Актуальная на 2020 год інфармацыя трапіла ў рукі амерыканскай некамерцыйнай арганізацыі C4ADS, якая вывучае міжнародныя злачынствы і канфлікты. Яна падзялілася звесткамі аб дубайскай нерухомасці з Беларускім расследавальніцкім цэнтрам. Калегі з OCCRP дапамагалі нам разабрацца з гэтымі матэрыяламі.
У дубайскай базе аказалася больш за 130 беларусаў. Яны валодаюць 220 абʼектамі нерухомасці на 60 мільёнаў долараў. На аснове дадзеных мы вылучылі пяць чалавек, блізкіх да беларускіх уладаў, якія атрымлівалі падтрымку ад Аляксандра Лукашэнкі і трапілі пад заходнія санкцыі альбо могуць быць замяшаныя ў сумнеўным бізнесе.
Дзмітрый Кірылаў
Бізнесовец Дзмітрый Кірылаў працаваў у беларускай кампаніі «Еўратарэкс», якая рабіла тканыя мяшкі для цукровых заводаў. Ён таксама быў дырэктарам «Беларускай цукровай кампаніі». Яе заснавалі ў Маскве чатыры беларускія цукровыя заводы для продажу сваёй прадукцыі на расейскім рынку.
У пачатку 2020 года Кірылава злавілі на хабарах. КДБ паведаміў, што затрымаў яго і дырэктараў чатырох цукровых заводаў. Іх абвінавачвалі ў махінацыях з пастаўкамі цукру і мяшкоў для яго. Гісторыя выклікала вялікі рэзананс і па іншых прычынах. Па распараджэнні Аляксандра Лукашэнкі ў небе развярнулі самалёт, каб затрымаць аднаго з фігурантаў справы, які знаходзіўся на борце. А страхаваў «цукровую мафію» былы намеснік начальніка ГУБАЗіК Уладзімір Ціхіня.
У жніўні 2020 года стала вядома, што Ціхіня выйшаў на волю. Яму змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе. А вось дырэктары цукровых заводаў атрымалі ад 11 да 13 гадоў калоніі. Дзмітрыя Кірылава пазбавілі волі на 7,5 гадоў.
У Дубай на бізнесоўца і яго былую жонку запісаная кватэра агульнай плошчай у 81 квадратны метр, якую ацэньваюць у 129 тысяч долараў. Апартаменты знаходзяцца ў недабудаваным жылым комплексе. Былая жонка Кірылава Кацярына сказала, што не мае ніякай інфармацыі наконт нерухомасці.
Вольга Мінец
У Беларусі Вольга Мінец больш вядомая як спявачка Алеся. Гэта дачка народнага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленкі. Разам яны выступалі ў «Сябрах». Ансамбль спяваў на сцэне не толькі «Гуляць дык гуляць» і «Польку беларускую». Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2006 года «Сябры» выступілі з песняй «Слухай бацьку!», якую расцанілі як агітацыю за Аляксандра Лукашэнку.
У 2011 годзе Алеся выйшла замуж за бізнесоўца Леаніда Мінца, які вярнуўся ў Беларусь і пачаў будаваць медыя-імперыю. На старце ён займаўся развіццём тэлеканалу «БелМузТВ», які цяпер цалкам запісаны на Вольгу Мінец.
Потым яны сталі беларускімі праваўладальнікамі забаўляльнага тэлеканалу «ТНТ International» і выкупілі яшчэ і палову тэлеканалу ВТВ. Акрамя таго, Мінцы заняліся продажам рэкламы не толькі на сваіх тэлеканалах, але і дзяржаўных, а таксама на некаторых радыёстанцыях. У гэтай нішы іх пазіцыі яшчэ больш узмацніліся пасля куплі ў 2015 годзе асноўнага канкурэнта – кампаніі «Відэа Інтэрнэшнл-Менск».
У 2018 годзе бізнесмены ацэньвалі сумарную аўдыторную долю каналаў, якія яны абслугоўвалі ў 82%. Наша крыніца кажа, што прабіцца на рынак рэкламы на ТБ без ведама адпаведных дзяржаўных органаў немагчыма. Партнёрам Мінцоў па дадзеным бізнесе стаў былы спартыўны функцыянер і бізнесовец Сяргей Цяцерын, які пабудаваў сваю дзелавую карʼеру за кошт сяброўства з Лукашэнкам.
У 2016-2018 гадах рэкламны рынак на ТБ ацэньваўся ў 35-40 мільёнаў долараў. Пры гэтым, як высветлілі мы з дапамогай OCCRP, частку прыбытку Мінцы выводзілі ў кіпрскі афшор праз кампанію «Rusat Satellite». З 2017 па 2020 год на рахунак гэтай фірмы з Беларусі паступіла больш за 3,5 мільёнаў еўра дывідэндаў.
