Антыфэйк / фактчэк 18 сакавіка

«Шкварка News» апублікаваў фэйкавае відэа з жартам пра Трампа і Зяленскага, які выпадкова трапіў у эфір Бі-бі-сі

Каманда WTF знайшла арыгінальны запіс эфіру Бі-бі-сі.

Украінскі карэспандэнт Бі-бі-сі Джэймс Уотэрхаўс пажартаваў на тэму сустрэчы прэзідэнтаў Украіны і ЗША Уладзіміра Зяленскага і Дональда Трампа, думаючы, што ён ужо не ў жывым эфіры. Пра гэта паведамілі аўтары тэлеграм-каналу «Шкварка News» і апублікавалі відэа з нібыта гэтым канфузам. Каманда Weekly Top Fake знайшла арыгінал сюжэту. 

Пост з відэа, на якое, як сцвярджаюць аўтары тэлеграм-каналу «Шкварка News», выпадкова трапіла рэпліка карэспандэнта Бі-бі-сі, апублікавалі 5 сакавіка 2025 года. 

«Ангельскі журналіст ВВС, думаючы што ён ужо не ў жывым эфіры, жорстка пажартаваў на тэму нядаўняй сустрэчы Зяленскага з Трампам:

— Я чуў мем, што гэта быў другі выпадак у гісторыі, калі прэзідэнт кагосьці трахнуў у авальным кабінеце», — напісана пад відэа. 

У апублікаваным аўтарамі тэлеграм-каналу роліку за кадрам сапраўды чутная рэпліка падобнага зместу, сказаная мужчынскім голасам. Каманда WTF знайшла арыгінальны запіс эфіру Бі-бі-сі. На ім закадравай рэплікі няма.  

Сам Джэймс Уотэрхаўс заявіў, што голас згенераваны штучным інтэлектам. Пра гэта ён напісаў у сацсетцы Х.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі