Антыфэйк / фактчэк

26 чэрвеня

Палітолаг Бяляеў: Да 250 тысяч чырвонаармейцаў загінулі ў польскім палоне. Разбіраем альтэрнатыўную версію гісторыі

Паводле падлікаў польскага боку, 66 тысяч чырвонаармейцаў вярнуліся на радзіму пры абмене.

Амаль ніхто з 200-250 тысяч чырвонаармейцаў не вярнуўся з польскага палону ў 1920-х, сказаў дэкан факультэту журналістыкі БДУ, палітолаг Аляксей Бяляеў. Гэтыя словы прагучалі, калі ён разважаў пра гадавіну стварэння канцэнтрацыйнага лагеру ў Бярозе-Картузскай (цяпер гэта горад Бяроза ў Берасцейскай вобласці Беларусі). Каманда Weekly Top Fake высветліла, што версія падзей Бяляева разыходзіцца з афіцыйнай. 

Фактамі альтэрнатыўнай гісторыі палітолаг Аляксей Бяляеў падзяліўся 17 чэрвеня 2024 года ў эфіры «Радыё Менск». 

«Калі войска Тухачэўскага пайшло на Варшаву, у 19 годзе сталі выганяць палякаў з гэтай тэрыторыі, і ў 20 годзе пад Варшавай раптам здарыўся цуд, войска Чырвонае адагналі. Там каля 200-250 тысяч чырвонаармейцаў апынулася ў палоне і практычна ніхто з іх не выжыў і не вярнуўся», — распавёў дэкан журфаку.

Гэта разыходзіцца як з афіцыйнай версіяй гісторыі ў Расеі, так і ў Польшчы. Бітва за Варшаву адбылася ў 1920 годзе. Расейскія даследчыкі за некалькі гадоў вайны — з 1919 па 1922 гады — налічылі менш палонных, чым Бяляеў за адну гэтую бітву.

Зборнік дакументаў «Чырвонаармейцы ў польскім палоне ў 1919-1922 гг.», афіцыйнае расейскае выданне, якое тычыцца даследаванняў на гэтую тэму, кажа пра 157 тысяч палонных за ўсю вайну. Менавіта на гэтае выданне абапіраецца і Дзяржархіў Расеі. У польскім палоне маглі памерці ад 25 да 28 тысяч чалавек — іх дакладная колькасць не вядома. 

75 тысяч чалавек вярнуліся на радзіму пры абмене ваеннапалоннымі. Такія дадзеныя размешчаны на стэндах у музеі ў Катыні.

Паводле падлікаў польскага боку, 66 тысяч чырвонаармейцаў вярнуліся на радзіму пры абмене. Каля 14–16 тысяч маглі загінуць у лагерах.

Гэта значыць, што прынамсі палова палонных, паводле архіўных звестак Расеі і Польшчы, вярнулася ў СССР жывымі. А загінула ў палоне ад 14 да 28 тысяч чалавек, а не 200-250 тысяч.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі