Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Нашыя журналісты атрымалі прэмію Ганса Штайгэра за журналісцкія расследаванні ад Міжнароднага цэнтру журналістаў (ICFJ), прэмію за свабодныя СМІ (Free Media Award) ад фондаў ZEIT-Stiftung Bucerius і Fritt Ord, а таксама прэмію за дасягненні ў журналістыцы дадзеных (Data Journalism Award) ад Грамадства садзейнічання развіццю працоўнай дзейнасці журналістаў і рэдакцыі (SABEW). Наш праект Dubai Unlocked увайшоў «у шорт-ліст» Sigma Awards.
З 2018 па 2026 год нашыя журналісты таксама атрымалі 11 узнагародаў беларускай нацыянальнай прэміі «Вольнае слова».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
Аўдонін назваў узровень беларускага пашпарта надзвычай высокім. Але бязвізавых напрамкаў з ім менш, чым у суседзяў
З беларускім пашпартам даступныя 78 напрамкаў без загадзя аформленай візы — на 30 менш за сярэднесусветны паказнік.
Старшыня праўлення «Беларускага таварыства „Веды“» Аляксей Аўдонін заявіў, што беларускі пашпарт мае «надзвычай высокі» ўзровень і выклікае здзіўленне на пашпартным кантролі ў іншых краінах. Каманда Weekly Top Fake вывучыла два сусветныя рэйтынгі: паводле колькасці напрамкаў, даступных без загадзя аформленай візы, Беларусь саступае ўсім суседнім краінам.
Кантэкст:Беларусь і Мальдывы падпісалі пагадненне аб узаемнай адмене віз, паведаміла 24 верасня 2026 года прэс-служба беларускага МЗС. Пры гэтым беларускім турыстам і раней бясплатна афармлялі турыстычную візу па прылёце — як і грамадзянам большасці краін свету.
17 верасня 2026 года ў перадачы «Лятучка» на СБТВ Аляксей Аўдонін расказаў пра перавагі беларускага пашпарта:
«Калі ты прыходзіш з беларускім пашпартам у многія дзяржавы, ды вось і праз пашпартны кантроль, і далей на тэрыторыі, усе дзівяцца, таму што ў нас унікальны пашпарт, у нас са шматлікімі дзяржавамі заключаны бязвіз, і многія візу не могуць атрымаць, а ў нас — раз, пайшоў, і ў нас узровень пашпарта, менавіта вось апошніх пашпартоў, ён надзвычай высокі. Многія глядзяць нават на пашпартных кантролях іншых дзяржаў, глядзяць, кажуць: “Які ўзровень пашпарта і які ўзровень развіцця менавіта ўвогуле інстытуту грамадзянства”».
Аднак паводле колькасці напрамкаў, даступных без загадзя аформленай візы, беларускі пашпарт не ўваходзіць у лік лідараў сусветных рэйтынгаў.
У Henley Passport Index Беларусь займае 63-е месца сярод пашпартоў 199 краін. З беларускім пашпартам можна наведаць без загадзя аформленай візы 78 з 227 дзяржаў і тэрыторый, якія ўлічвае рэйтынг. Гэта на 30 напрамкаў менш за сярэднесусветны паказнік. Для параўнання: з пашпартам Сінгапуру, лідара рэйтынгу, даступныя 192 напрамкі.
Крыніца: Henley Passport Index
У іншым рэйтынгу, Passport Index, Беларусь займае 112-е месца сярод 199 краін. Рэйтынгі выкарыстоўваюць розныя методыкі, таму наўпрост параўноўваць гэтыя пазіцыі нельга. Аднак у абодвух беларускі пашпарт саступае пашпартам усіх суседніх краін.