Антыфэйк / фактчэк 24 лютага

Эканоміка Беларусі «стрэліла»? Эканаміст Аўдонін няправільна адказаў на сваё ж пытанне пра поспехі краін, што ўваходзілі ў СССР

Госць СТБ заявіў, што «на постсавецкай прасторы» у нашай краіны лепшыя паказнікі ў экспарце, ЗВР і прыцягненні інвестыцый.

Эканамічны аналітык Аляксей Аўдонін у эфіры СТБ заявіў, што беларуская эканоміка стрэліла і што на постсавецкай прасторы не было супастаўнага поспеху. У якасці аргументаў ён згадаў узрост экспарту, золатавалютных рэзерваў і прыцягненне інвестыцый. Каманда Weekly Top Fake праверыла гэтыя тэзы і высветліла, колькі краін апярэдзілі нашу па гэтых паказніках. 

Кантэкст: Золатавалютныя рэзервы Беларусі напачатку 2026 года наблізіліся да $16 млрд — гэта гістарычны максімум. Па ацэнцы Еўразійскага банку развіцця, як піша БелТА, студзеньскі прырост стаў найбуйнейшым з чэрвеня 2017 года. Пры гэтым асноўны ўнёсак у павелічэнне забяспечыла падаражэнне золата.

Чаму беларуская эканоміка — самая развітая сярод краін былога СССР, эканамічны аналітык Аляксей Аўдонін патлумачыў 9 лютага 2026 года ў эфіры перадачы «Азаронак. Наўпрост» на СТБ.

«Мы пачалі зарабляць на экспарце, акумуляваць у сябе золатавалютныя рэзервы, ствараць падушкі, прыцягваць інвестыцыі. <...> Дзе, пакажыце мне, на постсавецкай прасторы так, давайце выкарыстоўваць такі тэрмін, стрэліла нацыянальная эканоміка? Ды нідзе!» — сам на сваё пытанне няправільна адказаў Аўдонін.

Каманда WTF знайшла іншы, правільны адказ. Па выніках мінулага года экспарт Беларусі перавысіў $41 млрд. Аднак імпарт быў яшчэ вышэй. У выніку сальда гандлю таварамі апынулася адмоўным — мінус $7 млрд. Калі падсумоўваць паказнікі па таварах і паслугах, разрыў паміж экспартам і імпартам скароціцца, але застанецца адмоўным — за 11 месяцаў прыкладна $1,3 млрд. Гэта значыць, што Беларусь выдаткоўвае больш, чым зарабляе.

Золатавалютныя рэзервы ў Беларусі хоць і выраслі, але яны ў чатыры разы меншыя, чым, напрыклад, у Казахстану, з насельніцтвам толькі ўдвая большым. У Расеі ЗВР перавышае беларускі прыкладна ў 51 раз — пры насельніцтве, большым у 16 разоў.

Калі ацэньваць доўгатэрміновую дынаміку, з 1995 па 2024 гады ВУП на душу насельніцтва ў Беларусі вырас у шэсць разоў. Для параўнання: у Латвіі і Эстоніі ён павялічыўся ў дзевяць разоў, у Казахстане — амаль у 12, у Літве — у 13, у Грузіі — амаль у 16, у Арменіі — у 19 разоў.

На 2024 год ува ўсіх пералічаных краінах гэты паказнік быў вышэйшы, чым у Беларусі: у Казахстане — прыкладна ўдвая, у Латвіі — утрая, у Літве і Эстоніі — у чатыры разы.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Антыфэйк / фактчэк «Урзуля фон дэр Ляен напэўна прысела». На тэлеканале «Брэст» выдалі старое інтэрв’ю Петэра Мадзяра за новую палітычную сенсацыю
Вядоўца Ала Грыгарчук заявіла, што новы прэм’ер Вугоршчыны нядаўна прапанаваў Віктару Орбану ўзначаліць Еўракамісію.
11 мая 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць