Антыфэйк / фактчэк 17 снежня 2025

Палітыкі ці народ? Хто ў Латвіі насамрэч не захацеў зрабіць расейскую мову дзяржаўнай

Латвійскі блогер Саламон Бернштэйн, які пераехаў у Беларусь, ва ўсім абвінаваціў дэпутатаў Сейма.

Блогер Саламон Бернштэйн, які пераехаў з Латвіі ў Беларусь, заявіў, што ініцыятыву аб наданні расейскай мове статусу дзяржаўнай загарнулі ў Сейме ўжо ў першым чытанні. На самой справе пытанне вырашылася на рэферэндуме, дзе большасць латвійцаў выказаліся супраць. Каманда Weekly Top Fake аднавіла дэталі, якія латвіец апусціў.

Кантэкст: У 2025-м латвійскія памежнікі спынілі амаль 12 тыс. спробаў незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі, што ў два разы больш, чым летась. Латвія не мае намеру адмяняць узмоцнены рэжым кантролю на сумежнай тэрыторыі да сярэдзіны 2026-га праз пагрозу нелегальнай міграцыі. 

Пра тое, што ў Латвіі нібыта не ўлічваюць меркаванне грамадзян у пытанні выкарыстання расейскай мовы, латвійскі блогер Саламон Бернштэйн (сапраўднае імя — Канстанцін Рудакоў), які пераехаў у Беларусь, распавёў у эфіры «Радыё Менск» 2 снежня 2025 года. 

— Латвійскі плебісцыт — гэта як рускі бунт: крывавы і бессэнсоўны. ... Да моманту, пакуль грамадства не падняло пытанне з рускімі школамі, з рускамоўнымі, і не сабрала-такі неабходную колькасць подпісаў... — пачаў распавядаць блогер, але не скончыў думку.

— То бок рэферэндум быў? — перабіла яго вядоўца Алёна Радоўская.

— Рэферэндум быў! Ён прайшоў, ён набраў неабходную колькасць галасоў. Але ж гэта ж проста заканадаўчая ініцыятыва. Яе ніхто не абавязаны ... то бок тыя, хто мае ўладу, не абавязаныя пад ёй ставіць подпіс сцвярджальны, даваць сваю візу. Гэта справа пайшла ў Сейм (латвійскі парламент), і ў першым жа чытанні была паспяхова загорнутая налева. Усё. На гэтым усё скончылася, — сказаў на заканчэнне Бернштэйн.

У 2011 годзе грамадская арганізацыя «Родная мова» сапраўды сабрала каля 12,5 тыс. подпісаў за прысваенне рускай мове статусу дзяржаўнай і перадала іх у мясцовую Цэнтральную выбарчую камісію, каб арганізаваць рэферэндум па гэтым пытанні. Па латвійскіх законах, дастаткова 10 тыс. подпісаў, каб давесці высокую грамадскую цікавасць да праблемы. Наступны этап — ЦВК зноў абвяшчае збор подпісаў. Для змены заканадаўства неабходныя подпісы 10% ад усіх выбарнікаў або каля 150 тыс. Калі ініцыятыву падтрымлівае патрэбная колькасць грамадзян, яе адпраўляюць у Сейм. Дэпутаты могуць ухваліць яе і без рэферэндуму. 

Прапанову аб наданні рускай мове статусу дзяржаўнай Сейм не падтрымаў, таму пытанне вынеслі на рэферэндум, дзе 75% прагаласаваўшых выказаліся супраць. Вынікі рэферэндуму, згодна з Канстытуцыяй Латвіі, абавязковыя для выканання. Так што кропку ў гэтым пытанні паставілі самі латвійцы, а не Сейм. 

У 2018 годзе Рускі саюз Латвіі спрабаваў ініцыяваць яшчэ адзін рэферэндум — аб захаванні навучання на рускай мове. Але ЦВК палічыла, што гэта супярэчыць Канстытуцыі, і адхіліла ініцыятыву. З 2021 года пасля школьнай рэформы ў старэйшых класах вучацца на латышскай мове.

Гэта не першы фэйк ад Бернштэйна, развенчаны камандай WTF. У 2024 годзе ў эфіры праграмы «Скажы не маўчы» на тэлеканале «Беларусь 1» ён заявіў, што сакрэтных пратаколаў да пакта аб ненападзе паміж СССР і фашысцкай Нямеччынай не існавала.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць