Сяргей Чалы: Ну, слухай, як тут назваць, асветніцтва? Не, я меў на ўвазе, што ў адным з інтэрв'ю я прачытаў гісторыю пра тое, як на Новы год маленькі Андрэй быў адзіны, хто для атрымання падарунка прачытаў Дзеду Марозу вершык на беларускай мове.
Андрэй Хадановіч: Мой бацька займаўся літаратурай у маладосці актыўна. І я засынаў і прачынаўся пад гук друкавальнай машынкі. Але ён пісаў па-руску, але з усім рэспектам да беларускай літаратуры. Ён часам беларускіх аўтараў на рускую мову перакладаў. Ну, ён павёў жа мяне не проста на Новы год, ён мяне павёў на Фрунзе, 5, у святая святых — Дом літаратараў. «Андрэй, ты прыйдзеш да літаратараў, ты што будзеш чытаць па-руску?» Я думаю: «Не, я не буду чытаць, я буду па-беларуску, а дай мне што-небудзь». І тата мне падсунуў Сяргея Грахоўскага, а Сяргей Грахоўскі таксама сёння адзін з найбольш выбуховых аўтараў.
Пагугліце, калі не глядзелі верш «Ветразь». Ёсць легенда, што Грахоўскі на спрэчку, як бы закусіўшы губу, напісаў, калі пачуў, што беларуская мова — гэта дыялект рускай і кожны расеец можа зразумець… Ён напісаў такі «Ветразь», што ніводнага слова з рускай мовай не супадае. А мне трапіўся навагодні верш.
Слухайце, давайце чытаць, сёння ўжо снежань, давайце чытаць навагоднія вершы.
Я потым Хадановіча прачытаю. Я люблю чытаць вершы свае і добрыя. Давайце я з добрых пачну. І вось я, залазячы на табурэтку да Дзеда Мароза, навучыўся як бы:
«Залатымі зорамі заіскрыўся лёд,
За крутымі горамі ходзіць Новы год».
А потым высветлілася, што ў беларускамоўных літаратараў дзеткі чытаюць вершы расейскамоўныя, я быў адзіным, хто вывучыў беларускі верш.
Але была адна істота, якая падтрымала мае інтэлектуальныя гутаркі па-беларуску. Гэта быў Дзед Мароз, першая жывая істота, не з радыё, не Купалаўскі тэатр па тэлевізары, не дыктар па радыё. Я, канешне, рос пад радыёкропку. У Чачэрску ўлетку пераважна беларускія песні ляцелі і беларускія радыёперадачы.
Кожны з тагачасных людзей быў гатовы падтрымаць беларускамоўную гутарку. Зараз робіцца, каб знішчыць ядро гэтай стыхіі. Я прыходзіў у школу, пакуль можна было. У маёй школе №162 на мяжы з цыганскім пасёлкам каля акружной дарогі прачыталі разгромную негатыўную рэцэнзію на маю кніжку. Божа мой, якую добрую справу мне зрабіў аўтар, які разгромную рэцэнзію напісаў. У школе прачыталі. «Дык гэта ж наш выпускнік, а давайце яго запросім!». Па-любому, што негатыўная была рэцэнзія. А што такое ў школу запрасілі? Андрэй Валер’евіч, прыносьце з сабой 50 кніжак, мы іх купім, раздадзім дзецям у падарункі. Я такіх збораў даўно не бачыў. Пішыце, калі ласка, разгромныя рэцэнзіі на жывых беларускіх літаратараў, гэта дапаможа ім.
Дык вось, гэта была добрая частка. Я ўвайшоў у клас і я пачаў гурт, я разумеў што гумар кудысьці прападае. Потым я разумеў, што прападае не проста гумар, а кожнае другое сказанае слова. Агульны кантэкст разумеюць… Я спытаўся: «А колькі ў вас беларускай мовы?». Адна гадзіна на тыдзень. «Мабыць, вы русіфіцыруецеся, — кажу, — колькі ў вас рускай мовы?» А ў іх і рускай мовы адна гадзіна на тыдні. І яны, відаць, нейкім патрыятычным выхаваннем увесь час іншы займаліся.
Сяргей Чалы: Гэта цяпер так?
Андрэй Хадановіч: Ну як цяпер? Хто б мяне сёння пусціў у беларускую школу? Гэта гадоў сем таму было. З таго часу, падазраю, стала горш.
Сяргей Чалы: Мы зноў вяртаемся да гэтага. У мяне адна і тая ж ідэя фікс, з усімі дзеячамі культуры абмяркоўваю. Гэта гісторыя вось гэтага дзесяцігоддзя, ад Плошчы да Плошчы 2010-2020 год.
Андрэй Хадановіч: Адзін прапушчаны разгон. 2015-га.
Сяргей Чалы: Ну, як любяць казаць, адно нябітае пакаленне. Але для мяне проста важна тое, што гэта людзі, якія дэмабілізаваліся з палітычнай актыўнасці і сышлі ў грамадзянскі актывізм, праваабарончыя арганізацыі, экалагічныя, тэатр.
Андрэй Хадановіч: Так, гэта цікавае. Бо раней як бы апазіцыйныя палітыкі займаліся сваёй справай з нейкім німбам самаахвярнасці, а ў прынцыпе німб — ён добра толькі ў рэлігійных фільмах глядзіцца.
