Антыфэйк / фактчэк

13 ліпеня 2023

Фэйкі тыдня: на Захадзе абараняюць педафілаў і скаталожнікаў, праз павольны наступ Украіне не даюць F-16, Польшча павялічвае набор у вайсковыя ВНУ

А таксама — выдумкі Лукашэнкі пра разбураную эканоміку і ядзерную энергетыку Нямеччыны. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Фэйк №1: ЗША разбурылі эканоміку Нямеччыны

Дата фэйка: 6.07.2023

На вялікай прэс-канферэнцыі беларускім і замежным медыям 6 ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Нямеччына — больш не чацвёртая эканоміка свету, і вінаватыя ў гэтым амерыканцы.

«Няма ЕЗ, няма Еўропы — яна цалкам пад нагамі ЗША, і ўсё, што прынята ў Вашынгтоне, прымаецца еўрапейцамі, нават, што здзіўляе, на шкоду сабе. Вазьміце Нямеччыну. Чацвёртая эканоміка свету была. Дзе яна цяпер? І навошта было бурыць такую высокатэхналагічную эканоміку са спалоху, са страху ці ва ўгоду некаму?»

Статыстыка абвяргае гэтае сцвярджэнне. Паводле звестак Сусветнага банку, ВУП Нямеччыны сапраўды знізіўся з $4,26 трлн у 2021 да $4,07 трлн у 2022 годзе. Аднак краіна як была чацвёртай эканомікай свету да вайны ва Украіне і ўвядзення санкцый супраць Расеі, так і застаецца ёю цяпер.

Нямеччына па памеры ВУП апярэджваюць толькі ЗША, Кітай і Японія. Далей, з адрывам у амаль $700 млрд, ідзе Індыя.

Фэйк №2: Нямеччына перадумала закрываць свае АЭС

Дата фэйка: 3.07.2023

На выступе з нагоды Дня незалежнасці Аляксандр Лукашэнка пахваліў уласнае рашэнне пабудаваць у Беларусі атамную электрастанцыю. У пацверджанне сваёй правасці ён прывёў прыклад Нямеччыны, якая, па яго словах, перадумала адмаўляцца ад атамнай энергетыкі. 

«Калі прыродны газ падскочыў да 2 тысяч долараў за кубаметр газу, калі дурніца для іх скончылася расейская, танны газ і нафта, яны пачалі казаць, што ядзерная энергетыка — гэта зялёная энергетыка. Яна самая бяспечная і яе трэба развіваць. Немцы ціхенька тое, што планавалі закрыць, адтэрмінавалі закрыццё», — заявіў Лукашэнка 3 ліпеня.

Нямеччына сапраўды збіралася закрыць апошнія АЭС у канцы 2022 года, але праз высокія кошты на энерганосьбіты падоўжыла тэрмін іх эксплуатацыі. Пры гэтым Берлін не збіраўся развіваць ядзерную энергетыку.

Апошнія тры атамныя электрастанцыі немцы адключылі 16 красавіка 2023 года.

Фэйк №3: Контрнаступ Украіны не паказаў выніку

Дата фэйка: 4.07.2023 

Хаўруснікі не пастаўляюць Украіне самалёты праз тое, што контрнаступ не паказаў вынікаў, заявіў аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін.

«Камандаванне ЗША заявіла пра тое, што пакуль яшчэ рана пастаўляць F-16 ва Украіну, таму што няма выніку нармальнага, для іх выніку, контрнаступу. Таму яны вялікія надзеі ўскладалі на контрнаступ, чакалі, што будзе нейкі вялікі вынік, які б яны маглі трыумфальна абвясціць або паказаць на гэтым саміце [NATO]. Але саміт ператварыўся ў нейкі пшык», — распавёў ён у эфіры «Альфа Радыё» 4 ліпеня. 

Падобна, Аўдонін паўтарае напісанае ў расейскіх медыях, якія спасылаюцца на інтэрв'ю кіраўніка вайсковага камітэту NATO адмірала Роба Бауэра радыёстанцыі LBC. Аднак у арыгінале інтэрв'ю ён патлумачыў затрымку ў пастаўках знішчальнікаў F-16 іншымі прычынамі:

«Дыскусія пра знішчальнікі з'яўляецца важнай, але яна не будзе вырашана ў кароткатэрміновай перспектыве для гэтага контрнаступу... Навучанне гэтых пілотаў, навучанне тэхнікаў, забеспячэнне наяўнасці лагістычнай арганізацыі, якая сапраўды можа падтрымліваць гэтыя самалёты, будзе немагчыма да канца гэтага контрнаступу». 

Гэта значыць, знішчальнікі не паспеюць паставіць праз складаную лагістыку і арганізацыйную працу, якая гэтаму папярэднічае, а не ў сувязі з вынікамі контрнаступу, як сцвярджае Аўдонін.

Пра гэта ж казаў месяц таму міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў. У інтэрв'ю японскаму каналу NHK ён прызнаў, што для навучання лётчыкаў F-16 патрэбны час, і першыя пастаўкі знішчальнікаў Украіна чакае восенню ці зімой. 

Такім чынам Боб Бауэр толькі пацвердзіў тое, што ўжо было вядома.

Фэйк №4: Польшча плануе ў пяць разоў павялічыць набор у вайсковыя ВНУ

Дата фэйка: 3.07.2023 

У сярэдзіне чэрвеня Аляксандр Лукашэнка паведаміў пра атрыманне расейскай атамнай зброі. Польшча ў адказ заявіла, што таксама гатовая размясціць ядзерныя боегалоўкі на сваёй тэрыторыі для абароны ад магчымай расейскай агрэсіі. На гэтым фоне 3 ліпеня ў перадачы «Контуры» на тэлеканале АНТ абвінавацілі Варшаву ў мілітарызацыі:

«Замест гісторыі палякі будуць яшчэ больш вучыцца вайне. У пяць разоў плануецца павялічыць колькасць месцаў для тых, хто паступае ў вайсковыя вну Польшчы. Больш за 2 тысячы чалавек. Гэта толькі квота для будучых афіцэраў».

Гэта ілжывае сцвярджэнне. 31 траўня Міністэрства абароны Польшчы апублікавала пастанову, паводле якой план набору на новы навучальны год павялічылі, але толькі ў адну вайсковую вну — Вайсковую авіяцыйную акадэмію, і толькі на 49 чалавек. З іх дзесяць дадатковых чалавек будуць навучацца па кірунку лагістыка, столькі ж — тэхніцы бяспекі, 21 навічок — навігацыі і 8 — авіяцыі і касманаўтыцы.

Мінабароны Польшчы тлумачыць гэта закупам новых вайсковых самалётаў FA-50 і F-35, для якіх неабходна падрыхтаваць лётчыкаў.

Ва ўсе астатнія вайсковыя вну — а іх у Польшчы яшчэ тры — план набору застаўся без зменаў. Агулам у новым навучальным годзе ў вайсковыя ВНУ прымуць 2089 чалавек замест першапачаткова запланаваных 2040.

Трэба адзначыць, Польшча павялічыла набор летась. Замест 1350 курсантаў прынялі 1830 — амаль на 500 чалавек больш. Сумарна за два гады набор павялічыўся больш чым на 700 чалавек. Гэта значыць прыкладна на 50%, а не ў 5 разоў.

Фэйк №5: У Іспаніі ўзаконілі скаталожніцтва, ААН змагаецца за правы педафілаў, а амерыканцы купляюць скрадзеных дзяцей

Дата фэйка: 25.06.2023 

На Захадзе змагаюцца за правы членаў ЛГБТ-супольнасці, але ігнаруюць праблему выкрадання дзяцей, сцвярджае вядоўца «Беларусь 1» Кацярына Ціхамірава.

«XXI стагоддзе і з кожнага праса трубяць аб захаванні чалавечых правоў. Правы на самавыяўленне ЛГБТ і іх права быць бацькамі. У Іспаніі ўзаконілі права на скаталожніцтва. Ці вось, у выніку доўгай і карпатлівай працы спецыялістаў з Міжнароднага камітэту юрыстаў і ўпраўлення вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН з'явіўся радыкальны праект — рэзалюцыя, якая рэкамендуе ўсім краінам ААН правесці дэкрыміналізацыю сексуальнай актыўнасці ўсіх відаў. Прасцей кажучы — узаконіць педафілію. То бок гэта барацьба за правы педафілаў», — заявіла Ціхамірава 25 чэрвеня ў сваёй перадачы «Кацюшын разлік».

У Іспаніі сапраўды змянілі заканадаўства ў пытанні жорсткага стаўлення да жывёлы і прыбралі з Крымінальнага кодэксу артыкул, па якім было прадугледжана пакаранне за сексуальную эксплуатацыю жывёлы. Аднак замест яго з'явіўся іншы — з больш шырокай трактоўкай таго, што можна лічыць гвалтам над жывёлай. Цяпер асобна прапісана, што гвалт уключае і акты сексуальнага характару. 

Больш за тое, у афіцыйным каментары пазначана, што гэтыя змены накіраваныя на пашырэнне адказнасці. Калі раней максімальнае пакаранне за гэтае злачынства абмяжоўвалася годам пазбаўлення волі, то цяпер тэрмін павялічылі да 18 месяцаў. Акрамя таго, караць будуць за гвалт над любой жывёлай, а не толькі над хатняй, як было раней.

Няпраўда і тое, што ААН абараняе педафілаў. 

Міжнародная камісія юрыстаў апублікавала даклад, у якім выказала свае меркаванні, што варта не забываць аб правах чалавека пры разглядзе крымінальных спраў, звязаных з абортамі, ужываннем і валоданнем наркотыкамі, ВІЧ-інфікаваннем і некаторымі выпадкамі сексу па ўзаемнай згодзе.

«Ужыванне крымінальнага заканадаўства павінна адлюстроўваць правы і здольнасць асоб маладзей за 18 гадоў прымаць рашэнні аб уступленні ў сексуальныя зносіны па ўзаемнай згодзе і іх права быць пачутымі ў пытаннях, якія тычацца іх», — гаворыцца ў дакладзе. 

Аднак і такая фармулёўка выклікала абвінавачванні ў закліках да легалізацыі педафіліі. Таму неўзабаве камісія выпусціла тлумачэнне, у якім прапісала, што не заклікае «ні да дэкрыміналізацыі сексу з дзецьмі, ні да адмены ўстаноўленага ўнутры краіны мінімальнага ўзросту згоды на секс».

«А што з правамі дзяцей і правам на бяспечнае дзяцінства? Паводле афіцыйнай статыстыкі зніклых дзяцей на планеце мільёны. І з кожным годам іх становіцца больш. У Еўропе штогод паведамляецца аб знікненні 250 тысяч, гэта значыць адно дзіця кожныя 2 хвіліны», — працягнула Ціхамірава.

Арганізацыя «Зніклыя дзеці ў Еўропе» сапраўды агучвае такія лічбы — 250 тысяч штогод. Большасць з іх — дзеці, якія ўцяклі з дому. Яшчэ каля чвэрці выкрадаюць бацькі, апекуны або іншыя блізкія людзі. Напрыклад, так бывае, калі бацькі пасля разводу не могуць дамовіцца, з кім будзе жыць дзіця. І толькі 3% ад усіх заяў — гэта выкраданні крымінальнага характару.

Кацярына Ціхамірава гэты факт замоўчвае, з яе сюжэту вынікае, што 250 тысяч дзяцей знікаюць бясследна.

«Усяго некалькі прыкладаў. На відэа вы бачыце дзяцей. Іх прадаюць на мяжы Мексікі і ЗША», — працягвае яна і паказвае відэа звязаных дзяцей, каля якіх смуглявыя мужчыны пералічваюць грошы.

Каманда БРЦ знайшла гэта відэа ў фэйсбуку. У арыгінальнай версіі на ім некалькі разоў з'яўляецца цітр з паведамленнем, што гэты інцыдэнт не сапраўдны, людзі ў ім — акторы, а відэа знята для павышэння дасведчанасці.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі