэба выявіць і ізаляваць ад грамадства" кіраўнік паліцыі не казаў і СМІ такога не пісала. Гэта Эйсмант дадаў ад сябе. Больш за тое, шэф паліцыі наадварот сказаў, што пакуль ніводнага супрацоўніка не прыйшлося звальняць за падтрымку агрэсара. Гэта значыць, Іван Эйсмант проста схлусіў.

Палякі прызналі, што засылалі ў Беларусь экстрэмістаў

На мяжы паміж Польшчай і Беларуссю захоўваецца напружанасць пасля таго, як Варшава закрыла адзін з пагранпераходаў паміж дзвюма краінамі. Новы віток гэтай гісторыі адбыўся пасля таго, як беларускі суд асудзіў польскага журналіста Анджэя Пачобута на 8 гадоў турмы.

На гэтым фоне — на тэлеканале «Беларусь-1» выйшаў цікавы сюжэт. Там заявілі, што палякі нарэшце самі прызналі, што дасылалі ў Беларусь экстрэмістаў і лічаць іх арышты законнымі.

«Нечаканае прызнанне сапраўднага стану справаў ад польскіх СМІ. Myśl Polska, буйны грамадска-палітычны штотыднёвік, прызнаўся: Варшава стварала на тэрыторыі Беларусі экстрэмісцкія структуры. Пад шыльдай «грамадскіх арганізацый» яна здзяйсняе падрыўную дзейнасць супраць беларускай дзяржавы, кіруючы гэтымі структурамі з Варшавы і адтуль жа іх фінансуючы».

Далей у сюжэце запусцілі цытаты аўтара артыкула аб тым, што ў 2005 годзе Польшча стварыла на тэрыторыі Беларусі партызанскі рух, які ўзначаліла Анжаліка Борыс і «пачобуты, якія вялі тут падрыўную дзейнасць». 

Анжаліка Борыс — гэта старшыня непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў. Дакладней, спачатку Саюз быў прызнаны, але пасля таго, як у 2005 годзе яго кіраўніком абралі Барыс, Міністэрства юстыцыі не прызнала вынікі з'езда палякаў і АМАП проста захапіў Дом паляка ў Гродне. Неўзабаве пад наглядам уладаў там прайшоў новы з'езд палякаў, на якім выбралі лаяльнага да Аляксандра Лукашэнкі старшыню. Так і адбыўся раскол Саюза палякаў. 

Далей, як паведамляе Беларусь-1, польскія СМІ падтрымалі рэпрэсіі.

«Калі Лукашэнка кагосьці і пасадзіў у турму, то не апазіцыянераў, ён закрыў грамадзян Беларусі, якія калабруюць з замежнымі агентурамі, партызан, гатовых узброеным шляхам, як відаць па падрыхтоўцы, што ажыццяўляецца на тэрыторыі Польшчы, калі не атрымаецца інакш, здзейсніць дзяржаўны пераварот у Беларусі », — цытуе вядучая тэкст артыкула. 

А потым заключае: 

«З аднаго боку гэты сакрэт Полішынэля нікога не шакуе, але з іншага боку такія прызнанні з боку ПОЛЬСКІХ ДЗЯРЖАЎНЫХ СМІ - дзіўная справа».

Насамрэч, усё сказанае ў сюжэце - фэйк. Справа ў тым, што "Думка Польска" не з'яўляецца дзяржаўным СМІ. Больш за тое славацкія, чэшскія і польскія расследавальнікі высветлілі, што гэты сайт пастаўляе кантэнт для расійскага адыёзнага выдання NewsFront. 

Таксама варта звярнуць увагу на аўтара артыкула - Бажэну Гаворску-Аляксандравіч. Сцвярджаючы ўсё гэта, яна не спасылаецца ні на якія крыніцы ці афіцыйных асоб. То бок, усё напісанае ў артыкуле — гэта яе асабістая ацэнка Беларусі і дзейнасці Анжалікі Борыс у прыватнасці. На аватары ў сацсетках яна паставіла сабе на аватар геарыгіеўскую стужку і тэг #АдбудуемБудслаў, а хуткі сёрфінг у гугле нам падказаў, што Гаворска-Аляксандровіч жыла ў Беларусі і з'яўляецца актыўным і ганаровым членам афіцыйнага Саюза палякаў. То бок, таго самага, які падтрымліваў Лукашэнка і канкураваў за ўплыў з Саюзам палякаў Борыс. 

Атрымліваецца, што ўсе гэтыя «шакуючыя прызнанні» з'яўляюцца пазіцыяй не польскіх дзяржСМІ, а толькі меркаваннем сябра праўладнага Саюза палякаў Беларусі.