Жыццё дзесяцігадовае пачынаць трэба з разумных рэчаў, з модных муралаў на Кастрычніцкай. З таннай, смачнай кавы на вуліцы, са стрытфуда, з нейкіх спантанных фестываляў. З добрай музыкі — прысутны тут калега наярваў, здаецца, каля ратушы доўгімі летнімі вечарамі. І тысячы людзей прыходзілі і слухалі. Дык вось, ужо незалежная культура ў нас на вачах адбывалася. І грамадства так незаўважна фармавалася, гарызантальныя сувязі паміж людзьмі.
Сяргей Чалы: Вось я пра гэта і кажу. Паколькі гэтая актыўнасць адбывалася па-за палітычным полем зроку, уласна кажучы, яна ж потым як?
Андрэй Хадановіч: А потым з'явіўся феномен Бабарыкі і некалькіх яго паплечнікаў.
Сяргей Чалы: Мне здаецца, першым усё ж такі быў феномен каронавіруса.
Андрэй Хадановіч: У чым феномен Бабарыкі — яны незалежна ад таго, праўду ці няпраўду гаварылі, незалежна ад таго, самі сабе хлусілі ці людзям: «Мы не займаемся нічым незаконным і вам нічога за гэта не будзе, мы ў сваім праве». І ў нейкі момант крытычная, мне здаецца, маса беларусаў паверыла ў гэтае пасланне.
Сяргей Чалы: Давай асабістае пытанне? Я зноў жа перакінуў яго з Вольгі Падгайскай, яе твора «Я гуляю па чужых дварах». Гэта радок твой. Гэта пра цяпер?
Андрэй Хадановіч: Гэта пра паўтара гады таму, але гэта, канешне, першы навагодні верш. Увогуле, Хадановіч — маньяк, калі нехта яшчэ не зразумеў. З энергіяй маньяка, але ў добрым сэнсе, я гадоў 25 спрабую кожны Новы год займацца нейкай калядна–навагодняй магіяй.
Спачатку мяне газета «Наша Ніва» падсадзіла на гэта. Кажуць: «Давай будзеш, як нашы вялікія літаратары, праз “Нашу Ніву” звяртацца». Я задумаўся. Потым як бы зрабілася паралель: слухайце-слухайце, так някепскія літаратары, як мінімум адзін Іосіф Бродскі гэтым займаўся. Я люблю гэты жарт, разам з Бродскім.
Па тэлевізары такім паралельна адзін сіпаты палітык займаецца. Я звычайна кажу, што ў мяне штосьці сярэдняе паміж Іосіфам Аляксандравічам Бродскім і Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам выходзіць у калядных пасыланнях. Яны бывалі розныя, але сам жанр зрабіўся актуальнейшы пасля таго, як я не вярнуўся ў Беларусь.
Зразумела, «хаджу па чужых дварах, дарах і календарах», — быў поўны радочак, бо і два календары і калядныя дары і наш досвед дваровых канцэртаў увосень 2020-га, яны ўсе ў адзін вобраз.
Але Вольга Падгайская, яна не плаціць мне за рэкламу, але б вы не генія не запрасілі на першую перадачу да сябе. Безумоўна геніяльная кампазітарка, з якой прыемна мець справы любыя, а творчыя дык удвая. У нас ужо накапіўся ладны кавалак рэпертуару. Вольга нешта знаходзіць у маіх тэкстах, некалькі разоў я адгукаўся на яе замовы.
Сяргей Чалы: У мяне было падрыхтаванае пытанне пра тваю версію падзей 2020-га. Я наткнуўся на фразу, якая мяне разанула, пра тое, што беларус, прыпёрты да сценкі, можа станавіцца адчайным і г.д. І я спрабаваў са сваімі суаднесці адчуваннямі ад 2020 года. Мне здавалася, што слова «адчай» там менш за ўсё падыходзіла. Рашучасць я бачыў, вось такая спакойная, вось нас шмат.
Андрэй Хадановіч: Мне палавінка радка падабаецца: «А народ застанецца людзьмі». Кожны паасобку ва ўсёй масе мільённай ці паўмільённай, хай спрачаюцца статыстыкі, заставаўся асобай, заставаўся інтэлігентным чалавекам, заставаўся ці заставалася. Уся гэтая мірная зброя, уся гэтая софт пауэр [анг. soft power — «мяккая сіла»]. Без гвалту, без націску, але разам з тым па законах часу.
Сяргей Чалы: Ну, я сказаў, што гэта самае тое, што паставіла больш за ўсё ў тупік уладу. Яны рыхтаваліся да зусім іншага. Адсюль жа, увогуле, гэты кантраст…
Андрэй Хадановіч: Слухай, мне здаецца, што мацёрую таталітарную ўладу нават Хрыстос не паставіў у тупік, прапаноўвае другую шчаку падстаўляць. Гэта добрая падказка амапаўцу — можна ўваліць і па другой шчацэ, была б трэцяя — па трэцяй бы ўвалілі. Наша праграма-та і заматалася, не скончаная, можа быць, праз гэтую нашу інтэлігентнасць, але мы б не былі сабой. Бо людзі гатовыя даць па фізіяноміі, яны хадзілі ў качалкі, яны хадзілі ў БРСМ, яны гуртаваліся па іншым прынцыпе, а потым выйшлі з казармаў.