Антыфэйк / фактчэк Сёння

БелТА напісала пра нізкую нараджальнасць у Літве, але забылася згадаць, што ў Беларусі сітуацыя не лепш

Эксперт, на якога спаслалася інфармацыйнае агенцтва, пісаў пра абедзве краіны, у публікацыі засталася толькі адна.

«У Літве назіраецца дэмаграфічнае самагубства» — навіну з такім загалоўкам апублікавала БелТА. Супрацоўнікі інфармацыйнага агенцтва спаслаліся на словы літоўскага эканаміста, які ў фэйсбуку распавёў пра дэмаграфічную сітуацыю ў краіне. Каманда Weekly Top Fake знайшла важныя дэталі, якія дзяржаўны рэсурс апусціў.

Кантэкст: У Менску жанчынам будуць даплачваць за ранняе мацярынства. З 2026 года мамам, якія нарадзілі дзіцё да 25 гадоў, апроч існуючай дапамогі належыць сума, роўная двум бюджэтам пражыткавага мінімуму. Гэта каля 1000 рублёў ці прыкладна $350. Даплата аднаразовая — пры нараджэнні дзіцяці. Падобныя выплаты ўжо некалькі гадоў практыкуюць у некаторых рэгіёнах Расеі. У адных яны прывязаны да маладога ўзросту, у іншых — да статусу студэнткі ці навучэнкі. А з нядаўняга часу ў некаторых рэгіёнах іх пашырылі і на непаўналетніх мам.

Нататку пра зніжэнне нараджальнасці ў Літве інфармацыйнае агенцтва БелТА апублікавала 15 студзеня 2026 года. 

«Старэйшы эканаміст банку Luminor Жыгімантас Маўрыцас заявіў, што ў Літве назіраецца дэмаграфічнае самагубства, інфармуюць літоўскія медыі. Дэмаграфічнае самагубства — гэты тэрмін трапна характарызуе дадзеныя пра нараджальнасць у Літве, заўважыў эканаміст. Ён адзначыў, што ў 2025 годзе ў Літве нарадзілася ўсяго 17 500 дзяцей, сумарны паказнік нараджальнасці зменшыўся да 1,0», — напісалі аўтары тэксту, абапіраючыся на словы літоўскага эксперта. 

Дадзеныя пра 17,5 тыс. народжаных у 2025 годзе дзяцей яшчэ афіцыйна не пацверджаны. У ЗАГСах зарэгістравана больш нованароджаных — 24 тыс., але гэта з улікам народжаных за мяжой.

Старэйшы эканаміст банку Luminor Жыгімантас Маўрыцас сапраўды назваў сітуацыю з нараджальнасцю ў Літве дэмаграфічным самагубствам. Аднак супрацоўнікі БелТА апусцілі важны момант: эксперт параўнаў Літву ў гэтай праблеме з Беларуссю.

«Мы можам суцешыцца толькі тым, што ў іншых краінах свету нараджальнасць таксама хутка зніжаецца, і не толькі ў багатых краінах. Напрыклад, у суседняй Беларусі ў 2024 годзе агульны каэфіцыент нараджальнасці склаў 1,0, а ў Калінінградскай вобласці — 1,2. У Кітаі ён зваліўся да 1,0, у Еўрапейскім Звязе — да 1,4, а ў Індыі ён апусціўся ніжэй за адзнаку 2,1», — напісаў Маурыцас у фэйсбуку. 

Дадзеныя Белстату пацвярджаюць яго словы: у Беларусі каэфіцыент нараджальнасці на тым жа ўзроўні, што і ў Літве. 

Крыху раней, 9 студзеня, на БелТА выйшаў матэрыял з загалоўкам «У Літве дэмаграфічны калапс. Памірае ўдвая больш людзей, чым нараджаецца». У ім аўтары згусцілі фарбы: у артыкуле на літоўскім партале LRT, які пераказалі супрацоўнікі агенцтва, сітуацыю не называлі калапсам. Апроч таго, у Беларусі таксама памірае людзей удвая больш, чым нараджаецца

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць