Кантэкст: Да сярэдзіны жніўня аграрыі Беларусі ўжо прыбралі большую частку збожжавых пасеваў і рапсу. Да гэтага часу Аляксандр Лукашэнка двойчы прапанаваў адпраўляць тых, хто кепска працуе на ўборачнай, у войска. Падчас рабочай паездкі ў Берасце 30 ліпеня ён патлумачыў, што гаворка не пра пакаранне або папаўненне вайсковых шэрагаў, а пра магчымасць паказаць сябе на іншай працы.
У перадачы «Актуальны мікрафон» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё 3 жніўня 2026 года малодшая навуковая супрацоўніца Цэнтру паліталогіі Інстытуту сацыялогіі НАН Беларусі Лізавета Глушакова ацаніла беларускі ўраджай у параўнанні з іншымі краінамі.
— Лічба сённяшняга дня — у Беларусі намалочана больш за 4,6 млн тон збожжа. Гэта шмат ці мала? — спытала вядоўца Алена Швайко.
— Гэта вельмі шмат, думаю. Нават у параўнанні з іншымі дзяржавамі мы заўсёды адрозніваемся такімі добрымі паказнікамі ў гэтым плане, — адказала Глушакова.
З якімі менавіта дзяржавамі яна параўноўвала Беларусь, Глушакова не ўдакладніла. Але агульны аб’ём намалоту сам па сабе не паказвае эфектыўнасць сельскай гаспадаркі: краіны моцна адрозніваюцца і па памеры тэрыторыі, і па плошчы пасеваў. Для карэктнага параўнання трэба глядзець ураджайнасць — колькі збожжа краіна збірае з аднаго гектара пасеваў.
На фоне Расеі Беларусь сапраўды выглядае лепш. Расея — адзін з найбуйнейшых вытворцаў збожжа, у тым ліку пшаніцы, у свеце. Але ў пераліку на адзін гектар у 2025 годзе там сабралі 34 цэнтнеры збожжавых і зернебабовых. У Беларусі паказнік быў амаль на 4 цэнтнеры вышэйшы. Аднак на гэтым перавага заканчваецца. Іншыя суседнія краіны Беларусь па ўраджайнасці апярэджваюць — у тым ліку Украіна.
Латвія з аднаго гектара палёў, засеяных збожжавымі і зернебабовымі, збірае прыкладна на 5% больш, чым Беларусь. Літва — амаль на 20% больш, а Польшча — прыкладна на траціну больш.
З сярэднім паказнікам Еўразвязу Беларусі таксама цяжка канкураваць. У 2024 годзе, калі ў Беларусі з аднаго гектара атрымалі крыху менш за 34 цэнтнеры збожжа, у ЕЗ сярэдняя ўраджайнасць складала каля 50 цэнтнераў. То бок беларускі ўраджай у пераліку на гектар не выглядае лепш, чым у іншых краін рэгіёну. Беларусь апярэджвае Расею, але саступае Латвіі, Літве, Польшчы і Еўразвязу ў цэлым.