Антыфэйк / фактчэк 17 жніўня

Цэркваў больш, а прыхаджанаў... У чым не мае рацыі Азаронак, называючы УПЦ МП «самай вялікай рэлігіяй» ва Украіне

Вядоўца СТБ патлумачыў, чаму, на ягоную думку, украінскім уладам варта перастаць «мачыць, знішчаць, гнабіць» царкву Маскоўскага патрыярхату.

Рыгор Азаронак заявіў, што Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату — «самая вялікая рэлігія» ва Украіне. Фармальна гэта праўда, калі лічыць колькасць храмаў і парафіяў. Але па ліку прыхаджанаў карціна іншая: найбольш украінцаў адносяць сябе да Праваслаўнай царквы Украіны, а доля прыхільнікаў УПЦ МП пасля пачатку поўнамаштабнай вайны рэзка скарацілася.

Кантэкст: Патрыярх Кірыл выпусціў кнігу «Вайна. За межамі бачных прычын і вынікаў», у якой тлумачыць вайну рэлігійнымі прычынамі. Ён прыпісвае вайне «адкупляльнае значэнне», сцвярджае, што яе зыход вызначае Бог, а ў рускага народу ёсць «вялікая адказнасць не ўхіляцца ад гістарычнага абавязку быць пераможцамі». Украіна ў кнізе наўпрост не згадваецца, але яна выйшла на фоне менавіта гэтага канфлікту. Раней патрыярх Кірыл называў напад Расеі на Украіну «працягам той незавершанай вайны, у якой мы атрымалі Вялікую Перамогу вясной 45-га».

У праграме «Азаронак. Наўпрост», праекце СТБ, 28 ліпеня 2026 года Рыгор Азаронак заявіў, што царква Маскоўскага патрыярхату застаецца найбуйнейшай ва Украіне.

«Самая вялікая рэлігія — гэта УПЦ МП. І потым ужо проста УПЦ. Яны ж аддзяліліся на пачатку СВА ад Маскоўскага патрыярхату. Нібыта яна самая вялікая рэлігія, і вам (украінскім уладам — рэд.) нібыта трэба кансалідаваць нацыю падчас вайны, яшчэ нешта там і гэтак далей. Не, вы самую вялікую царкву будзеце мачыць, знішчаць, гнабіць і гэтак далей», — сказаў Азаронак.

Украінская праваслаўная царква, якую таксама называюць УПЦ Маскоўскага патрыярхату або УПЦ МП, хоць афіцыйна яна называе сябе проста УПЦ, сапраўды застаецца найбуйнейшай царквой на тэрыторыі Украіны, калі лічыць колькасць храмаў і парафіяў. Але калі ацэньваць памер царквы па ліку прыхаджанаў, лідаруе не УПЦ МП, а Праваслаўная царква Украіны — ПЦУ. Яна з’явілася ў 2018 годзе ў выніку аб’яднання Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы і Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату.

Яшчэ да поўнамаштабнай вайны, у 2021 годзе, кожны чацвёрты апытаны ўкраінец адносіў сябе да Праваслаўнай царквы Украіны. Да царквы Маскоўскага патрыярхату тады сябе адносілі 13% апытаных жыхароў Украіны. Да 2025 года доля прыхільнікаў УПЦ МП скарацілася да 5%. Яшчэ 10% называлі сябе проста праваслаўнымі. Прыхільнікамі ПЦУ пры гэтым называлі сябе 42% апытаных жыхароў Украіны.

То бок суадносіны па самаідэнтыфікацыі вернікаў — 5% супраць 42% — не пацвярджаюць тэзу пра тое, што УПЦ МП з’яўляецца найбуйнейшай царквой Украіны менавіта па ліку прыхаджанаў.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Драпаты пачаў вайну на Данбасе? На News.by амаль на месяц ссунулі пачатак канфлікту
Антыфэйк / фактчэк Драпаты пачаў вайну на Данбасе? На News.by амаль на месяц ссунулі пачатак канфлікту
Вядоўца Максім Угляніца заявіў, што новы галоўнакамандуючы УСУ распаліў вайну ў 2014 годзе. Але да моманту ягонага ўваходу ў Марыупаль на Данбасе ўжо ішла АТА.
07 жніўня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць