Антыфэйк / фактчэк 26 сакавіка

На БТ крызіс у Латвіі пацвердзілі відэа, знятым у Крыме

У роліку дзяўчына скардзіцца на высокія кошты жыцця.

У краінах Балтыі пагаршаецца зацяжны эканамічны крызіс, распавяла вядоўца Кацярына Ціхамірава ў праграме «Кацюшын разлік». У доказ яна паказала відэа, на якім дзяўчына скардзіцца на высокі кошт жыцця. Каманда Weekly Top Fake знайшла яго арыгінал і высветліла, што гаворка ідзе не пра Літву, Латвію ці Эстонію. 

Пра пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў краінах Балтыі, у прыватнасці ў Латвіі, праз «санкцыйныя войны з Беларуссю і Расеяй» вядоўца Кацярына Ціхамірава распавяла ў праграме «Кацюшын разлік» на ютуб-канале NEWS.BY 17 сакавіка 2025 года. Свае словы яна пацвердзіла відэа, на якім дзяўчына плача і скардзіцца на недахоп грошай.

«Я шчыра не разумею, чаму жыццё каштуе так дорага! Чаму такая базавая патрэба, як жытло, як дах над галавой, каштуе нейкіх касмічных грошай? Чаму я павінна ішачыць на працы ўвесь свой час і пры гэтым зарабляць толькі на ежу?» — задае яна пытанні на рускай мове. 

Каманда WTF знайшла арыгінал гэтага роліку ў TikTok. Яго запісала карыстальніца з нікам rika. Пад відэа сярод іншых стаяць хэштэгі #жизньвроссии і #россия. 

Дзяўчына перыядычна публікуе распакаванні тавараў з Wildberries, распавядаючы пра свой заробак, і называе суму ў рублях. У адным з відэа на сваім ютуб-канале яна кажа, што нарадзілася і жыве ў Крыме. 

То бок дзяўчына, якую ў праграме «Кацюшын разлік» прадставілі жыхаркай Латвіі, не мае дачынення да краін Балтыі і скардзіцца на цяжкае жыццё на тэрыторыі, акупаванай Расеяй. Гэта відэа завірусілася ў сацсетках і сабрала на момант нашай публікацыі больш за мільён праглядаў.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі