У газеце «Менская праўда» 19 жніўня 2025 года апублікавалі артыкул з загалоўкам «Прамысловасць Беларусі: як краіна дэманструе стабільнасць і ўпэўнены рост».
Яе аўтарка Анастасія Іванова напісала, што, па апошніх дадзеных Белстату, аб'ём вытворчасці ў краіне за 7 месяцаў скараціўся на тры дзясятыя адсоткі, калі параўноўваць з тым жа перыядам мінулага года. Журналістка зрабіла выснову: «Гэтыя лічбы адлюстроўваюць захаванне тэмпаў і патэнцыял для далейшага росту ў ключавых галінах».
Аб'ёмы прамысловай вытворчасці ў Беларусі са студзеня, паводле дадзеных Белстату, паступова зніжаюцца, а з красавіка і зусім пайшлі ў мінус. У чэрвені — мінус 3% да мінулага года. Хоць у цэлым за паўгоддзе прамысловасць яшчэ паказвала дзясятыя долі адсотка росту, за 7 месяцаў ужо пайшла ў мінус у параўнанні з тым жа перыядам мінулага года.
Газета «Рэспубліка» таксама напісала пра беларускую прамысловасць: пачатак года выдаўся не вельмі ўдалым для галіны, але да сярэдзіны сітуацыю нібыта атрымаўся выраўняць.
«Замарудзіліся тэмпы росту аб'ёмаў вытворчасці, назіраліся складанасці з экспартам у сілу не самых спрыяльных змен кан'юнктуры на асноўных рынках збыту. Але да сярэдзіны года ў індустрыйнага сектару, мяркуючы па ўсім, атрымалася выраўняцца і нават азначыць пазітыўны трэнд», — гаворыцца ў матэрыяле Уладзіміра Валчкова.
Аўтар прыводзіць у прыклад некалькі пазітыўных паказнікаў — рост прыбытку і рэнтабельнасці. Аднак пра тое, што з красавіка паказнікі зніжаюцца, у артыкуле не ўзгадаў.
Запасы гатовай прадукцыі на складах выраслі, а экспарт абваліўся. З пазітыўнага толькі — пасля істотнага падзення ў студзені экспарт да траўня падрос, але леташнія паказнікі ўсё адно не аднавіліся. Імпартуе Беларусь больш, чым прадае. І хоць Аляксандр Лукашэнка часта кажа пра праблемы з продажамі на расейскім рынку, статыстыку Белстату заўважней за ўсё псуе экспарт у краіны па-за СНД. Імпарт з іх наадварот расце.