У Беларусі 15 траўня 2025 года адзначылі Дзень сям'і. Напярэдадні, 14 траўня, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Кацярына Рэчыц у эфіры Першага нацыйнага канала Беларускага радыё напомніла гледачам і слухачам пра традыцыйныя каштоўнасці і падзялілася статыстыкай. У прыватнасці, яна заявіла, што 95% беларусаў лічаць сям'ю каштоўнасцю. Большасць з іх занепакоена сусветнымі тэндэнцыямі позняга ўступу ў шлюб і народжання дзяцей.
«Рэспубліка Беларусь сёння, можна так бы мовіць, па праве з'яўляецца апорай сямейных і традыцыйных каштоўнасцяў і можа тут выступаць прыкладам шмат якім іншым краінам», — сказала аналітык.
У 2023 годзе, па афіцыйнай статыстыцы, беларусы заключылі амаль 56 тыс. шлюбаў. Гэта 6,1 шлюбу на тысячу жыхароў. У Расеі паказнік крыху вышэй — 6,5. Гэта сапраўды больш, чым у іншых краінах Еўропы і ў цэлым у Еўразвязе. Там у сярэднім на тысячу жыхароў даводзіцца 4 шлюбы. Самыя высокія паказнікі ў Румыніі — 5,8, і Латвіі — 5,6 на тысячу.
Беларусы і беларускі раней бяруць шлюб — у сярэднім да 30 гадоў. У краінах ЕЗ — пасля 30. Аднак трываласць шлюбаў у Еўразвязе вышэй. У 2023 годзе ў Беларусі развяліся 34 тыс. пар, то бок на тысячу чалавек — 3,7 сем'і, якія распаліся. Гэта значыць, што колькасць разводаў складае каля 60% ад ліку шлюбаў. У Расеі — 70%.
У краінах Еўразвяза статыстыка іншая. У Латвіі і Літве, дзе высокі для Еўропы каэфіцыент шлюбаў, распадаецца каля паловы сем’яў. Гэта менш, чым у Беларусі, хоць і ненашмат. А, напрыклад, у Польшчы разводаў у паўтара разы менш, чым у Беларусі
Для поўнасці карціны каманда WTF параўнала і колькасць абортаў. У Беларусі каэфіцыент 7,5 на тысячу жанчын рэпрадукцыйнага ўзросту. У Расеі паказнік амаль удвая вышэй — яна лідаруе сярод краін Еўропы, па якіх ёсць інфармацыя. У Еўразвязе дадзеныя па абортах у розных краінах заўважна адрозніваецца. У Іспаніі паказнік блізкі да беларускага. У Эстоніі — вышэй. Аднак у большасці краін каэфіцыент ніжэй за 7,5.
Выходзіць, што Беларусь не можа быць прыкладам для шмат якіх іншых краін.