Расследаванні

14 лістапада 2022

Ценявыя консулы: навошта беларускія бізнесмены станавіліся дыпламатамі-добраахвотнікамі

Беларусь увайшла ў топ-20 краінаў з найбольшай колькасцю падазроных ганаровых консулаў

Гэты матэрыял падрыхтаваны ў межах міжнароднага праекту Shadow Diplomats.

  • Міжнародны кансорцыум журналістаў-расследавальнікаў ICIJ звярнуў увагу на супярэчлівую працу інстытута ганаровых консулаў. Ён складаецца з дыпламатаў-добраахвотнікаў, афіцыйная задача якіх – абарона замежных інтарэсаў у сваіх краінах. Аднак на практыцы ганаровыя консулы нярэдка выкарыстоўваюць свой статус для асабістага ўзбагачэння, ухілення ад праваахоўных органаў і прасоўвання палітычных планаў. З дадзеных пра такія злоўжыванні журналісты склалі праект Shadow Diplomats, ці «Ценявыя дыпламаты».
  • У выніковы спіс патрапілі 551 дзейных і былых ганаровых консулаў, якія замяшаныя ў скандалах або крымінальных справах. Над праектам ICIJ працавалі разам з незалежнай некамерцыйнай службай навінаў ProPublica і яшчэ 58 медыя-партнёрамі, сярод якіх і БРЦ.
  • Беларусь увайшла ў топ-20 краінаў з найбольшай колькасцю падазроных ганаровых консулаў. Сярод ніх – гаманцы Лукашэнкі і бізнесмены, якія зарабілі свае багацці на сувязях з рэжымам.

Праца ICIJ з БРЦ і іншымі партнёрамі паказала, што сістэму ганаровых консулаў дыскрэдытавалі прызначэнцы, якія злоўжывалі сваім статусам. Ён дапамагаў ім узбагачацца за кошт падаткаплатнікаў і ўхіляцца ад выканання законаў.

Царства ценяў

11 бізнесменаў у спісе Shadow Diplomats – дзейныя і былыя ганаровыя консулы ў Беларусі. Нашая краіна дзеліць з Індыяй 15-16 месца па колькасці ценявых дыпламатаў ва ўсім свеце. Лідэры рэйтынгу – Іспанія, ЗША, Расея і Германія, дзе падазроных ганаровых консулаў больш за 20. Аднак калі супаставіць гэтыя лічбы з насельніцтвам краін і тэрыторый, з якіх працуюць «ценявыя дыпламаты», то Беларусь выходзіць на 5 месца са 170.

Усе падазроныя консулы з беларускімі рэзідэнцыямі – бізнесмены, і многія – героі нашых папярэдніх расследаванняў. Рээкспарт санкцыйных тавараў, кантрабанда, незаконнае будаўніцтва, гандаль зброяй і продаж лекаў па завышаных коштах – вось няпоўны спіс справаў, у якіх замяшаныя гэтыя «ценявыя дыпламаты». Большасць з іх блізкія да рэжыму Лукашэнкі і з яго дапамогай маглі пракручваць угоды на шкоду беларускім падаткаплатнікам.

Гаманцы Лукашэнкі

У спісе «ценявых дыпламатаў» апынуўся часты герой нашых расследаванняў Сяргей Цяцерын – ганаровы консул Грузіі ў Беларусі. Пра яго у нас ёсць асобны матэрыял.

Фота: БелТА

Пад час працы над ім, мы даведаліся, што перапіска з Лукашэнкам дапамагала Цяцерыну вызваляцца ад некаторых падаткаў. Таксама з ухвалы Лукашэнкі ён атрымаў манаполію на апрацоўку пушніны для Белкаапсаюзу і пачаў займацца гэтым па завышаных коштах. Былі ў Цяцерына і міжнародныя праекты: ён удзельнічаў у шэрых схемах па рээкспарце кветак, садавіны і гародніны ў Расею.

У 2020 годзе Цяцерын прапанаваў беларускім уладам «эксперымент» па дэзінфекцыі транспарту на мяжы. Праект быў ухвалены, і кампанія Цяцерына «БелГлобалГарант» атрымала манаполію на яго рэалізацыю ў пункце пропуску «Нова Гута».

На пасадзе ганаровага консула Цяцерын быў не такі актыўны, як у бізнесе. Ягоным галоўным дасягненнем у гэтым напрамку можна назваць адкрыццё прадстаўніцтва Грузіі на малой радзіме Лукашэнкі, у Александрыі. Адбылося гэта ў 2019 годзе, а ўжо ў 2020-м кампанія Цяцерына «БелГлобалГарант» атрымала правы ўвозіць у Беларусь віна і каньякі, у тым ліку грузінскія.

Ёсць у спісе «ценявых консулаў» і былы памочнік Віктара Лукашэнкі – Аляксандр Зайцаў. 

Фота: Dynamo Brest (FCDB TV)

У Беларусі ён прадстаўляе інтарэсы Замбіі. Ганаровае консульства гэтай краіны адкрылася ў Менску ў жніўні 2020 года. За некалькі месяцаў да гэтага Замбія выказала зацікаўленасць у пастаўках беларускіх трактароў, а ў Зайцава якраз былі паспяховыя бізнес-праекты ў Афрыцы. Ягоная кампанія Sohra пастаўляла туды беларускую тэхніку, у тым ліку для здабычы алмазаў у 2017 годзе.

У нашых папярэдніх расследаваннях мы расказвалі пра ролю Зайцава ў шэрых пастаўках падсанкцыйных тавараў у Расею і іншых падазроных схемах, якія ён рэалізоўваў праз «Газ Венчурэ» – беларускую фірму з кіпрскімі акцыянерамі. Бізнесмен таксама звязаны з фірмай «Кідма тэк», якая пазіцыянавалася як дачка дзяржаўнага прадпрыемства «Белспецзнештэхніка». Яно займаецца экспартам зброі і вайсковай тэхнікі.

Таксама Зайцаў – саўладальнік лагістычнай фірмы «Брэміна Груп», якую Лукашэнка асабіста вызваліў ад большасці падаткаў. Не папаўняе беларускую казну і яшчэ адзін актыў Зайцава – Sohra Overseas, зарэгістраваны ў ААЭ, але які працуе і ў нашай краіне. Такім чынам, Зайцаў можа выводзіць недаплачаныя з дазволу Лукашэнкі беларускія падаткі ў Эміраты.

Тытунёвы магнат Павел Тапузідзіс – таксама ганаровы консул.

Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY

З 2015 года ён прадстаўляе ў Беларусі інтарэсы Грэцыі, а з 2021 — яшчэ і Румыніі. У нашай краіне ён вядомы як магнат цыгарэтнай прамысловасці. У адным з расследаванняў мы выкрылі яго бізнес у кантрабандзе. Высветлілася, што кампанія Тапузідзіса «Тытунь-Інвест» пастаўляла цыгарэты з Беларусі ў Расею, недаплачваючы пры гэтым акцызы ў беларускую казну. Па нашых падліках, гэтая схема дадала да даходаў Тапузідзіса каля паўтара мільёна долараў. Вывучыўшы гісторыю пералётаў гэтага бізнесмэна, мы таксама даведаліся, што ён – госць у сямейных адпачынках сям'і Лукашэнкі.

У спіс Shadow Diplomats патрапіў і кіраўнік «Амкадора» Аляксандр Шакуцін — ганаровы консул Бангладэш

Фота: https://minsk.gov.by/

Разам з сынам ён кантраляваў беларускія кампаніі «Лагекс» і «Эксімойл». Першая пастаўляла ў Расею кветкі, а другая вывозіла адтуль нафтапрадукты. Бізнесы выкрылі ў махінацыях пад прыкрыццём беларускіх уладаў. Ільготу для кветкавага бізнесу Шакуціна сваім указам стварыў Лукашэнка. У жніўні 2011 года ён вызваліў імпарцёраў ад выплаты ПДВ пры наступным вывазе гэтых тавараў з Беларусі. У Расеі ПДВ плаціць было трэба, таму пры пастаўках туды тавараў з Беларусі іх кошт у разы заніжаўся. Гэта дазваляла беларускім рээкспарцёрам эканоміць на падатках. З нафтай усё было яшчэ прасцей: Расея бяспошлінна пастаўляла цёмныя нафтапрадукты беларускім фірмам, сярод якіх быў «Эксімойл» Шакуціна, а тыя прадавалі іх далей. Гэтую схему Лукашэнка адстойваў асабіста.

Ёсць у Шакуціна інтарэсы і ў Бангладэш, ганаровым консулам якой ён з'яўляецца. У 2016 годзе холдынг «Амкадор» выканаў кантракт па пастаўках у гэтую краіну на 50 мільёнаў долараў, а ў 2020 дамовіўся аб новых пастаўках – ужо на 117 мільёнаў долараў. У 2021 годзе стала вядома пра новыя кантракты «Амкадора» з Бангладэш, але іх сума не выдаецца.

Дыпламатыя і бізнес

Аляксандр Зінгман – яшчэ адзін ганаровы консул з рэзідэнцыяй у Беларусі. 

