Расследаванні

02 кастрычніка

«Гаманцы Лукашэнкі» і лідары рынку з бізнесам у ЕЗ. Хто дапамагае Расеі набываць шыны ў абыход санкцыяў

Аўтары: Святлана Яцкова
Рэдактары: Станіслаў Івашкевіч
Аляксандр Шакуцін, Віктар Шэйман, Аляксандр Зайцаў, Алег Шчэрбіч, Генадзій Артысюк, Аляксандр Лукашэнка
Крыніца: БРЦ / Аляксандр Шакуцін, Віктар Шэйман, Аляксандр Зайцаў, Алег Шчэрбіч, Генадзій Артысюк, Аляксандр Лукашэнка. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ
Наколькі пытанне якасных шынаў адчувальнае для вайны, асабліва ва ўмовах франтавога бездарожжа, можна меркаваць па тым, што іх для сваіх войскаў збіраюць валанцёры і ў Расеі, і ва Украіне. З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну краіны Захаду спрабавалі абмежаваць Расею ў яе магчымасцях «абуваць» свой транспарт у якасныя шыны. Але, як высветліў БРЦ, Беларусь дапамагае абыходзіць гэтыя абмежаванні.

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».

Еўразвяз забараніў пастаўляць Расеі аўтапакрышкі сваіх вытворцаў для легкавых аўтамабіляў (код 40111000) амаль адразу ж пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну — 16 сакавіка 2022 года. Праз паўтара года, 25 верасня 2023 года, ЕЗ дадаў у санкцыйны спіс і шыны для грузавікоў (401120). Прыкладна тады ж, у жніўні 2023-га, да санкцыяў па абедзвюх катэгорыях далучылася Японія.

Супраць Беларусі гэтыя абмежаванні не ўвялі. Шэраг кампаніяў скарыстаўся гэтым, каб перанакіроўваць забаронены тавар у Расею.

БРЦ прааналізаваў мытныя дэкларацыі, у якіх фігуравалі еўрапейскія і японскія шыны падсанкцыйных кодаў з моманту забароны і да лета 2024-га. З Беларусі ў Расею іх паступіла больш за 286 тыс. штук на суму амаль $50 млн. $40 млн з іх — для легкавых аўтамабіляў, больш чым на $9 млн — для грузавікоў. Больш за 90% з іх — з ЕЗ.

Лідар: рэгістрацыя ў Польшчы, пастаўкі сілавікам

Для грузавікоў амаль 80% падсанкцыйных еўрапейскіх і японскіх шынаў з Беларусі ў Расею паставіла адна фірма — СТАА «Багорыя» ($7,1 млн). Па аб'ёмах паставак забароненых шынаў для легкавікоў гэтая фірма на другім месцы ($17 млн). За гэты перыяд СТАА «Багорыя» таксама паставіла ў Расею невялікі аб'ём тавару ўкраінскай вытворчасці (брэнды Premiorri і Rosava — на $21 тыс.).

Берасцейская «Багорыя» — асноўны імпарцёр шынаў у Беларусь. Яна закупляе легкавыя шыны ў Францыі, Італіі, Люксембургу, Нямеччыне і Бельгіі (брэнды Michelin, Bridgestone, Continental, Pirelli і Goodyear).

Прааналізаваўшы ўдзел кампаніі ў дзяржзакупах, БРЦ высветліў, што сярод беларускіх пакупнікоў яе тавараў былі гараж КДБ, Следчы камітэт, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Міністэрства ўнутраных справаў.

Генадзій Артысюк
Крыніца: БРЦ / Генадзій Артысюк. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

Падчас поўнамаштабнай вайны прыбыткі кампаніі істотна павялічыліся. У 2022-м годзе больш чым у два разы ў параўнанні з 2021-м — з 7 млн беларускіх рублёў да 15 млн (з $2,7 млн да $5,8 млн), а ў 2023-м працягнулі расці — да 18,8 млн ($6,3 млн).

Амаль палова кампаніі належыць Генадзю Артысюку. Яшчэ 40% — польскай фірме Investtire sp. z o.o., якой таксама валодае Артысюк разам з дачкой Ірынай Артысюк. [*] [*] [*] [*] [*] [*]

У адказ на запыт БРЦ прадстаўнік Investtire sp. z o.o. заявіў, што кампанія ніколі не супрацоўнічала з фізічнымі або юрыдычнымі асобамі з Расеі, у яе няма ніякіх кантактаў з расейскімі арганізацыямі. «Нашая кампанія не пастаўляла і не пастаўляе шыны ў Расею ані наўпрост, ані ўскосна», — сцвярджае прадстаўнік Investtire sp. z o.o. Паводле ягоных словаў, кампанія пастаўляе шыны кліентам у Беларусі ў адпаведнасці з нормамі Еўразвязу і не займаецца абыходам санкцыяў.

