Антыфэйк / фактчэк

05 кастрычніка 2023

Фэйкі тыдня: украінцы ў Талліне збілі расейскамоўную жанчыну, польскія ўлады забаранілі фільм пра мігранцкі крызіс

І таксама — Украіна выпусціла марку ў гонар эсэсаўца, Польшчы пагражае выхад з ЕЗ, Беларусь пабіла рэкорд экспарту прадуктаў харчавання. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Фэйк №1: Беларускі экспарт прадуктаў харчавання б'е рэкорды

Аляксандр Лукашэнка 22 верасня правёў нараду па праблемах у сельскагаспадарчай галіне. У той жа дзень падчас каментавання гэтай інфанагоды палітолаг Вадзім Ялфімаў паведаміў, што Беларусь ужо пабіла леташні рэкорд па экспарце прадуктаў харчавання.

«Прэзідэнт прывёў дадзеныя, што летась нашая сельская гаспадарка прынесла прыбытку краіне $8 млрд. У гэтым годзе нібыта гэтак жа. Вось ужо за восем мінулых месяцаў таксама восем набралі. Гэта значыць, мабыць, па заканчэнні года будзе больш», — гэта Вадзім Ялфімаў прамовіў у эфіры «Радыё Менск».

Насамрэч, на нарадзе Лукашэнка сказаў наступнае: «У мінулым годзе краіна зарабіла на харчаванні звыш $8 млрд. А за восем месяцаў гэтага года — больш за чатыры мільярды». 

Больш сціплыя вынікі экспарту агучыў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Барташ. У інтэрв'ю для часопісу «Эканоміка Беларусі» ён заявіў, што ў першай палове 2023 года Беларусь экспартавала сельгаспрадукцыі на $3,6 млрд.

Фэйк №2: Украінскія падлеткі збілі жыхарку Талліна

У Эстоніі падлеткі з Украіны збілі жанчыну за рускую мову. Пра гэта палітолаг Вадзім Ялфімаў паведаміў 25 верасня ў выпуску «Вячэрняга палітычнага канала».

«Я хачу, каб цяпер рэжысёр паставіў адну карцінку жахлівую, як у Талліне рускамоўную жанчыну за тое, што яна казала па-руску па тэлефоне, украінцы-малакасосы, якія праходзілі міма, падонкі — я па-іншаму назваць не магу — пачалі збіваць. Прычым здымаюць увесь гэты працэс жудасны на відэа і потым жа выкладваюць», — прамовіў ён.

Аднак у прадэманстраваным відэа нічога не ўказвае на тое, што нападнікі былі ўкраінцамі: украінскага маўлення не чуваць, а лаюцца маладыя людзі па-руску з акцэнтам.

Расейскія медыі ідэнтыфікавалі іх як таллінскіх або эстонскіх падлеткаў. Эстонская прэса са спасылкай на мясцовую паліцыю паведаміла, што паліцэйскія, якія прыбылі на месца здарэння, арыштавалі 20-гадовага грамадзяніна Эстоніі.

Фэйк №3: Ва Украіне выпусцілі марку ў гонар ветэрана дывізіі СС «Галічына»

Уладзімір Зяленскі 22 верасня наведаў Канаду з афіцыйным візітам. На сустрэчу ў парламент запрасілі Яраслава Гунько, 98-гадовага ветэрана украінскай дывізіі СС «Галічына». Гэтую дывізію падазраюць ва ўчыненні ваенных злачынстваў супраць палякаў і габрэяў падчас Другой сусветнай вайны.

Ушанаванне ўкраінскага ветэрана выклікала скандал, у выніку чаго спікер канадскага парламента сышоў у адстаўку.

26 верасня расейскі прапагандыст Уладзімір Салаўёў апублікаваў у сваім тэлеграм-канале фотаздымак паштовай маркі, якую, паводле ягоных словаў, выпусцілі ва Украіне ў гонар Яраслава Гунько.

«Паскудная гісторыя з ушанаваннем Гунько, які служыў у дывізіі СС, атрымала працяг ва Украіне. “Укрпошта” выпусціла ў ягоны гонар марку.

Узгадайце гэтую гісторыю, калі кіеўскі рэжым будзе ў чарговы раз біць сябе кулаком у грудзі, заяўляючы, што ва Украіне нацызму няма», — гаворыцца ў пасце Салаўёва.

У тэматычным плане «Укрпошты» па выпуску прадукцыі марак з выявай Гунько няма.

У верасні 2023 года арганізацыя выпусціла толькі паштовыя маркі з пісанкамі Адэскага, Валынскага і Чарнавіцкага рэгіёнаў ды паштовы блок «Гарады Герояў. Харкаўшчына», а таксама філабюлетэнь «Зброя перамогі. Свет з Украінай».

