Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Нашыя журналісты атрымалі прэмію Ганса Штайгэра за журналісцкія расследаванні ад Міжнароднага цэнтру журналістаў (ICFJ), прэмію за свабодныя СМІ (Free Media Award) ад фондаў ZEIT-Stiftung Bucerius і Fritt Ord, а таксама прэмію за дасягненні ў журналістыцы дадзеных (Data Journalism Award) ад Грамадства садзейнічання развіццю працоўнай дзейнасці журналістаў і рэдакцыі (SABEW). Наш праект Dubai Unlocked увайшоў «у шорт-ліст» Sigma Awards.
З 2018 па 2026 год нашыя журналісты таксама атрымалі 11 узнагародаў беларускай нацыянальнай прэміі «Вольнае слова».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
Беларусь — у топ-10 прамысловых краін свету? Праверылі Георгія Грыца
На СТВ патлумачылі, што сабой уяўляе Беларусь як індустрыйная краіна.
У эфіры праграмы «Па сутнасці» на тэлеканале СТВ эканамічны аналітык Георгій Грыц заявіў, што Беларусь уваходзіць у топ-10 краін свету па рэальным сектары эканомікі. Але статыстычныя дадзеныя ні Сусветнага банку, ні Белстату гэта не пацвярджаюць.
Абмяркоўваючы на СТВ прамысловую кааперацыю з Расеяй, эканамічны аналітык Георгій Грыц заявіў, што па ўзроўні прамысловасці ў эканоміцы Беларусь удвая перавышае сярэдні паказнік у свеце:
«Мы ўваходзім у топ-10 краін па рэальным сектары эканомікі. То бок апрацоўчай прамысловасці — топ-10. Калі ў сярэднім у свеце ўзровень прамысловасці недзе 31%, то ў нас гэта лічба – 65%», — заявіў Грыц у эфіры 21 ліпеня 2025 года.
Эканамічны аналітык не ўдакладніў, які менавіта рэйтынг мае на ўвазе. Але журналісты праекту Weekly Top Fake знайшлі публікацыю за верасень 2024 года з інфаграфікай, у якой утрымліваецца такая інфармацыя. Яна нібыта заснавана на дадзеных Сусветнага банку, па якіх Беларусь знаходзіцца на 10 месцы сярод краін па паказніку ўнёску прамысловасці ў ВУП.
Журналісты WTF праверылі базу дадзеных Сусветнага банку і высветлілі, што Беларусь займае 19 месца ў свеце, паміж Узбекістанам і Туркменістанам, з доляй у 20%.
Найвялікшую долю прамысловасці ў ВУП мае Пуэрта-Рыка — 44%. А 65% няма ні ў адной краіны ў свеце. Для параўнання ў Нямеччыны гэта доля — 18%, у Польшчы — 15%, у Расеі — 13%, а ў ЗША — 10%.
Паводле дадзеных Белстату, гэты паказнік для Беларусі крыху вышэйшы за дадзеныя Сусветнага банку, — 25%. [*] За апошнія 20 гадоў ён змяняўся нязначна — усяго на пару адсоткавых пунктаў, а яго гістарычны максімум быў у 2011 годзе – амаль 32%. [*]