Пра сельскагаспадарчую моц Беларусі і харчовую бяспеку Еўразвязу дэпутат Алег Гайдукевіч разважаў 12 жніўня 2024 года ў эфіры «Альфа Радыё» і «СБ ТБ».
«І дзякуй богу, што мы не знішчылі сельскую гаспадарку ў 90-я гады! Дзякуй богу, што прэзідэнт захаваў калгасы — разбураць не будаваць. Уся гэтая казка, што мы цяпер усіх фермерамі зробім і зажывём... Вунь, Еўропа паказвае сёння, дзе іх сельская гаспадарка — усё знішчана. Вялізныя праблемы, колькі закупляецца», — распавёў дэпутат.
Еўразвяз у 2023 годзе экспартаваў сельгаспрадукцыі на $230 млрд. Гэтая сума амаль у паўтара разу большая, чым выдаткаваная ЕЗ на закупкі ў іншых краінах.
Пяць з дзесяці найбуйнейшых экспарцёраў харчавання, па дадзеных Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб'яднаных Нацый, — краіны Еўропы. Гэта Нідэрланды, Нямеччына, Францыя, Іспанія і Італія.
На карце харчовай бяспекі краін свету за 2022 год, якую складае часопіс The Economist, паказана, што Беларусь сярод еўрапейскіх дзяржаў — трэцяя з канца па гэтым крытэры. Ніжэй толькі Сербія і Украіна. Праўда, у гэты індэкс не ўключаны краіны Балтыі і Заходніх Балкан.
Беларусь атрымала добрую адзнаку па наяўнасці ежы, гэта значыць яе шмат для насельніцтва краіны. А па якасці і бяспецы ежы, на думку складальнікаў мапы, — наша краіна на апошнім месцы ў Еўропе. У асноўным праз незбалансаванасць карысных пажыўных рэчываў у ёй.
Мы ўжо распавядалі пра даступнасць здаровай ежы ў Беларусі і суседніх краінах. 7 чэрвеня 2024 года дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Юлія Волкава заявіла, што доля беларусаў, якія не могуць дазволіць сабе правільнае харчаванне, адна з найменшых у свеце — 0,2%. У суседзяў паказчык нібыта вышэйшы. Што паказала нашае параўнанне, чытайце тут.
Што ж тычыцца даступнасці ежы для насельніцтва па яе кошце, то ў Беларусі — перадапошняе месца ў Еўропе. Ваюючая Украіна адстала ад нас усяго на адну пазіцыю.