Tinder мае рэпутацыю прыкладання для пошуку стасункаў без абавязанняў. Аднак вынікі даследаванняў сведчаць пра адваротнае.

Прайшоў месяц з таго моманту, як Tinder закрыў доступ для карыстальнікаў на тэрыторыі нашай краіны. Вынікі некаторых даследаванняў пра ўплыў пляцовак для онлайн-знаёмстваў паказваюць, што яны спрыяюць таму, што людзі бяруць шлюб. Ці можна ў такім выпадку сцвярджаць, што сыход з Беларусі самага папулярнага падобнага прыкладання пагоршыць дэмаграфічны крызіс? Давайце разбярэмся — ці слушная рэпутацыя Tinder як сэрвісу для выпадковых разавых спатканняў і што насамрэч уплывае на рашэнне беларусаў завесці сям’ю.

Прыгледзімся да двух працэсаў, якія могуць быць звязаныя: пагаршэння дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі і аднаму з магчымых наступстваў развязанай Расеяй вайны ва Украіне. Дакладней пра першы — у нашай краіне зніжаецца колькасць шлюбаў і, як падлічылі незалежныя СМІ, у апошні год дзяцей на тысячу чалавек нараджаецца менш, чым у СССР падчас Другой сусветнай вайны. Пра другі — 15 лютага 2024-га з Беларусі сышоў Tinder, самае папулярнае бясплатнае прыкладанне для знаёмстваў.

Аб магчымай сувязі гэтых двух фактаў кажуць даследаванні папулярнасці прыкладанняў онлайн-знаёмстваў. Апытанне брытанцаў старэйшых за 30 гадоў, праведзенае ў 2021 годзе, паказала, што з параў, якія пабраліся шлюбам з 2017 года, больш за 28% пазнаёміліся онлайн. Такім чынам, знаёмства праз інтэрнэт сталі самым папулярным спосабам знайсці сабе мужа або жонку, апярэдзіўшы ўсе іншыя спосабы (праз сяброў, сваякоў, ва ўніверсітэце, бары і ў іншых месцах).

Факты і міфы пра онлайн-знаёмствы

Tinder мае рэпутацыю прыкладання для пошуку стасункаў без абавязанняў. Аднак вынікі даследаванняў сведчаць пра адваротнае. Паводле дадзеных Roast, палова карыстальнікаў Tinder нацэленыя на сур'ёзныя стасункі, а сустрэчы без абавязанняў у ім шукаюць 30%.

Глабальнае даследаванне, праведзенае кампаніяй Cloudwards, паказвае, што прыкладна 42% карыстальнікаў сайтаў знаёмстваў імкнуцца пабрацца шлюбам. Пры гэтым сярод параў, якія пазнаёміліся ў сетцы, паказнік разводаў ніжэй у параўнанні з тымі парамі, якія сустрэліся традыцыйным шляхам. Гэта вынікае з навуковай працы навукоўцаў Хасэ Артэгі з Цэнтру еўрапейскіх эканамічных даследаванняў і Філіпа Эргавіча з Венскага ўніверсітэту.

Па дадзеных кампаніі beAmore, кожны чацвёрты карыстальнік сэрвісаў для знаёмстваў у Расеі знайшоў там пару, а 20% з іх пабраліся шлюбам. Асобнага даследавання па Беларусі мы не знайшлі, але лагічна выказаць здагадку, што і ў нашай краіне дейтынг-сэрвісы таксама спрыяюць стварэнню сем'яў. Такім чынам, сыход Tinder можа прывесці да зніжэння колькасці шлюбаў. Вядома, існуе мноства адпаведнікаў — такіх, як «Мамба», Tabor, LovePlanet і іншыя. Але, зыходзячы з расейскага досведу, замяніць Tinder іншымі сайтамі знаёмстваў будзе няпроста.

Пасля таго як у красавіку 2022 года Bumble і Badoo забаранілі запампоўку сваіх мабільных прыкладанняў у Расеі, а Tinder закрыў для расейцаў платныя опцыі, гэтыя дейтынг-платформы пакінулі да чатырох мільёнаў чалавек. Але да чэрвеня таго ж года альтэрнатыўныя расейскія платформы прыраслі ўсяго на 500 тысячаў, паведамляла газета «Известия» са спасылкай на аналітыкаў Big Data МТС.

Крыніца: БРЦ

Тое, што аўдыторыя заходніх прыкладанняў як мінімум не адразу пераходзіць на расейскія аналагі, мы бачым і па сацсетках.

Паміж інстынктамі працягу роду і самазахавання

Пасля таго як у сакавіку 2022 года ў Расеі прызналі экстрэмісцкімі і забаранілі Facebook і Instagram, іх наведвальнасць скарацілася больш чым удвая. Паводле дадзеных Mediascope, месячны ахоп расейскага сегмента Facebook у кастрычніку 2023-га ў параўнанні з кастрычнікам 2021-га ўпаў на 23,2 млн чалавек, Instagram — на 37,2 млн. У той жа час гэтая аўдыторыя не перацякла цалкам у расейскія сацсеткі. «ВКонтакте» прырос на 13,2 млн чалавек, а «Аднакласнікі» — на 3,8 млн. Больш за ўсё павялічылася колькасць карыстальнікаў Telegram — іх стала больш на 31,5 млн. Але нават калі скласці ўсіх, хто прыйшоў у гэтыя тры сацсеткі, атрымліваецца на 11,9 млн чалавек менш, чым сышло з Facebook і Instagram.

Апроч таго, заснавальнік Telegram Павел Дураў заклікаў не называць гэтую сацсетку расейскай, бо ў яе няма сервераў, распрацоўнікаў, юрыдычных асобаў, банкаўскіх рахункаў або офісаў у гэтай краіне. А ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ён распавёў пра свае ўкраінскія карані і прычыны, з якіх скончылася яго кар'ера ў Расеі:

«У 2013 годзе расейская служба бяспекі, ФСБ, запатрабавала, каб я выдаў ім прыватныя звесткі ўкраінскіх карыстальнікаў ВК, якія пратэставалі супраць прарасейскага прэзідэнта.

Я адмовіўся выконваць гэтыя патрабаванні, таму што гэта азначала б здраду нашых украінскіх карыстальнікаў. Пасля гэтага мяне звольнілі з кампаніі, якую я заснаваў, і я быў вымушаны з'ехаць з Расеі».

Імавернасць таго, што асабістыя звесткі і перапіска будзе даступная ФСБ РФ, а такім чынам і беларускім сілавікам, можа стаць фактарам, які стрымлівае карыстальнікаў з Беларусі ад рэгістрацыі ў расейскіх сэрвісах знаёмстваў.

Зрэшты, знайсці партнёра можна не толькі там — альтэрнатывай могуць быць, напрыклад, чаты знаёмстваў у Telegram або групы ў Facebook.

Такім чынам, на замену Tinder беларусы могуць знайсці мноства варыянтаў. Але, мяркуючы па расейскім досведзе, істотная доля карыстальнікаў можа наогул на нейкі час перастаць карыстацца паслугамі прыкладанняў для знаёмстваў. Гэта можа паўплываць не толькі на іх інтымнае жыццё, бо ўскладніцца працэс пошуку партнёра, але і ў цэлым на колькасць шлюбаў і, у выніку, народжаных дзяцей. Аднак насельніцтва ў Беларусі імкліва скарачалася і да сыходу Tinder.

Грошы і дзеці

Паводле афіцыйных дадзеных, толькі за 2022 год беларусаў стала менш на 55 тысячаў чалавек. За 2021 — амаль на 100 тысячаў. А за апошнія 30 гадоў — на адзін мільён.

Гэта звязана з эміграцыяй (пра міфы аб эміграцыі БРЦ распавядаў у адным з мінулых выданняў аналітыкі), а таксама з тым, што цяпер дзяцей заводзяць людзі, якія нарадзіліся прыкладна 30 гадоў таму, калі нараджальнасць у краіне моцна ўпала. Пры гэтым у апошнія гады яна зноў рэзка зніжаецца.

З 2020-га Белстат перастаў публікаваць гадавыя дадзеныя аб колькасці нованароджаных, але намеснік дырэктара РНПЦ «Маці і дзіця» па акушэрстве і гінекалогіі Алена Гашкевіч прагаварылася ў кастрычніку мінулага года аб фактычным становішчы справаў.

Крыніца: БРЦ

«Калі казаць пра сухую статыстыку, то мы маем кожны год падзенне нараджальнасці прыблізна на 10%. І ў 2019-м, і ў 2020-м, і ў 2021-м, і ў 2022-м. І ў 2023-м мы чакаем тыя ж мінус 10%», — заявіла яна ў эфіры тэлеканалу СТБ.

Прыкладна да 2017 года прасочвалася залежнасць паміж узроўнем заробкаў у доларах і ўзроўнем нараджальнасці на 1000 насельніцтва. Калі заробкі ў краіне раслі, людзі больш ахвотна браліся шлюбам і заводзілі дзяцей. Калі заробкі падалі, гэтыя рашэнні прымаліся радзей.

Суадносіны каэфіцыента нараджальнасці 1000 чалавек і сярэдняга заробку ў доларах па гадах
Крыніца: Белстат / Суадносіны каэфіцыента нараджальнасці 1000 чалавек і сярэдняга заробку ў доларах па гадах

Апошні раз заробкі ў Беларусі абваліліся ў 2015–2016 гадах. Неузабаве яны пачалі расці зноў, але да павелічэння колькасці шлюбаў і нараджальнасці гэта ўжо не прывяло.

Суадносіны колькасці шлюбаў на 1000 чалавек і сярэдняга заробку ў доларах па гадах
Крыніца: Белстат / Суадносіны колькасці шлюбаў на 1000 чалавек і сярэдняга заробку ў доларах па гадах

У 2020 годзе нарадзілася каля 84 тысячаў дзяцей — мінус 5% да мінулага года. У 2021-м — яшчэ на 5 тысячаў менш, мінус 5,5%. Гэта падлікі выдання «Зеркало» на падставе дадзеных, якія Белстат працягваў публікаваць у статыстычных зборніках. На 1000 чалавек у 2020 годзе нарадзілася 9 дзяцей, а ў 2021-м — 8,5.

Суадносіны каэфіцыента нараджальнасці 1000 чалавек і сярэдняга заробку ў доларах па гадах
Крыніца: Белстат, «Зеркало» / Суадносіны каэфіцыента нараджальнасці 1000 чалавек і сярэдняга заробку ў доларах па гадах

Такім чынам, у 2021-м узровень нараджальнасці знізіўся да рэкордна нізкіх значэнняў з моманту здабыцця Беларуссю незалежнасці.

Страчаны аптымізм

Каб зразумець, чаму рост заробкаў перастаў прыводзіць да паляпшэння дэмаграфіі, як гэта было ў нулявых і пачатку дзясятых гадоў, звернемся да гісторыі.

У пачатку 90-х, калі распаўся Савецкі Саюз, эканоміка знаходзілася ў крызісе. Тагачасны беларускі ўрад, які складаўся з савецкіх чыноўнікаў, не спяшаўся праводзіць рэформы. У 1991–1995 гадах ВУП Беларусі скарачаўся ў сярэднім на 10% у год, а кошты на энерганосьбітаў наблізіліся да сусветных.

У гэтых умовах Аляксандр Лукашэнка, які ў бытнасць дэпутатам настойваў на неабходнасці тэрмінова правесці рынкавыя рэформы, прыйшоўшы да ўлады, павёў краіну па іншым шляху. З другой паловы 90-х Менск узяў курс на інтэнсіўную інтэграцыю з Расеяй.

У лютым 1995-га Аляксандр Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі Дамову аб дружбе, добрасуседстве і супрацы. Яна прадугледжвала стварэнне адзінай эканамічнай прасторы і адмену памежнага кантролю. Праз год была падпісаная яшчэ адна дамова — аб утварэнні Супольнасці дзвюх краінаў, якую пазней пераўтварылі ў Саюз Беларусі і Расеі.

У выніку расейскі газ стаў паступаць у Беларусь па ільготных коштах. Ужо ў 1996 годзе яго кошт для нашай краіны быў амаль удвая ніжэйшы, чым для еўрапейцаў. Пры гэтым нават па гэтым кошце Лукашэнка за газ не плаціў — з году ў год назапашваючы запазычанасць перад «Газпрамам». Беларусь таксама па ільготных коштах купляла ў Расеі нафту, а атрыманыя з яе нафтапрадукты прадавала на Захад, пакідаючы сабе розніцу паміж сусветным коштам і ўнутрырасейскім.

Акрамя таго, Лукашэнка ездзіў па расейскіх рэгіёнах і наладжваў эканамічныя сувязі на ўзроўні мясцовых уладаў. Паводле ацэнкі МВФ, менавіта «агрэсіўны маркетынг беларускай прадукцыі ў Расеі» ў сукупнасці з абясцэньваннем беларускага рубля да расейскага прывёў да росту экспарту ў Расею. І гэта стала «асноўным фактарам эканамічнага росту ў Беларусі ў 96–97 гадах»

Пасля эканамічнага крызісу 1998 года ў Расеі рост запаволіўся, але ненадоўга. З пачатку нулявых сталі рэзка павышацца сусветныя кошты на газ, а з 2002 года пачаўся працяглы рост коштаў на нафту.

Дзякуючы ў тым ліку расейскім энергетычным датацыям, з 2002 па 2008 гады беларуская эканоміка расла ў сярэднім на 9% у год. Тады ж павялічвалася колькасць шлюбаў і расла нараджальнасць.

Суадносіны каэфіцыента нараджальнасці на 1000 чалавек і ВУП у млрд. долараў па гадах
Крыніца: Белстат, Сусветны банк / Суадносіны каэфіцыента нараджальнасці на 1000 чалавек і ВУП у млрд. долараў па гадах

З сярэдзіны нулявых Расея стала зразаць нафтагазавыя субсідыі, а сусветны фінансавы крызіс 2008 года справакаваў абвал коштаў на энерганосьбіты. Гэта негатыўна адбілася і на беларускай эканоміцы, і на дэмаграфіі.

Але пазітыўны трэнд вярнуўся пасля таго, як Менск пагадзіўся на ўзмацненне інтэграцыі ў межах Мытнага саюзу і атрымаў ільготныя кошты на расейскую нафту. Акрамя таго, Беларусь пачала стымуляваць эканамічны рост міжнароднымі крэдытамі.

Барыс Ельцын, Аляксандр Лукашэнка
Крыніца: БРЦ / Барыс Ельцын, Аляксандр Лукашэнка

Да сярэдзіны дзясятых знешні дзярждоўг Беларусі павялічыўся да 70% ад ВУП. Пры тым, што ў міжнароднай практыцы дапушчальным прынята лічыць узровень у 60% (такі паказнік прапісаны, напрыклад, у Дамове аб функцыянаванні Еўрапейскага звязу).

Нарошчваць запазычанасці далей стала небяспечна. У наступныя гады памер знешняга доўгу заставаўся амаль нязменным.

Рост знешняга валавога доўгу па гадах
Крыніца: Нацбанк РБ / Рост знешняга валавога доўгу па гадах

У 2014 годзе адбыўся чарговы абвал коштаў нафты, выкліканы сланцавым бумам у ЗША. Гэта справакавала эканамічны крызіс у Расеі, а пасля і ў Беларусі.

Эканоміка пагрузілася ў працяглую стагнацыю. Да дакрызіснага ўзроўню яна так і не вярнулася да сёння.

Дынаміка ВУП Беларусі па гадах
Крыніца: Сусветны банк / Дынаміка ВУП Беларусі па гадах

У 2023 годзе сярэдні заробак у Беларусі ў доларавым выражэнні вырас да рэкордных значэнняў. Але людзі, падобна, адчуваюць, што гэта не падмацавана адпаведным эканамічным ростам, і нараджальнасць працягвае зніжацца. У сярэдзіне лютага Міністэрства юстыцыі паведаміла, што ў 2023 годзе ў Беларусі было зарэгістравана «больш за 65 тысячаў актаў аб нараджэнні». Такім чынам, нараджальнасць склала прыкладна 7 немаўлятаў на 1000 чалавек. Гэта самы нізкі паказнік за ўвесь час, што вядуцца падлікі.

Эканамісты МВФ і Сусветнага банку лічаць, што для паскарэння эканамічнага росту Беларусі неабходна правесці рынкавыя рэформы. Тады, калі верыць мадэлі, якую мы пабудавалі, у беларусах зноў павінна прачнуцца жаданне вырашаць дэмаграфічную праблему. Пры дапамозе прыкладанняў для спатканняў або без іх.

Іншая аналітыка