Тое, што марка не адносіцца да афіцыйна выпушчаных у краіне, камандзе Weekly top fake пацвердзілі ў самой «Укрпошце» таксама.

Фэйк №4: Польшчу могуць выгнаць з ЕЗ

Польскія медыі на пачатку верасня апублікавалі расследаванне, у якім распавялі, што консульскія ўстановы Польшчы ў краінах Азіі і Афрыкі за хабар выдалі каля 250 тыс. працоўных віз. У выніку ўзняўся візавы скандал.

Польскія праваахоўнікі распачалі крымінальную справу. Некалькі высокапастаўленых дыпламатаў страцілі пасады. На беларускім тэлеканале СТБ заявілі, што з-за гэтага Польшчу хочуць выключыць з ЕЗ.

«Польшчу могуць выгнаць з Еўразвяза. Дэпутаты Еўрапарламенту ад Нямеччыны звярнуліся ў Еўракамісію з просьбай разгледзець пытанне аб яе далейшым сяброўстве ў ЕЗ. Падставай з'яўляецца гучны візавы скандал, які ўзняўся пасля таго, як стала вядома, што ўлады Варшавы за хабар выдавалі замежнікам працоўныя візы. <...>

Дэпутаты ўспрымаюць махлярства з выдачай польскіх віз гібрыднай атакай на ЕЗ. У сувязі з гэтым папрасілі Еўракамісію разгледзець магчымасць ужывання 7 артыкула Дамовы аб Еўразвязе, які прадугледжвае выключэнне дзяржавы з ЕЗ»,— гаворыцца ў навінавым сюжэце тэлеканалу ад 27 верасня.

Сапраўды, дэпутат Еўрапарламенту Гунар Бек 19 верасня накіраваў у Еўракамісію ліст, у якім спытаў, ці лічаць там дзеянні Польшчы гібрыднай атакай на ЕЗ, як арганізацыя мае пакараць вінаватых і ці ініцыюе яна працэдуру разбору ў адпаведнасці з артыкулам 7 Дамовы аб Еўрапейскім звязе.

У 7-м артыкуле Дамовы аб ЕЗ не прапісаная магчымасць выключэння краіны.

У ёй гаворыцца толькі, што калі нейкая краіна-сябар парушае асноўныя каштоўнасці Еўразвяза, то Еўрапейская Рада можа запусціць працэдуру разбору ў дачыненні да такой краіны.

Яго вынікі могуць легчы ў аснову вываду, што дзяржава-ўдзельніца сапраўды сур'ёзна і пастаянна парушае еўрапейскія каштоўнасці, з наступным пакараннем: прыпыненнем дзеяння некаторых правоў гэтага сябра ЕЗ, у тым ліку права голасу.

Выключэнне краіны з ЕЗ не прадугледжанае — у дакументах Еўразвяза не прапісаная такая працэдура. Магчымы толькі добраахвотны яе выхад з аб'яднання.

Фэйк №5: Польскія ўлады забаранілі паказ фільму пра мігрантаў

У Польшчы ў пракат выйшаў фільм Агнешкі Холанд «Зялёная мяжа» аб нягодах лёсу мігрантаў, якія спрабуюць незаконна перасекчы беларуска-польскую мяжу.

26 верасня супрацоўніца газеты «СБ.Беларусь сёння» Людміла Гладкая ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» заявіла, што польскія ўлады перад выбарамі спалохаліся і знялі гэты фільм з пракату: 

«Прэм'ера фільму Холанд была анансаваная на канец года, якраз да парламенцкіх выбараў у Польшчы. Але “Зялёная мяжа” знікла з кінапракату. Што ж, чакаема».

Польскія медыі паведамлялі толькі аб тым, што фільм «Зялёная мяжа» знялі з афішаў у адным з кінатэатраў гораду Отвацк. Мясцовыя ўлады запэўнілі, што змяненне звязанае не з палітыкай, а з рэпетыцыямі тэатру, што там адбываюцца. Аднак у абноўленым рэпертуары час, на які раней планаваўся паказ фільму Холанд, заняла іншая стужка.

У іншых гарадах Польшчы, паводле сайта польскай сеткі кінатэатраў Cinema City, фільм працягваюць дэманстраваць без абмежаванняў.

У першыя выходныя пасля прэм’еры «Зялёная мяжа» стала лідарам пракату сярод польскіх фільмаў: яе паглядзелі амаль 140 тыс. чалавек.

Выключная адказнасць за любы кантэнт, які падтрымліваецца Еўрапейскім фондам медыя і інфармацыі, ляжыць на аўтары(ах), і ён не абавязкова адлюстроўвае пазіцыі EMIF і Партнёраў Фонду, Фонду Калуста Гульбенкяна і Інстытуту Еўрапейскага ўніверсітэту.

Іншыя публікацыі