Навіны з Чалым

27 верасня

Калі Сталін рэкамендуе праводзіць выбары ў Беларусі і навошта Лукашэнка інспектуе свае войскі

Новае воінскае падраздзяленне, высновы дасведчанага пракрастынатара і расейскі адказ у стылі бандыцкага рэкету.

Аляксандру Лукашэнку прыйшла ідэя стварыць яшчэ адно воінскае падраздзяленне. Былая кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына адказала словамі Сталіна, калі могуць прайсці выбары. Незалежны эканамічны эксперт Сяргей Чалы пракаментаваў галоўныя навіны апошніх дзён у праграме «Навіны з Чалым». Публікуем некалькі цытат.
Змест
00:00 Кнігі для Лукашэнкі
00:35 Лукашэнка баіцца правакацыі
01:34 «У нас ідзе вайна»
02:00 1 салдат = 5 беспілотнікаў
04.20 Калі пройдуць выбары?
06.20 «Давайце зважаць на працэс, а не вынік»
07.20 Сустрэча з фермерам-айцішнікам
08.25 Балада аб дыктатары

Расея асудзіла рэакцыю Украіны, якую збіраецца справакаваць

«Лукашэнка цяпер больш за ўсё баіцца правакацый з боку Расеі, мэта якіх — выклікаць зваротны ўдар Украіны па Беларусі. Тут жа прэс-сакратар МЗС Расеі Марыя [Захарава] пацвердзіла яго асцярогі <...> у класічным расейскім стылі бандыцкага рэкету: якая ў вас добрая крама, было б шкада, калі б з ей нешта здарылася. "Практычная рэалізацыя любых агрэсіўных у дачыненні да Менску сцэнароў небяспечна згубнымі наступствамі не толькі для неанацысцкай Украіны, але і для яе спонсараў".

Вось толькі ўдумайцеся. Замест таго, каб аспрэчваць абвінавачванні ў тым, што Расея рыхтуе правакацыю, яна асуджае будучую рэакцыю Украіны, якую збіраюцца справакаваць.

Нядзіўна, што Лукашэнка пасля гэтай заявы неадкладна адправіўся на палігон інспектаваць стан сваіх войскаў. Афіцыйна гэта называлася "Абмеркаванне перспектываў развіцця беспілотнай авіяцыі і радыёэлектроннай барацьбы з улікам досведу сучасных узброеных канфліктаў". Дзе сярод іншага ўпершыню прызнаў, што вайна ідзе ўжо і ў Беларусі, а не толькі за яе межамі».

Беспілотнікі таннейшыя за салдат, але «бабы яшчэ панараджаюць»

«"Беспілотнікі — справа вельмі сур'ёзная, эфектыўная і выгадная з пункту гледжання вайны. Жудасна так казаць, але тым не менш. <...> Падрыхтаваць салдата, экіпіраваць — у пяць разоў даражэй, чым той беспілотнік, які на полі бою ганяецца за гэтым салдатам“.

І сапраўды, жудасна так казаць. Таму што для Лукашэнкі кошт жыцця салдата — гэта выдаткі на ягонае навучанне і экіпіроўку. Само жыццё чалавека для яго нічога не вартае. Сталінскае "бабы яшчэ панараджаюць", нягледзячы на ўсе развагі пра тое, што мы маленькая кампактная дзяржава, якая не можа дазволіць сабе войска ваеннага часу, што эканоміка гэтага не вытрымае, усё роўна вылазіць.

Таму Лукашэнку ўжо каторы раз прыйшла ідэя стварыць яшчэ вайсковае падраздзяленне. Ужо складана нават сказаць, якое па ліку. У дадатак да тэрытарыяльнай абароны, народнага апалчэння, ветэранаў альфы і спецназу і нават паляўнічых і рыбаловаў, якія такія звяры, што ім нават зброі не трэба».

Лідзія Ярмошына падтрымлівае Сталіна: аптымальны час для абрання — лістапад і сакавік 

«У звароце да гістарычнай памяці можна знайсці шмат добрых і розных прыкладаў, але яны (чыноўнікі — рэд.), чамусьці, рэгулярна ўзгадваюць канцлагер.

Вось і вернутая для нечага з нябыту былая кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына на, увогуле, простае пытанне, калі могуць прайсці выбары, чамусьці, з глыбінь сваёй гістарычнай памяці выцягнула Сталіна. Я ва ўсім, кажа, "абсалютна згодная з Іосіфам Вісарыёнавічам Сталіным, які назваў аптымальным часам, па сутнасці, два месяцы — лістапад і сакавік".

Што на гэта можна сказаць? Хіба што запярэчыць словамі Леніна, які казаў, што галоўная праблема цытат у інтэрнэце ў тым, што людзі безумоўна вераць у іх сапраўднасць».

Пра дасведчанага пракрастынатара, дату выбараў і паліттэхнолагаў у ЦВК

«Для Лукашэнкі адмыслова стварылі інфармацыйную нагоду — сустрэчу з кіраўнікамі выбарчых органаў краін СНД. Але Лукашэнка — дасведчаны пракрастынатар. <...> Што вы, кажа, да мяне прычапіліся. Гэта цяпер выбары сталі адной з галоўных палітычных падзей у жыцці любой краіны. А Лукашэнка лічыць, што гэта павінен быць звычайны палітычны працэс, якому не варта надаваць занадта вялікае значэнне. Таму што гэта раней апаненты ўлады "заўсёды спрабавалі выкарыстоўваць электаральны перыяд ва ўласных інтарэсах".

Але, мы, кажа, "зрабілі адпаведныя высновы, засвоілі ўрокі тых падзей, каб не паўтарылася гэта зноў". Гэта — маецца на ўвазе выкарыстанне выбараў з мэтай змены ўлады. Выбранай улады. <...>

Наогул, вось гэта называнне выбараў рознымі эўфемізмамі тыпу радавая электаральная кампанія, тыповае для беларускай прапаганды. Давайце звяртаць увагу на працэс, а не на вынік — змену ўлады. Таму што, як мы ведаем, спроба змены ўлады з выкарыстаннем выбараў з'яўляецца ў Беларусі цяжкім злачынствам. <...>

Лукашэнка звяртаецца да Цэнтрвыбаркамаў не як да органаў, якія забяспечваюць сумленнасць зыходу выбараў, а як да паліттэхнолагаў — спецыялістаў па выбарчых кампаніях».