Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Нашыя журналісты атрымалі прэмію Ганса Штайгэра за журналісцкія расследаванні ад Міжнароднага цэнтру журналістаў (ICFJ), прэмію за свабодныя СМІ (Free Media Award) ад фондаў ZEIT-Stiftung Bucerius і Fritt Ord, а таксама прэмію за дасягненні ў журналістыцы дадзеных (Data Journalism Award) ад Грамадства садзейнічання развіццю працоўнай дзейнасці журналістаў і рэдакцыі (SABEW). Наш праект Dubai Unlocked увайшоў «у шорт-ліст» Sigma Awards.
З 2018 па 2026 год нашыя журналісты таксама атрымалі 11 узнагародаў беларускай нацыянальнай прэміі «Вольнае слова».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
Азаронак пераблытаў тоны з доларамі і перабольшыў рэнтабельнасць беларускай сельскай гаспадаркі
Так вядоўца дзяржТБ прыйшоў да высновы, што «Лукашэнка — стартапер».
Дзякуючы Аляксандру Лукашэнку рэнтабельнасць беларускай сельскай гаспадаркі вышэй за 100%, распавёў Рыгор Азаронак у сваім стрыме на канале СТБ. Высветлілі, што ён пераблытаў усе паказнікі і зрабіў няслушныя высновы.
Кантэкст: У 2025 годзе Беларусь павінна прадаць у іншыя краіны харчавання на $9 млрд. А праз пяць гадоў продажы павінны дасягнуць $12 млрд у год. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас цырымоніі ўручэння дзяржузнагарод перадавікам АПК. Асноўны рынак збыту — краіны ЕАЭС, туды ідзе больш за 90% дастаў.
Высокія дасягненні Беларусі ў сельскай гаспадарцы Рыгор Азаронак згадаў 17 снежня 2025 года ў эфіры стрыму «Азаронак. Наўпрост»: «Сёлета на 11 млрд экспарту сельгаспрадукцыі, сельгаспрадпрыемстваў. Рэнтабельнасць больш за 100%. Гэта… Вось гэта! Хаціце рынкавымі метадамі?! Вось гэта стартап! Вось гэта Лукашэнка — стартапер!»
Напэўна, Азаронак не разабраўся ў паказніках і пераблытаў ураджай збожжавых і зернебабовых з экспартнай выручкай: у 2025-м намалацілі 11 млн тон і плануюць зарабіць на экспарце каля $9 млрд.
Рэнтабельнасць продажаў па канчатковым фінансавым выніку ў гэтай галіне, як паказвае статыстыка Белстату, у апошнія гады не перавышае 9%, а без дзяржпадтрымкі ў 2024-м яна ўвогуле склала паўадсотка. 2025-ы — больш ураджайны, рэнтабельнасць за дзевяць месяцаў вырасла да 11%, а без дзяржпадтрымкі — да 2,4%. Абодва паказнікі далёкія ад 100%.