Кантэкст: Аляксандр Лукашэнка 13 ліпеня 2026 года падчас рабочай паездкі ў Шклоўскі раён пракаментаваў сітуацыю з рэтранслятарамі ў Беларусі. Ён заявіў, што беларускія ўлады «рэтранслятары не ставілі супраць Украіны, не ўключалі іх і выключаць не збіраюцца». Раней, 19 чэрвеня, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвінаваціў Лукашэнку ў тым, што на памежных з Украінай тэрыторыях працуе абсталяванне, якое дапамагае каардынаваць расейскія дроны, што наносяць удары па ўкраінскіх гарадах. На свяце «Купалле», якое прайшло 11 ліпеня ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёну ўжо ў 17-ы раз, Лукашэнка таксама заявіў, што хацеў бы бачыць на мерапрыемстве больш украінцаў і ўпэўнены, што хутка іх там будзе вялізная колькасць.
У праграме «Азаронак. Наўпрост», праекце тэлеканалу СТБ, 13 ліпеня 2026 года Рыгор Азаронак згадаў словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Украіну трэба вярнуць «у лона нашага славянства». Ён заявіў, што такому вяртанню перашкаджаюць людзі, якія прасоўваюць тэзу пра тое, што Украіну стварыў Ленін.
«Мяне спыталі ў Расейскай Федэрацыі таксама: “А як вы з Беларусі бачыце вобраз перамогі?” Я згадаў вялікія словы Аляксандра Лукашэнкі: “Вярнуць Украіну ў лона нашага славянства”. Але, прабачце, калі ласка, ідыятызм і трызненне прыходзіць да іх і казаць: “Вас — няма, вы — ніхто, вас прыдумаў Ленін, масоны, Аўстра-Вугоршчына, Ватыкан і рэптылоіды. Вы насамрэч… хутка ўсе да нагі!” Гэта трызненне. Аляксандр Лукашэнка такой пазіцыі не прытрымліваецца. І [гэта] — афіцыйная лінія Расейскай Федэрацыі, і [такой лініі прытрымліваецца] уся інфармацыйная прастора Расейскай Федэрацыі, якая так ці інакш працуе на дзяржаву і на перамогу. А вось усякія хамякі сеткавыя, правадныя, оптавалаконныя і іншыя ідыёты, пацукі, усякія неадэкватныя людзі, якія ўжо даўно, мне здаецца, купленыя ціпсошнікамі (ЦІПСА — Цэнтр інфармацыйна-псіхалагічных аперацыяў Сілаў спецыяльных аперацыяў УСУ — рэд.), яны, вядома, такое і выконваюць», — сказаў Азаронак.
Але тэзу пра тое, што сучасную Украіну стварыла савецкая ўлада, прасоўвалі не толькі ананімныя карыстальнікі сеткі. Яе агучваў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін. Напрыклад, 21 лютага 2022 года ў афіцыйным тэлезвароце ён заявіў: «...у выніку бальшавіцкай палітыкі і ўзнікла савецкая Украіна, якую і ў нашы дні можна з поўнай падставай назваць «Украіна імя Уладзіміра Ільіча Леніна»». Яшчэ раней, у ліпені 2021 года, Пуцін пісаў у артыкуле «Аб гістарычным адзінстве рускіх і ўкраінцаў»:
«...сучасная Украіна — цалкам і поўнасцю дзецішча савецкай эпохі».
Падобную рыторыку выкарыстоўваў Дзмітрый Мядзведзеў — былы прэзідэнт Расеі, цяпер намеснік старшыні Савету бяспекі РФ. У артыкуле для часопіса «Эксперт», апублікаваным у сакавіку 2026 года, ён наўпрост назваў Украіну «неіснуючай краінай».
Такія ж фармулёўкі гучалі і ад расейскага прапагандыста Уладзіміра Салаўёва. У кастрычніку 2025 года ён заявіў:
«У гэтай недадзяржавы нацысцкай, якая не мае ніякага права ўвогуле на існаванне. Я ўвогуле не разумею, чаму мы на поўным сурʼёзе разглядаем вось гэтую дзяржаву, што не адбылася, як нейкую адзінку?»
То бок ідэі пра тое, што Украіну прыдумаў Ленін, прасоўвалі не толькі ананімныя карыстальнікі, паводле слоў Азаронка, купленыя ўкраінскім ЦІПСА: іх публічна агучвалі першыя асобы Расеі і вядоўца, які прасоўвае пракрамлёўскі парадак дня.