Навіны

10 лютага 2023

БРЦ супраць «Пятага элементу». Балабін выйграў беларускі суд, Івашкевіч падаў апеляцыю ў КПЧ ААН

У дзень абвяшчэння судовага прысуду ў Менску юрыдычная арганізацыя Respect-Protect-Fulfill падала, ад імя Станіслава Івашкевіча, кіраўніка БРЦ, апеляцыю на гэтае рашэнне ў Камітэт па правах чалавека ААН.

«Абавязаць Івашкевіча Станіслава Віктаравіча зняпраўдзіць звесткі, размясціўшы абвяржэнне на сайце Youtube.com на канале Беларускага расследавальніцкага цэнтру, абавязаць Івашкевіча Станіслава Віктаравіча выдаліць відэаролік «Ганаровы консул? Зарабляй грошы для Лукашэнкі!» [...] спагнаць на карысць Балабіна Андрэя Анатольевіча кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў», – такое рашэнне прыняў суд Савецкага раёну Менска па выніках іскавай заявы беларускага бізнесмена Андрэя Балабіна і ЗАА «Лект», чые імёны згадваліся ў нашым расследаванні аб «Ценявых консулах».

У дзень абвяшчэння судовага прысуду ў Менску юрыдычная арганізацыя Respect-Protect-Fulfill падала ад імя Станіслава Івашкевіча, кіраўніка БРЦ, апеляцыю на гэтае рашэнне ў Камітэт па правах чалавека ААН. Гэта быў апошні дзень, калі Камітэт па правах чалавека ААН прымаў заявы ад Беларусі, бо Менск выйшаў з гэтай дамовы.

У Балабіна было тры прэтэнзіі. Па-першае, яго імя фігуравала ў расследаванні аб падазронай дзейнасці ганаровых консулаў. Другая звязаная з расследаваннем трохгадовай даўніны, якое ён, дарэчы, не аспрэчваў. І па-трэцяе, гэта заява аб тым, што ён пабудаваў гараж-стаянку ў абыход закону.

Андрэй Балабін - ганаровы консул Чылі
Крыніца: officelife.media / Андрэй Балабін - ганаровы консул Чылі

«Грамадзянін Балабін у першым варыянце лічыць, што для яго непаважліва быць у ліку такіх людзей як Шакуцін або Аляксандр Зайцаў, ну тады, каб даказаць, што гэта непавага, ён павінен даказаць, чым яны сябе так паказалі з негатыўнага боку, што яму сорамна быць пералічаным у іх кампаніі. [...]»

«Па другім пункце, тое, што ён быў згаданы, гэта проста канстатаванне фактаў, ён быў згаданы ў папярэднім расследаванні, гэта зʼяўляецца і праўдзівым, і само па сабе не зʼяўляецца непаважлівым».

«І, нарэшце, у трэцім пункце: у пачатку прадстаўнік істца ўвёў у зман у тым, што не падвяргаўся судоваму аспрэчванню праект (фірмы) «Лект», па гэтай стаянцы. Але ўвогуле, па сутнасці, журналіста не мусіць быць суддзёй. У функцыю журналіста ўваходзіць: канстатаваць тое, што на момант публікацыі зʼяўляецца праўдзівым. На момант публікацыі зʼяўляліся праўдзівымі абыходы норм закона, гэта пацвярджаецца ў лістах міністэрствах архітэктуры і МНС, і тое, што потым нейкія іншыя органы ўлады скарысталіся сваім правам абысці гэтыя нормы законаў, не абавязвае мяне на тым этапе выносіць нейкае судовае рашэнне, якое потым не будзе аспрэчана.[...] Таму я лічу, што і трэці пункт таксама не зʼяўляецца непраўдзівым з тымі патрабаваннямі да праўды, якія могуць быць выказвацца да журналіста і да грамадзяніна, які карыстаецца сваім правам на свабоду выказвання», – падвёўшы вынік паседжання, выказаўся кіраўнік БРЦ Станіслаў Івашкевіч.

Суддзя звярнуў увагу на тое, што па словах істца абʼект (падземная паркоўка) быў уведзены ў эксплуатацыю і яго ўвод ніхто не аспрэчваў, і задаў пытанне: «Які сэнс, у прынцыпе закладвалі ў вашым журналісцкім расследаванні «насуперак нормам заканадаўства», што вы мелі на ўвазе?»

«Тое, што ёсць нормы заканадаўства, якія менавіта гэтаму гульцу рынку, было дазволена абысці, што і пацвярджаецца фактамі», – адказаў Станіслаў Івашкевіч.

На працягу ўсёй будоўлі, МНС выпускаў заключэнні аб адступленні ад нормаў закону для допуску ўводу ў эксплуатацыю дадзенага абʼекта.

Расследаванне па гэтай справе мы праводзілі яшчэ ў 2020 годзе. Жыхары раёну, дзе на той момант адбывалася будоўля паркінга, падалі ў суд на ЗАТ «Лект» і агучылі ўсе парушэнні. Але гэты суд тады быў прайграны, суд стаў на бок забудоўніка.