Але 2019-2020 гады сталі пераломнымі для медыя-імперыі Мінцоў і Цяцерына. Дзяржтэлеканалы стварылі свайго дзяржаўнага прадаўца «Тэлевізійны рэкламны альянс», каб у тым ліку сысці ад пасярэднікаў пры продажы рэкламы на ТБ, і занялі 75% рынку. Мінцам засталіся дробязі, але яны не разгубіліся і сталі больш актыўна асвойваць продаж рэкламы ў інтэрнэце праз кампанію «Дзі Сэйл Ком».
Гэтая фірма зʼяўляецца эксклюзіўным партнёрам папулярных замежных онлайн-кінатэатраў «Megogo» і «Ivi», а таксама беларускіх парталаў Onliner, Kufar і іншых рэсурсаў.
Апошнім часам Алеся практычна не выступае і пражывае са сваім мужам на Кіпры. У Дубаі ў спявачкі і бізнес-лэдзі ёсць апартаменты з трыма спальнямі ў комплексе Marina Gate II на ўездзе ў Дубай з відам на Персідскую затоку. Агульная плошча – 168 квадратных метраў. Ацэначны кошт нерухомасці – 666 тысяч долараў.
Мы накіравалі запыт Вользе Мінец па электроннай пошце, але не атрымалі адказу.
Міхаіл Грабоўскі
Міхаіл Грабоўскі лічыцца самым выніковым беларускім гульцом у гісторыі Паўночнаамерыканскай Нацыянальнай хакейнай лігі. У 2016 годзе пасля чарговай траўмы Грабоўскі перастаў выходзіць на лёд, але афіцыйна завяршыў спартовую карʼеру праз тры гады, калі ўвайшоў у трэнерскі штаб менскага «Дынама». З тых часоў зорку НХЛ сталі бачыць у кампаніі з Лукашэнкам. Увосень 2019 года Грабоўскі ўпершыню выступіў за яго хакейную каманду, а неўзабаве дзеля фіналу аматарскага турніру пакінуў гульню менскага «Дынама», дзе быў асістэнтам галоўнага трэнера.
У нядаўнім інтэрв’ю БелТА Грабоўскі распавядаў, што па-ранейшаму гуляе ў камандзе Лукашэнкі, і расхвальваў ягоныя здольнасці. Раней Грабоўскі засвяціўся на адкрыцці скандальнага рэстарану «Лебядзіны» ў кампаніі з Лукашэнкам і падтрымліваў ягоную ідэю шыць хакейную форму ў калоніях. Прычына такой лаяльнасці, відаць, хаваецца ў адным зямельным скандале пяцігадовай даўніны. Грабоўскі купіў участак каля ракі Пціч. Са словаў суседзяў, вядомы хакеіст пачаў самавольна захопліваць агульную зямлю і агарадзіў яе сяміметровым плотам. Пасля праверкі дзяржорганы прадпісалі знесці плот і вызваліць гэтую тэрыторыю. Але ў выніку Лукашэнка падпісаў дакументы аб перадачы Грабоўскаму зямлі агульнага карыстання на 200 квадратных метраў, таму ўсе прэтэнзіі да хакеіста адпалі.
Акрамя ўчастка пад Менскам мы знайшлі ў Грабоўскага нерухомасць у Дубаі. Двухспальная кватэра агульнай плошчай у 181 квадратны метр знаходзіцца на штучных выспах Палм-Джумейра, якія з паветра нагадваюць стылізаваную пальму ўнутры круга. Ацэначны кошт апартаментаў Грабоўскага – 716 тысяч долараў. У размове з намі хакеіст сказаў, што купіў нерухомасць для адпачынку.
«Таму што цяпло там, таму і абраў. Сонца пастаянна. Магу так сказаць, што гэта добрае месца для адпачынку. Вось і ўсё», – сказаў Грабоўскі, які нядаўна стаў генеральным менеджарам нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі. Іншыя тэмы, у тым ліку скандал з участкам пад Менскам, Грабоўскі абмяркоўваць адмовіўся.
Дзмітрый Хадкевіч
Дзмітрый Хадкевіч, па інфармацыі «Кіберпартызанаў», працаваў намеснікам дырэктара і намеснікам старшыні праўлення ў кампаніі «Белтэхэкспарт». Гэта буйны экспарцёр беларускіх узбраенняў, які не раз трапляў пад заходнія санкцыі. Самы гучны скандал здарыўся ў 2011 годзе, бо пад абмежаванні патрапіла не толькі сама кампанія і звязаныя з ёй структуры, але і яе тагачасны ключавы акцыянер Уладзімір Пефціеў. У Бруселі лічылі Пефціева галоўным фінансавым спонсарам беларускага рэжыму. «WikiLeaks» апублікаваў перапіску амерыканскіх дыпламатаў, якія меркавалі, што Пефціеў мог выводзіць грошы Лукашэнкі на Мальту.
