Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Нашыя журналісты атрымалі прэмію Ганса Штайгэра за журналісцкія расследаванні ад Міжнароднага цэнтру журналістаў (ICFJ), прэмію за свабодныя СМІ (Free Media Award) ад фондаў ZEIT-Stiftung Bucerius і Fritt Ord, а таксама прэмію за дасягненні ў журналістыцы дадзеных (Data Journalism Award) ад Грамадства садзейнічання развіццю працоўнай дзейнасці журналістаў і рэдакцыі (SABEW). Наш праект Dubai Unlocked увайшоў «у шорт-ліст» Sigma Awards.
З 2018 па 2026 год нашыя журналісты таксама атрымалі 11 узнагародаў беларускай нацыянальнай прэміі «Вольнае слова».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
Колькі дзяржава выдаткоўвае на сілавікоў і сацыяльную сферу: версія Азаронка супраць рэальнасці
Паглядзелі, колькі на кожную са сфер адведзена ў кансалідаваным бюджэце Беларусі на 2025 год.
У Беларусі 80% дзяржаўнага бюджэту ідзе на сацыялку (будаванне, медыцыну, адукацыю і іншае), а на сілавыя структуры — усяго $50 млн, расказаў у эфіры праграмы «Азаронак. Наўпрост» Рыгор Азаронак. Каманда Weekly Top Fake высветліла, наколькі вядоўца перабольшыў выдаткі на першае і прыменшыў на другое.
Высокую сацыяльную арыентаванасць Беларусі Рыгор Азаронак абмеркаваў 14 кастрычніка 2025 года з палітолагам Андрэем Лазуткіным. Вядоўца заявіў, што вялікую частку бюджэту краіна выдае на сацыяльную сферу:
«На ўсе сілавыя структуры (то бок армія, міліцыя, КДБ і ўсе на свеце) у нас $50 млн прыкладна ў бюджэце артыкул. Ну, зразумела, што ў кожным бюджэце ёсць яшчэ і закрытая частка гэтага фінансавання, але тым не менш гэта прыкладна так. На сацыялку (а гэта ўсе разам: будаванне, медыцына, адукацыя і ўсё, што звязана з сям'ёй, соцыумам, з побытам, з жыццём) у нас 80% бюджэту ідзе. 80! Велізарная-велізарная лічба».
Расходная частка рэспубліканскага бюджэту на 2025 год — амаль 50,3 млрд рублёў (прыкладна $16,2 млрд). Выходзіць, што $50 млн, якія Азаронак адвёў на сілавікоў, — гэта трохі больш за 0,3% ад яго. У рэальнасці на нацыянальную абарону бюджэт скіроўвае больш за 4,7 млрд рублёў. Яшчэ больш — 5,3 млрд рублёў — на судовую ўладу, праваахоўную дзейнасць і забеспячэнне бяспекі, куды ўваходзяць выдаткі на міліцыю, КДБ, пракуратуру і гэтак далей. Усе разам — гэта 10 млрд рублёў ці звыш $3 млрд. То бок у 60 разоў больш, чым заявіў Азаронак.
У кансалідаваным бюджэце, то бок зведзеных разам рэспубліканскім і ўсіх мясцовых бюджэтаў краіны, на абарону, бяспеку і суды адводзіцца 12,4%.
Да выдаткаў на сацыяльную сферу адносяцца траты на адукацыю, ахову здароўя, сацыяльную палітыку, фізічную культуру, спорт, культуру і медыі. На гэта агулам ідзе прыкладна 42% кансалідаванага бюджэту. Яшчэ каля 5% — выдаткі на жыллёва-камунальныя паслугі і будаванне. То бок на ўсе — 47%, а не 80%, як сцвярджае Азаронак.
Яшчэ пяць гадоў таму, у 2020-м, на абарону і бяспеку дзяржава выдаткоўвала 9,8% бюджэтных сродкаў, а на сацыяльную сферу — палову.