Фото: https://ru.wikipedia.org/

Са студзеня 2019 года ён прадстаўляе Зімбабвэ, і сувязі з гэтай краінай у яго сапраўды моцныя. Прыкладна за год да прызначэння Зінгман заснаваў там кампанію па здабычы золата разам з Сяргеем Шэйманам, сынам Віктара Шэймана – правай рукі Аляксандра Лукашэнкі. У адным з нашых расследаванняў мы высветлілі, што права на разведку радовішча золата Зінгман і яго партнёр атрымаў менавіта дзякуючы Шэйману-старэйшаму. Ён пралабіраваў ідэю прыватнага праекту ўзамен на пастаўкі ў Зімбабвэ беларускай тэхнікі з дзяржпрадпрыемстваў.

Свой праект у Афрыцы Зінгман і Сяргей Шэйман вялі праз фірму Zim Goldfields, якая прыкладна за 9 месяцаў да прызначэння Зінгмана консулам якраз атрымала некалькі спецыяльных грантаў на здабычу золата ў Зімбабвэ.

Статус ганаровага консула дапамог і гендырэктару «Санта Імпэкс Брэст» Аляксандру Машэнскаму. 

Фота: probusiness.io. Фатограф – Дар’я Грашчанкова

Міжнародныя санкцыі пакуль абыходзяць яго бокам, але ў спіс «ценявых дыпламатаў» ён усё ж такі трапіў. Справа ў тым, што кангрэсмен Крыс Сміт заклікаў увесці персанальныя абмежаванні супраць Машэнскага за нібыта фінансавую падтрымку падаўленняў пратэстаў пасля беларускіх выбараў 2020 года. Накласці санкцыі, паводле чутак, збіраліся і ў ЕЗ. Але Машэнскага выратавала Ісландыя – краіна, ганаровым консулам якой ён і з'яўляецца. У адным з нашых наступных расследаванняў  мы падрабязней раскажам пра гэтага бізнесмена.

Намеснік дырэктара «Контэ Спа» і ганаровы консул Украіны Валянцін Байко таксама пакуль не станавіўся галоўным героем нашых матэрыялаў. Але, у адрозненне ад Машэнскага, пад санкцыі ён ужо патрапіў

 

Фота: https://www.sb.by/ Фатограф – Алег Жамойда

Канада ўвяла супраць яго абмежаванні за падтрымку Беларуссю расейскай агрэсіі ва Украіне. Прычынай таму – актыўная палітычная дзейнасць Байко: ён сенатар і чалец камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах. З гэтай жа нагоды ён патрапіў у спіс «ценявых дыпламатаў».

Галоўнае —  жаданне, а краіна знойдзецца

Строгіх крытэрыяў для прызначэння на пасаду ганаровага консула няма, таму вызначыць сувязь некаторых «ценявых дыпламатаў» з Беларусі з краінамі, якія яны прадстаўляюць, цяжка. Напрыклад, старшыня назіральнай рады банка «Рашэнне» Віктар Шаўцоў у нашай краіне адстойвае інтарэсы Філіпінаў

Фота: https://skalinkina.livejournal.com

Бізнес- і якіх-небудзь іншых інтарэсаў там мы ў яго не знайшлі. І ў спіс ICIJ Шаўцоў патрапіў праз кантакты з зусім іншым урадам.

У 2004 годзе Мінфін ЗША падазраваў банк «Рашэнне», які тады называўся «Інфабанк», у датычнасці да адмывання грошай для рэжыму Садама Хусэйна. Размова ішла аб сродках, якія тагачасныя іракскія ўлады нібыта атрымлівалі ў абмен на заключэнне кантрактаў па продажы іх нафты. Такім чынам, лічыць Мінфін ЗША, парушалася праграма ААН «Нафта ў абмен на прадукты харчавання». Шаўцоў у той час быў старшынёй праўлення «Інфабанку». У 2014 годзе Мінфін ЗША зняў абмежаванні з банка. 

У Беларусі да бізнесмена ўзніклі пытанні ў КДБ. У 2011 годзе яго падазравалі ў вывадзе 10 мільёнаў долараў з беларускіх будаўнічых праектаў у Венесуэле і абавязалі пакрыць шкоду. Ці вярнуў Шаўцоў грошы ў казну, невядома, але на волю выйшаў у 2012 годзе. Больш падрабязна аб гэтым бізнесмене мы раскажам у адным з нашых наступных расследаванняў.

Старшыня рады заснавальнікаў ЗАТ «ПАЦІО» Андрэй Балабін – ганаровы консул Чылі.

Фота: officelife.media

Сваё прызначэнне на гэтую пасаду ён назваў «дзвярамі пэўных новых магчымасцей», але не ўдакладніў, ці звязаныя гэтыя «магчымасці» з інтарэсамі Сант'яга. Нам пра сувязі Балабіна з Чылі невядома. Затое пра ягоную беларускую фірму «Лект» мы казалі ў адным з расследаванняў. Насуперак нормам закону, гэтая кампанія пабудавала шматпавярховы паркінг у Менску на Розы Люксембург. Дырэктарам «Лект»  быў чыноўнік з кіруючай пасадай у Мінархітэктуры.

Падазрэнні ў нашых калег з ICIJ выклікаў і паслужны спіс Балабіна: ён выпускнік Акадэміі кіравання пры прэзідэнце і былы супрацоўнік Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі. Сума гэтых фактараў і забяспечыла яму пападанне ў базу Shadow Diplomats.

Былыя консулы

Бізнесмен Упендра Махата ўжо не выконвае функцыі ганаровага консула Непала ў Беларусі.

Фота: mnsvmag.com

Аднак яго дзеянні на гэтай пасадзе не засталіся незаўважанымі. У Беларусі Махата займаўся будаўніцтвам. Напрыклад, узводзіў офісна-забаўляльны цэнтр Galileo каля Цэнтральнага аўтавакзалу ў Менску. Таксама разам з Аляксандрам Шакуціным гэты бізнесмэн за невялікія грошы прыватызаваў некалькі дзяржпрадпрыемстваў і ператварыў іх у холдынг «Амкадор».

На радзіме справы ў Махата складаліся не так добра: у 2012 годзе ён атрымаў абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Аднак гэта не замінала яму заставацца ганаровым консулам Непала ў Беларусі яшчэ некалькі год.

У спісе «ценявых дыпламатаў» з Беларусі апынуўся і Аляксей Сычоў – сузаснавальнік фармацэўтычных кампаній «Націвіта» і «ВітВар». 

 

Фота: probusiness.io

Свой статус ганаровага консула Славакіі ён ужо страціў, як і частку бізнесу на радзіме. Нашыя расследаванні паказалі, што Сычоў доўгі час займаўся фэйкавым імпартазамяшчэннем і такой жа фэйкавай вытворчасцю супрацьракавых лекаў. Пад час працы над тымі гісторыямі, мы высветлілі, што грошай, якія беларускія ўлады пераплацілі Сычову, хапіла б на выратаванне жыцця дзясяткаў дзяцей, хворых на СМА. Лячэнне гэтай смяротнай хваробы нескладанае, але дарагое. Беларусь, у адрозненне ад краін суседак, не аплочвае яго для сваіх грамадзян.

У 2019 годзе бізнесмена абвінавацілі ў дачы хабару, і ён, не з'явіўшыся ў суд, уцёк у Славакію.

Як правіла, прызначэнне ганаровым консулам звязана з бізнес-інтарэсамі канкрэтных людзей. «Той жа Шакуцін пастаўляў тэхніку ў Бангладэш. Адпаведна, яны праявілі да яго сустрэчную зацікаўленасць. Той жа Машэнскі прадстаўляе ў нас Ісландыю, дзе ён закупляе рыбу, а яна [Ісландыя] яго адбівае ад еўрапейскіх санкцый. Гэта такая лабісцкая канструкцыя, якая замыкаецца на саму персаналію ганаровага консула», – сказаў у каментары БРЦ былы высокапастаўлены беларускі дыпламат Уладзімір Астапенка.

Падобнага меркавання прытрымліваецца старшы даследчык Цэнтру новых ідэй, былы дыпламат Павел Мацукевіч. Паводле яго слоў, замежныя дзяржавы спрабуюць знайсці ў Беларусі на месца ганаровага консула прадстаўнікоў эліты, набліжанай да ўлады, каб лягчэй было вырашаць пытанні, звязаныя з прасоўваннем адносін. «Гэта можа быць палітыка, гэта можа быць эканоміка, гэта могуць быць бізнес-інтарэсы. Проста ў нас эліта з сумнеўнай рэпутацыяй», – сказаў Мацукевіч у каментары БРЦ.

Ганаровы консул у Беларусі

Гэта першая частка нашага матэрыялу ў межах міжнароднага праекту Shadow Diplomats. Пра гэтыя шэрыя бізнес-схемы мы ўжо расказвалі беларускай аўдыторыі. Цяпер жа пра блізкіх да Лукашэнкі дзялкоў даведаецца і сусветная грамадскасць.

Дзякуючы працы з замежнымі партнёрамі БРЦ раскрыў дзейнасць яшчэ аднаго «ценявага дыпламата». Гэта іншаземец, які прадстаўляе нашую краіну на еўрапейскай арэне. Пакуль ЕЗ уводзіў санкцыі, спрабуючы аслабіць рэжым Лукашэнкі, гэты бізнесмен нарошчваў гандаль з беларускім дзяржпрадпрыемствам, а затым выкарыстоўваў уплыў нашых дыпламатаў у асабістых мэтах.

Аўтар: Аляксей Гуліцкі. Рэдактары: Станіслаў Івашевіч, Вольга Ратмірава