Кантэкст: У Беларусі плануюць прывязаць памер дапамогі па доглядзе дзіцяці да трох гадоў да рэальных даходаў атрымальніка. Такую прапанову абмеркавалі 11 жніўня на нарадзе Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савету Міністраў. Цяпер дапамога выплачваецца па адзінай схеме, незалежна ад таго, колькі зарабляла сям’я да дэкрэту, але ўлады хочуць зрабіць сістэму больш адраснай.
12 жніўня 2026 года на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё вядоўца палітычнага радыё-шоу «Экспертны клуб» Максім Харын заявіў, што Беларусь нібыта выплачвае сем’ям з дзецьмі большую дапамогу, чым суседняя Латвія.
«Глядзіце, Латвія выплачвае штомесяц, гэта прыблізныя сярэднія лічбы, але тым не менш, дапамога на адно дзіця штомесяц — €298. Будзем у еўра гаварыць пра гэта. Беларусь пры гэтым плаціць прыблізна €300. То бок Беларусь пры сваім эканамічным дабрабыце і цэнах, якія ў разы ніжэйшыя, чым у Латвіі, на ўсё — ад прадуктаў да сацыяльных паслугаў, — абскакала Латвію па штомесячнай дапамозе на дзіця», — сказаў Харын.
Затым ён параўнаў аднаразовыя выплаты пры нараджэнні дзіцяці.
«За нараджэнне дзіцяці аднаразовая дапамога, што выплачваецца Латвіяй, — гэта €600 плаціць Латвія. Беларусь пры гэтым — вось цяпер асаблівая ўвага — у Беларусі аднаразовая дапамога на дзіця — гэта €1470. Гэта на адно дзіця. <...> На другое дзіця гэтая дапамога перавышае €2000. Паважаная Латвія, жыхары Латвіі, рабіце адпаведныя высновы», — заявіў вядоўца.
Лічбы Харын назваў рэальныя. У Латвіі ўсе бацькі сапраўды атрымліваюць дзяржаўную штомесячную дапамогу на дзіця да 18 месяцаў — €298. Аднаразовая выплата пры нараджэнні дзіцяці складае €600.
У Беларусі сумы таксама прыкладна такія: з 1 жніўня штомесячная дапамога на дзіця да трох гадоў складае каля €310. Пры нараджэнні першага дзіцяці выплачваюць каля €1500, другога і наступных — крыху больш за €2100.
Але па гэтых лічбах нельга рабіць выснову, што Беларусь падтрымлівае сем’і з дзецьмі больш шчодра за Латвію. Харын параўнаў толькі частку выплат і не распавёў пра дапамогу, якую атрымлівае працоўны і сацыяльна застрахаваны бацька ў Латвіі. Памер гэтай выплаты залежыць ад ранейшага заробку бацькі. Калі выбраць выплаты на 13 месяцаў, дапамога складае 60% ранейшага заробку. Калі расцягнуць іх на 19 месяцаў — крыху больш за 40%. Сярэдні заробак у Латвіі на пачатку 2026 года перавышаў €1800. Таму поўная сума, якую можа атрымліваць сярэднестатыстычны працоўны латвійскі бацька ў дэкрэце, складае прыкладна ад €1000 да €1400 на месяц.
У Беларусі такой дапамогі няма. Нават калі дапамогу па доглядзе дзіцяці да трох гадоў прывяжуць да даходаў атрымальніка, яна застанецца адной штомесячнай дапамогай. У Латвіі ж выплат дзве: фіксаваная частка і дапамога, якая залежыць ад ранейшага заробку бацькі.
Аднаразовая дапамога пры нараджэнні дзіцяці ў Латвіі сапраўды меншая, чым у Беларусі. Але і тут параўнанне не поўнае: шмат залежыць ад мясцовага самакіравання. Муніцыпалітэты могуць даплачваць маладым бацькам. Напрыклад, жыхары Юрмалы атрымліваюць яшчэ €1500 на кожнага нованароджанага. З такой даплатай сям’я атрымлівае больш за €2000.
Акрамя таго, у Латвіі ёсць дапамога, якую выплачваюць з аднаго года да 16 гадоў, а калі дзіця працягвае вучыцца — да 20 гадоў. У Беларусі падобнай выплаты няма. У Латвіі такая дапамога складае ад €25 да €100 на дзіця на месяц — у залежнасці ад таго, колькі дзяцей у сям’і. Чым больш дзяцей, тым вышэйшая сума на кожнае дзіця. За дваіх дзяцей сям’і плацяць €100 на месяц да іх 16-годдзя, за чацвярых — €400.
То бок Максім Харын параўнаў Беларусь і Латвію толькі па базавай дапамозе — штомесячнай выплаце на маленькае дзіця і аднаразовай выплаце пры нараджэнні. Але не ўлічыў латвійскую дапамогу для працоўных сацыяльна застрахаваных бацькоў, муніцыпальныя даплаты і выплаты на дзяцей старэйшага ўзросту. Таму выснова, што Беларусь выплачвае сем’ям з дзецьмі больш, чым Латвія, няслушная.