Антыфэйк / фактчэк Сёння

Галоўрэд «Менскага кур’ера»: кітайскія студэнты перасталі прыязджаць ва Украіну яшчэ да 2022 года. Правяраем

Кірыл Казакоў патлумачыў гэта пагрозамі з боку мясцовых жыхароў.

Галоўны рэдактар газеты «Менскі кур’ер» Кірыл Казакоў заявіў, што кітайскія студэнты яшчэ да 2022 года перасталі прыязджаць вучыцца ва Украіну праз пагрозы іх бяспецы. Аднак дадзеныя ўкраінскага Мінадукацыі і паведамленні кітайскага боку паказваюць, што грамадзяне Кітая вучыліся ў краіне да поўнамаштабнай вайны і працягваюць атрымліваць адукацыю ва ўкраінскіх ВНУ.

Кантэкст: У канцы верасня 2026 года Сі Цзінь Пін наведаў ЗША з візітам у адказ. Доналд Трамп сустрэў кітайскага калегу ля трапа самалёта. Лідары дамовіліся пра ўзаемнае зніжэнне тарыфаў на $30 млрд. The Washington Post са спасылкай на афіцыйнае паведамленне кітайскага ўрада таксама паведаміла, што бакі абмеркавалі вайну ва Украіне. Аднак заяў паводле вынікаў гэтага абмеркавання не было.

16 верасня 2026 года ў перадачы «Азаронак. Наўпрост» Кірыл Казакоў прапанаваў ацэньваць бяспеку краіны паводле таго, ці прыязджаюць туды кітайскія студэнты. Паводле яго слоў, яны выбіраюць для вучобы толькі самыя бяспечныя месцы, а ва Украіне ім пагражалі мясцовыя жыхары:

«Калі вы не ведаеце, увогуле кітайскія студэнты досыць педантычна ставяцца да выбару месца навучання за мяжой. Чаму? Таму што яны выбіраюць толькі самыя бяспечныя месцы. Дык вось, кітайскія студэнты даўно перасталі ехаць вучыцца ва Украіну, яшчэ да 22 года, таму што гэта надзвычай небяспечнае месца. І небяспечным яно было не таму, што там цяпер лётаюць бомбы, а таму, што да студэнтаў з Кітая там надзвычай небяспечна ставіліся мясцовыя жыхары. Маглі абрабаваць, маглі, ну, забіць, можа быць, не так часта, але абрабаваць, напрыклад, праява ксенафобіі ў дачыненні да кітайцаў з крыкамі “вузкавокія” і гэтак далей і да таго падобнае. Гэта ўсё адбывалася ў Кіеве, Харкаве, Днепрапятроўску».

Аднак кітайскія студэнты вучыліся ва Украіне і да поўнамаштабнай вайны. Паводле дадзеных Міністэрства адукацыі і навукі Украіны, на пачатак 2020 года ў краіне атрымлівалі адукацыю каля 3500 грамадзян Кітая. Іх прысутнасць ва Украіне пацвярджалі і кітайскія СМІ. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ў 2022 годзе яны паведамлялі, што там знаходзяцца без малога 3000 студэнтаў з Кітая, якіх эвакуявалі дадому.

Грамадзяне Кітая працягваюць атрымліваць адукацыю ва ўкраінскіх ВНУ і падчас поўнамаштабнай вайны. У траўні 2026 года намеснік міністра адукацыі і навукі Украіны паведаміў пра 6000 кітайскіх студэнтаў. Ён не ўдакладніў, колькі з іх знаходзяцца ў краіне, а колькі вучацца дыстанцыйна, таму гэтая лічба не дазваляе меркаваць пра колькасць кітайскіх студэнтаў, якія фізічна знаходзяцца ва Украіне.

Паводле дадзеных украінскага боку, грамадзяне Кітая сталі самай шматлікай групай сярод замежных студэнтаў: на іх прыпадае амаль траціна. Раней першае месца займалі грамадзяне Індыі.

Пры гэтым некаторыя кітайскія студэнты прысутнічаюць ва Украіне і падчас вайны. Пра гэта сведчаць восеньскія спартыўныя гульні, якія амбасада Кітая правяла для іх у Кіеве 26 жніўня 2025 года. Мерапрыемства арганізавалі, каб дапамагчы студэнтам умацаваць здароўе і зняць стрэс.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць