Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Нашыя журналісты атрымалі прэмію Ганса Штайгэра за журналісцкія расследаванні ад Міжнароднага цэнтру журналістаў (ICFJ), прэмію за свабодныя СМІ (Free Media Award) ад фондаў ZEIT-Stiftung Bucerius і Fritt Ord, а таксама прэмію за дасягненні ў журналістыцы дадзеных (Data Journalism Award) ад Грамадства садзейнічання развіццю працоўнай дзейнасці журналістаў і рэдакцыі (SABEW). Наш праект Dubai Unlocked увайшоў «у шорт-ліст» Sigma Awards.
З 2018 па 2026 год нашыя журналісты таксама атрымалі 11 узнагародаў беларускай нацыянальнай прэміі «Вольнае слова».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
«Транс-жанчыны зараз таксама могуць цяжараць». Радыёвядоўца Казакоў убачыў у рэзалюцыі Еўрапарламенту тое, чаго там няма
Еўрадэпутаты абмеркавалі доступ да абароны для ахвяр гвалту.
Еўрапарламент вырашыў прызнаць транс-жанчын жанчынамі і даць ім роўны доступ да праграм абароны, дапамогі па цяжарнасці і родах, распавёў вядоўца Уладзімір Казакоў у эфіры беларускага радыё. Каманда Weekly Top Fake вывучыла рэзалюцыю еўрадэпутатаў і не знайшла ў ёй такога пункта.
Хваля змагання за правы трансгендарных людзей у ЗША пайшла на спад, у адрозненні ад Еўропы, асабліва на яе «перыферыі — у Прыбалтыцы», якая «б'ецца за гэта, як за нешта істотнае», сказаў у эфіры Першага нацыянальнага каналу Беларускага радыё латвійскі блогер, які пераехаў у РБ, Саламон Бэрнштэйн. Гэту дыскусію ў праграме «Экспертная думка» 17 лютага 2026 года пачаў вядоўца Уладзімір Казакоў. Ён распавёў пра новае рашэнне Еўрапарламенту, якое дазволіць «усім мужыкам — не ў армію, а нараджаць і ў дэкрэт»:
«Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю: транс-жанчыны — гэта жанчыны. Цалкам, з усімі вынікаючымі. Роўны доступ да праграм абароны, дапамогі па цяжарнасці і родах. То бок афіцыйна, па версіі еўрадэпутатаў, транс-жанчыны зараз таксама могуць цяжараць».
Еўрапарламент сапраўды прыняў рэзалюцыю, у якой заклікае да прызнання трансгендарных жанчын жанчынамі. Толькі гэта не закон і не норма, якую краіны ЕЗ абавязаны выконваць, а частка рэкамендацыяў еўрапарламентарам пра тое, што можна прасоўваць на сесіі ААН па правах жанчын у сакавіку 2026 года.
У гэтым дакуменце няма ні слова пра цяжарнасць, роды ці дапамогу. Ён пра змаганне з гвалтам над жанчынамі, доступ да правасуддзя, інклюзіўнасць і абарону ад дыскрымінацыі. Толькі адзін яго пункт закранае транс-жанчын. У ім еўрадэпутаты заклікаюць лічыць іх жанчынамі менавіта ў кантэксце змагання з гвалтам і дыскрымінацыяй, каб яны маглі карыстацца праграмамі падтрымкі і дапамогі ахвярам хатняга гвалту.
Паводле дадзеных Мінпрацы, каля 15% жанчын у Беларусі хаця б раз у жыцці сутыкаліся з фізічным ці сексуалізаваным гвалтам. Але за дапамогай наважваецца звярнуцца толькі кожная трэцяя. Пры гэтым у Беларусі гэтак і не прынялі асобны закона пра змаганне з хатнім гвалтам.