Антыфэйк / фактчэк 14 сакавіка

«Дазволена мець некалькі мужоў». У эфіры беларускага радыё перакруцілі шлюбныя нормы Кітая

…абмяркоўваючы ролю Пекіна ў канфлікце ЗША з Іранам.

У эфіры беларускага радыё палітолаг Таццяна Саладоўнікава распавяла, што ў некаторых правінцыях Кітая кабетам афіцыйна дазволена мець некалькіх мужоў, каб павялічыць нараджальнасць. Аднак у кітайскім заканадаўстве замацаваны прынцып манагаміі, а шматмужжа звязана з ранейшымі мясцовымі звычаямі і афіцыйна забаронена.

Кантэкст: Напачатку сакавіка 2026 года Доналд Трамп заявіў, што вайна з Іранам працягнецца каля 4–5 тыдняў, але ўдакладніў, што Вашынгтон можа весці яе столькі, колькі будзе трэба. Яго мэта — дамагчыся змены кіраўніцтва краіны. Амерыканскія медыі са спасылкай на паведамленні выведкі паведамлялі, што Расея можа перадаваць Ірану дадзеныя для нанясення ракетных удараў па пазіцыях ЗША, а Кітай — аказваць Тэгерану фінансавую дапамогу і дастаўляць запчасткі і кампаненты для ракет.

У эфіры «Экспертнага клуба» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё 5 сакавіка 2026 года гаворка зайшла пра тое, чаму Кітаю цяпер не да дапамогі Ірану ў канфлікце з ЗША і Ізраілем. Кажучы ў тым ліку пра дэмаграфічныя праблемы краіны, палітолаг Таццяна Саладоўнікава заявіла:

«Дарэчы, у некаторых правінцыях Кітая кабетам афіцыйна дазволена мець некалькі мужоў. … На афіцыйным узроўні. … Нават у рамках адной сямʼі адна кабета можа быць афіцыйна замужам за братамі».

Гэта не так. У кітайскім Законе пра шлюб 1980 года манагамія замацавана як адзін з асноўных прынцыпаў шлюбу. Дваяжэнства, як і сужыццё з іншым чалавекам у час шлюбу, забаронена. Такая норма зʼявілася ў Кітаі толькі ў 1950-х гадах. Да гэтага ў некаторых рэгіёнах краіны звычайнымі лічыліся і шматжэнства, і шматмужжа.

Звычай, пры якім у кабеты было некалькі мужоў, існаваў у тыбецкім раёне. Найчасцей гаворка ішла пра шлюб адной кабеты з некалькімі братамі з адной сямʼі. Такая практыка называецца паліандрыяй. Аднак яна была звязана не са спробамі павялічыць нараджальнасць, а з умовамі жыцця: у суровай мясцовасці так было прасцей выжываць і весці гаспадарку, тады як аднаму мужчыну было б цяжка ўтрымліваць сямʼю.

Хоць этнічным аўтаномным раёнам Кітая дазволена адаптаваць шлюбнае заканадаўства да мясцовых звычаяў, прыкладам зніжаць шлюбны век, Тыбет у 1981 годзе таксама забараніў палігамію і паліандрыю. Пры гэтым раней складзеныя такія шлюбы дазволілі не касаваць. Іншымі словамі, падобныя звязы маглі захавацца, але афіцыйна яны забароненыя.

Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць