Кантэкст: 26 лютага 2026 года кіраўніцтва Беларусі і Расеі правяло ў Маскве паседжанне Найвышэйшай дзяржрады Саюзнай дзяржавы. Сустрэчу прымеркавалі да юбілею інтэграцыі. Амаль 30 гадоў таму, у красавіку 1996-га, Аляксандр Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі дамову пра стварэнне Супольнасці Беларусі і Расеі. Праз год яны дамовіліся пра Саюз, а праз тры — пра Саюзную дзяржаву. Беларускі палітык фармальна ўзначальвае гэта абʼяднанне дагэтуль. Па выніках цяперашніх перамоў бакі вырашылі запусціць цягнікі паміж Смаленскам, Воршай і Віцебскам.
За тыдзень да паседжання Найвышэйшай дзяржрады, 19 лютага 2026 года, у эфіры «Першага інфармацыйнага» канала абмеркавалі перспектывы інтэграцыі Беларусі і Расеі. Госць праграмы «Актуальнае інтэрвʼю» Аляксей Аўдонін заявіў, што суседнія краіны бачаць у Саюзнай дзяржаве паспяховую мадэль развіцця. Разважаючы пра перавагі абʼяднання, старшыня праўлення суполкі «Веды» адзначыў:
«На Саюзную дзяржаву глядзяць іншыя краіны постсавецкай прасторы, выдатна разумеючы, што ў рамках інтэграцыі можна дасягнуць значна большага, можна забяспечыць стабільны эканамічны ўзрост».
Каманда Weekly Top Fake праверыла гэта цверджанне. З дадзеных Сусветнага банку пра развіццё эканомік постсавецкіх краін з канца 1990-х гадоў бачна, што цесная інтэграцыя з Расеяй не забяспечыла Беларусі тэмпаў узросту, якія б істотна вылучалі яе на фоне іншых былых рэспублік СССР. Прыкладам, па паказніку ВУП на душу насельніцтва эканоміка Арменіі за апошнія 30 гадоў расла хутчэй за беларускую. Эканамічная дынаміка Казахстану за той жа перыяд была супастаўнай з паказнікамі Беларусі. То бок краіны, што не ўваходзяць у Саюзную дзяржаву, дэманструюць аналагічныя ці больш высокія вынікі развіцця.
Мы знайшлі памылкі і ў іншым цверджанні Аўдоніна. Госць праграмы заявіў, што беларусы зʼяўляюцца «бенефіцыярамі тых працэсаў, якія ідуць у Саюзнай дзяржаве»:
«У нас стабільны эканамічны ўзрост, нізкі ўзровень інфляцыі, нізкі ўзровень беспрацоўя, высокія тэмпы прамысловай вытворчасці. Мы нарошчваем, агулам, не толькі абʼём вытворчасці, але і віды прадукцыі».
Афіцыйныя дадзеныя Белстату за пачатак 2026 году паказваюць іншую дынаміку. Увесь мінулы год узрост ВУП Беларусі запавольваўся, а ў студзені 2026-га пайшоў у мінус і склаў 98,8% да ўзроўню студзеня 2025-га. Пры гэтым ва ўсіх іншых удзельнікаў ЕАЭС, з выняткам Расеі, эканоміка расла.
Абʼёмы прамысловай вытворчасці таксама зніжаюцца. Спад пачаўся яшчэ вясной мінулага года, а да студзеня 2026-га вытворчасць скарацілася на 3,5%. У апрацоўчым сектары падзенне дасягнула амаль 8%.
Інфляцыя, якую эксперт назваў нізкай, па выніках года склала 6,8%. Пры гэтым прадукты харчавання падаражэлі мацней — амаль на 9%. Па тэмпах узросту цэн Беларусь займае сярэднюю пазіцыю ў еўразійскім блоку: нас абагналі Казахстан і Кыргызстан, але ў Арменіі і Расеі інфляцыя ніжэй.