Пефціеў аспрэчыў санкцыі ЕЗ у судзе. І пакуль ішоў разбор прадаў кантрольны пакет акцый «Белтэхэспарту» расейскаму бізнесоўцу Дзмітрыю Гурыновічу, звязанаму, як мяркуецца, з расейскімі спецслужбамі. Праз тры гады Еўрапейскі суд ануляваў свае санкцыі, але да таго часу кампанія паспела засвяціцца ў дакладзе ААН у ліку пастаўшчыкоў зброі ў Кот-д’Івуар для сілаў дыктатара Гбагба.
Дзмітрый Хадкевіч у размове з намі сказаў, што ўжо як мінімум дзесяць гадоў не мае дачынення да «Белтэхэкспарту». Пазней удакладніў, што не працуе там з 2003 года. Але, згодна з гадавым справаздачамі, бізнесовец быў дырэктарам «Beltechexport India Private Limited» з 2009 па 2018 год. Хадкевіч запэўніў, што лічыўся там фармальна, а індыйская кампанія не звязаная з беларускім экспарцёрам зброі. У той жа час «Beltechexport India Private Limited» заснаваная эмірацкай кампаніяй «Beltechexport FZE», а яна была звязаная з беларускім «Белтэхэкспартам».
Акрамя таго ў Беларусі Хадкевічу належыць кампанія «ТМЛ Інжынірынг».
Раней яна называлася «Белтэх Аптронікс» і займалася распрацоўкай прадукцыі падвойнага і ваеннага прызначэння. Кампанія ўваходзіла ў склад зброевага холдынгу разам з «Белтэхэкспартам», які пасля здушэння пратэстаў 2020 года зноў трапіў пад санкцыі ЕЗ і ЗША. Пасля ўвядзення новых абмежаванняў «Белтэх Аптронікс» змяніла назву на «ТМЛ Інжынірынг». Цікава, што першым дырэктарам гэтай структуры, якая ў 2009 годзе называлася «БТ Знешгандальінвест», быў цяперашні прэмʼер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.
Хадкевіч запэўніў, што не мае дачынення да гандлю зброяй і да Беларусі. Па словах бізнесмена, ён ужо даўно жыве за мяжой. У Дубаі яму належыць чатыры кватэры агульнай плошчай 330 квадратных метраў. Апартаменты месцяцца ў комплексе Jumeirah Lakes Towers, які складаецца з 80 вежаў, пабудаваных па краях трох штучных азёраў. Ацэначны кошт нерухомасці Хадкевіча – 776 тысяч долараў.
«У мяне ўсё абсалютна сумленна заробленае. Я абсалютна вам на поўным сур’ёзе кажу. Я – сэлфмэйд, у мяне тэхналагічная кампанія. У мяне шмат сурʼёзных і цікавых праектаў у шэрагу краінаў. І яны не маюць ніякага дачынення да гандлю зброяй, да спецэкспарцёраў, да карупцыі і таму падобнага», – запэўніў Хадкевіч.
Ён таксама распавёў пра сваю кампанію, якая займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння, але адмовіўся распавесці, як кампанія называецца і што за праграмы вырабляе.
Аляксей і Дзмітрый Алексіны
Героі нашых шматлікіх расследаванняў Аляксей Алексін і яго сын Дзмітрый у асаблівым прадстаўленні не маюць патрэбы. Яны кантралююць амаль палову тытунёвага рынку Беларусі, разам з партнёрамі маюць асаблівыя прывілеі ў лагістыцы, выпускаюць каўбасы, займаюцца гатэльным і ігральным бізнесамі. За гэта Алексін не застаўся ў даўгу і падараваў ахове Лукашэнкі дзевяць аўтамабіляў і матацыклаў. Сярод іх – рарытэтнае Шэўрале і дарагія Майбахі.
У ААЭ ў Алексіных зарэгістраваная кампанія, праз якую ішлі кантрабандныя пастаўкі беларускіх цыгарэтаў у Расею. Разам з тым у дубайскай базе за Аляксеем Алексіным значацца двухспальныя апартаменты агульнай плошчай 144 квадратных метра. Ацэначны кошт нерухомасці – 568 тысяч долараў. На Дзмітрыя Алексіна запісаная віла на суму больш за 2,6 мільёна долараў. Усе абʼекты месцяцца на астравах Палм-Джумэйра. На Захадзе Алексіна-старэйшага лічаць гаманцом Лукашэнкі і наклалі на бізнесмена і ягоныя кампаніі санкцыі. Абмежаванні ЕЗ распаўсюджваюцца і на Дзмітрыя Алексіна. Але, на думку экспертаў, санкцыі наўрадці закрануць іх дубайскую нерухомасць.
Аляксей і Дзмітрый Алексіны не адказалі на званкі і пісьмовыя запыты.
Аўтар Аляксандр Ярашэвіч, рэдактар Станіслаў Івашкевіч
Дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага матэрыялу «Кіберпартызанам» і OCCRP ID