Другі лідар: сталічны спецыяліст

Яшчэ адзін буйны гулец — менская фірма ТДА «Колаплюс». Гэтая кампанія пастаўляе ў Расею больш за палову забароненых шынаў для легкавых аўтамабіляў ($20 млн). Па шынах для грузавікоў яна ў катэгорыі, якая нас цікавіць, — на другім месцы ($1,7 млн).

«Колаплюс» працуе з кастрычніка 1997 года і валодае шыннымі цэнтрамі ў розных гарадах Беларусі. Гэтыя цэнтры займаюцца шынамантажом і продажам шынаў. У тым ліку тых, якія «Колаплюс» набывае ў Люксембургу, Нямеччыне і Францыі (брэнды Goodyear, Continental, Michelin).

Алег Шчэрбіч
Крыніца: БРЦ / Алег Шчэрбіч. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

Асноўны акцыянер «Колаплюс» Алег Шчэрбіч з'яўляецца бенефіцыярам расейскага ТАА «Премиум шина». У асартыменце кампаніі — еўрапейскія падсанкцыйныя шыны, а сярод пастаўшчыкоў — «Колаплюс». У штаце «Премиум шина» значыцца адзін чалавек — дырэктар Чарнавус Дзмітрый Уладзіміравіч, грамадзянін Беларусі. [*] [*] [*] [*] [*]

Дачка Алега Шчэрбіча Яна з'яўляецца акцыянерам польскай фірмы Opony 24/7 (opony — у перакладзе з польскай мовы — шыны). На сайце кампаніі гаворыцца, што яна прадае шыны брэндаў Continental, Michelin, Bridgestone, Hankook, Barum і Fronway. Першыя дзве маркі — тыя ж, што кампанія ейнага бацькі пастаўляе ў РФ у абыход санкцыяў. Але на момант публікацыі у нас няма доказаў, што польская фірма дачкі таксама ўдзельнічае ў абыходзе санкцыяў. [*] [*] [*] [*]

Фінансавыя паказнікі «Колаплюс» як мінімум у апошнія некалькі гадоў нестабільныя. У 2021-м выручка павялічылася на 54% (са 121 млн да 186 млн рублёў — амаль $50 млн і $73,2 млн адпаведна), у наступным годзе ўпала на 15%, а ў 2023-м зноў вырасла — на 26%. Чысты прыбытак кампаніі за 2023 год павялічыўся амаль на 7000% у гадавым выражэнні і перавысіў 12 млн рублёў (амаль $4 млн).

БРЦ выявіў у «Колаплюс» некалькі паставак дзяржаўным установам, у тым ліку падраздзяленням сілавых структураў: Упраўленню Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС па Гомельскай вобласці, Галоўнаму ўпраўленню ўнутраных справаў Менскага гарадскога выканаўчага камітэту, а таксама Рэспубліканскаму цэнтру тылавога забеспячэння МНС Рэспублікі Беларусь. Сярод замоўнікаў кампаніі таксама хакейны клуб «Брэст», Берасцейская абласная клінічная больніца і Берасцейская мытня.

«Колаплюс» не выйгравала конкурсы на пастаўкі, а атрымлівала замовы па працэдуры закупаў з адной крыніцы. Гэта не абавязкова можа сведчыць аб парушэннях заканадаўства, але такая працэдура менш канкурэнтная. Пра такія выпадкі мы распавядалі ў папярэдніх расследаваннях: аб звязанай з «гаманцом» Аляксандра Лукашэнкі кампаніі, якая зарабляе на галаграфізацыі Беларусі, аб перадзеле рынку эндапратэзаў пасля «справы артапедаў», а таксама аб тым, чаму Беларусь плаціць за аптовыя пастаўкі лекаў больш, чым яны каштуюць у розніцы ў Расеі і Украіне.

Ніці да вярхушкі

«Багорыя» і «Колаплюс» найбуйнейшыя, але не адзіныя беларускія пастаўшчыкі санкцыйных шынаў у Расею. Сярод іншых беларускіх экспарцёраў забароненых шынаў: ТАА «ОФС-экспарт» (аб'ём экспарту $213 тыс.), ТАА «Гандлёвы дом Экспартгандаль» ($213 тыс.), прыватнае прадпрыемства «Шатэ-М Плюс» ($200 тыс.), РУП «Белмытсэрвic» ($183 тыс.), ТАА «САБлайн» ($166 тыс.), ТАА «Спрынт Імпарт» ($129 тыс.), ТАА «Алексвiт лтд» ($98 тыс.). Некаторыя з іх, як высветліў БРЦ, звязаныя з атачэннем Аляксандра Лукашэнкі.

Дырэктар «ОФС-экспарт» Тамара Скрыпнік, а таксама экс-дырэктар кампаніі Уладзімір Драчоў былі кіраўнікамі ТАА «Лагекс». Гэтая кампанія належала сям'і бізнесоўцы Аляксандра Шакуціна, супраць якога ЕЗ увёў санкцыі як «гаманца» Аляксандра Лукашэнкі. Драчоў узначальваў яе з канца жніўня 2020 года да красавіка 2022-га, сумяшчаючы гэтую працу з пасадай дырэктара «ОФС-экспарт» (з 13.07.2021 да 31.05.2024). Скрыпнік прыйшла на ягонае месца ў «Лагексе» і займала гэтую пазіцыю са снежня 2022-га да траўня 2023-га, а пасля, у ліпені 2024-га, змяніла Драчова і на пасадзе дырэктара «ОФС-экспарт». Нумар тэлефону Скрыпнік, паводле дадзеных парталу iBiz.by, супадае з нумарам галоўнага бухгалтара ТАА «Белмытвілія», таксама звязанага з Шакуціным. Акрамя таго, Скрыпнік значыцца галоўным бухгалтарам у дакументах «Белмытвіліі» як мінімум у 2020-2021 гадах. [*] [*] [*] [*] [*] [*] [*] [*] [*]

Адным з уладальнікаў «Гандлёвага дому Экспартгандаль» з лістапада 2020 года па канец траўня 2021 года значыцца Аляксандр Зайцаў — блізкі да сям'і Аляксандра Лукашэнкі бізнесовец. Актуальны нумар тэлефону «Гандлёвага дому Экспартгандаль» супадае з нумарам дырэктара ТАА «Шэйнкер груп», заснавальнікам якой больш за два гады таксама быў Аляксандр Зайцаў. Іншы былы ўладальнік кампаніі, Яўген Крахоцін, таксама кіраваў ТАА «Сцісхо». Гэтая кампанія больш за сем гадоў (са студзеня 2013 года па канец траўня 2020-га) належала Аляксандру Зайцаву. [*] [*] [*] [*] [*] [*] [*] [*] [*]

«Гандлёвы дом Экспартгандаль» займаецца пастаўкамі не толькі шынаў, але і іншых тавараў: маторнага масла з Нямеччыны вытворчасці BP Europa і Mercedes-Benz Group, прадукцыі Apple, у кампаніі таксама ёсць сертыфікаты аб увозе мяса з Іспаніі.

Кампанія ў 2022-2024 гадах стала адказчыкам па больш чым 30 справах у розных рэгіёнах Беларусі — у асноўным праз тое, што не дэкларавала тавары і падавала пра іх недакладныя звесткі.

Яшчэ адзін пастаўшчык шынаў у Расею, «Алексвiт лтд», як высветліў БРЦ, звязаны з найбліжэйшым паплечнікам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам Шэйманам. У адным з папярэдніх расследаванняў мы ўжо давялі, што ён мае дачыненне да экспарту ў Расею падсанкцыйных тавараў — угнаенняў і люксавых аўтаў.

Аляксандр Лукашэнка, Аляксандр Шакуцін, Віктар Шэйман, Аляксандр Зайцаў
Крыніца: БРЦ / Аляксандр Лукашэнка, Аляксандр Шакуцін, Віктар Шэйман, Аляксандр Зайцаў. Калаж створаны з выкарыстаннем ШІ

Мы высветлілі, што нумар тэлефону «Алексвiт лтд», пазначаны ў Рэестры мытных прадстаўнікоў, супадае з нумарам кампаніі ТАА «Кродэкс-Гарант». Апошняя — правапераемніца ТАА «Ардазавод», якая ў сваю чаргу з'яўляецца правапераемніцай звязанага з Шэйманам ТАА «Глобалкастам». [*] [*]

Папярэдні нумар тэлефону, які належаў «Алексвiт лтд», таксама быў звязаны з ТАА «Ардазавод». [*]

Уладальнік ТАА «Спрынт Імпарт», якое таксама пастаўляе шыны ў Расею, — ТАА «Сапраўдны Сэрвіс», якое належыць РУП «Белмытсэрвіс». [*] [*] [*] [*]

У сертыфікатах адпаведнасці ТР ЕАЭС ТАА «САБлайн» пазначана электронная пошта і нумар тэлефону, якія былі пазначаныя ў якасці кантактаў будаўнічай кампаніі СТАА «Будманаліт». У адным з расследаванняў БРЦ высветліў, што Мікалай Ермашоў, сям'і якога належаў «Будманаліт», быў звязаны з галоўным трэнерам хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі і чальцом Савету Рэспублікі Дзмітрыем Баскавым. Актуальны адрас офісу кампаніі «САБлайн» супадае з адрасам офісу ТАА «ГрандГарантБізнэс», 30% якога належыць Дзмітрыю Баскаву. [*] [*] [*]

«Шатэ-М Плюс», якую БРЦ знайшоў у ліку пастаўшчыкоў расейскім кампаніям, прадае шыны і аўтазапчасткі ўнутры Беларусі. Сярод яе ключавых кліентаў — вайсковыя часткі, Упраўленні ўнутраных справаў і адукацыйныя ўстановы.

Усе беларускія дзяржкантракты кампанія атрымала па працэдуры закупкі з адной крыніцы. «Шатэ-М Плюс», як і некаторыя іншыя кампаніі з нашага спісу, звязаная з хакеем. Кампанія была спонсарам некалькіх чэмпіянатаў свету па гэтым відзе спорту, а таксама ўдзельнічала ў выпуску кнігі пра хакей.

Прасачыць, не наслядзіўшы

Шыны ў Беларусі ўключаныя ў пералік тавараў, якія прасочваюцца. Гэта дазваляе дзяржаве кантраляваць іх абарот, адсочваючы шлях кожнага тавару ад вытворцы да спажыўца. На бізнес жа гэта накладае дадатковыя абавязанні: кампаніі павінныя выкарыстоўваць электронныя накладныя і паведамляць у падатковую аб астатках тавару. Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб увядзенні гэтай сістэмы ў 2020 годзе, каб «спрыяць павышэнню празрыстасці абароту тавараў і развіццю добрасумленнай канкурэнцыі, у тым ліку пры экспарце тавараў на рынкі дзяржаваў-чальцоў ЕАЭС».

Мы скіравалі запыты ў Еўракамісію і Еўрапейскае ўпраўленне па барацьбе з махлярствам (OLAF), каб высветліць, ці вядома ім аб пастаўках санкцыйнай прадукцыі ў Расею праз Беларусь і ці плануюць яны распачаць якія-небудзь дзеянні ў дачыненні да ўдзельнікаў гэтай схемы.

БРЦ таксама звярнуўся да Міністэрства фінансаў Польшчы з пытаннем аб законнасці дзейнасці фірмы, якая мае дачыненне да паставак шынаў у Расею праз свайго ўладальніка. Нам адказалі, што такая інфармацыя абароненая фінансавай таямніцай, аднак «у адпаведнасці з Законам ад 13 красавіка 2022 года "Аб спецыяльных рашэннях дзеля супрацьдзеяння падтрымцы агрэсіі супраць Украіны і абароны нацыянальнай бяспекі", кіраўнік Нацыянальнай падатковай адміністрацыі можа звярнуцца да міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі з прапановай аб абмежавальных захадах і ўключэнні ў санкцыйны спіс Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі».

БРЦ таксама даслаў запыты кампаніям Bridgestone, Continental, Pirelli, Goodyear і Michelin. Адказ прыйшоў толькі ад апошняй. У лісце гаворыцца, што Michelin невядома «аб якіх-небудзь наўпроставых экспартных пастаўках прадукцыі французскай мануфактуры пнеўматычных шынаў Michelin (MFPM) у Беларусь у 2023 і 2024 гадах». Таксама ў лісце адзначылі, што кампанія «абавязваецца няўхільна выконваць уведзеныя эканамічныя і фінансавыя санкцыі і стварыла спецыяльную ўнутраную арганізацыю для забеспячэння гэтага патрабавання».