Пра тое, як на сусветных пляцоўках даведаліся пра пацярпелых ад Чарнобыльскай аварыі беларусаў, журналіст БелТА Юрый Гроераў распавёў у праекце тэлеграфнага агенцтва «Як гэта было» 12 верасня 2024 года.
«У краіне была і ёсць яшчэ адна частка насельніцтва, якой патрабавалася сацыяльная падтрымка. Гэта людзі, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Калі да сярэдзіны 90-х на сусветных пляцоўках гучала ў асноўным тэма аб пацярпелай ад аварыі Украіны, то са стварэннем суверэннай краіны Лукашэнка ўсё часцей уздымаў гэтае пытанне і ў разрэзе Беларусі», — падзяліўся з гледачамі журналіст.
Ён не згадаў, як гэта паўплывала на сацыяльную падтрымку чарнобыльцаў. Як і не распавёў пра некаторыя рашэнні Аляксандра Лукашэнкі адносна пацярпелых і ліквідатараў.
У 1995 годзе Лукашэнка выдаў указ, якім прыпыніў дзеянне часткі ільгот для чарнобыльцаў. Напрыклад, яны страцілі права на беспрацэнтны крэдыт на набыццё жытла і на крэдыт на куплю садовай хаткі, пазбавіліся бясплатнага праезду ў транспарце, зніжкі на аплату камунальных паслуг. Ільготы адмянілі часова, але і праз амаль 30 гадоў яны не запрацавалі.
У 1991 годзе старшыня Вярхоўнай Рады Рэспублікі Беларусь Мікалай Дземянцей падпісаў закон «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», які прадугледжваў ільготы для чарнобыльцаў. Да 2007 года з 26 ільгот, якія прадугледжваліся для тых, хто перанёс прамянёвую хваробу і атрымаў інваліднасць з прычыны аварыі, выкраслілі 12 пунктаў. У ліквідатараў аварыі першапачаткова было 15 ільгот. Засталося шэсць. А ў 2009 годзе ліквідавалі і сам закон. І прынялі новы.
У ім таксама прадугледжаныя ільготы для пацярпелых ад аварыі і тых, хто ліквідаваў наступствы, але іх менш, чым у папярэднім законе. Да прыкладу, хворыя і тыя, хто перанес прамянёвую хваробу, інваліды з прычыны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС маюць перавагу пры вызначэнні ў дамы састарэлых, псіханеўралагічныя інтэрнаты і падобныя ўстановы са стацыянарам. Таксама яны маюць права на аплату бальнічнага ў памеры 100% ад сярэдняга заробку ў выпадку часовай непрацаздольнасці.
Захварэўшыя і тыя, хто перанес прамянёвую хваробу, інваліды I і II групы з прычыны катастрофы, дзеці-інваліды могуць прэтэндаваць на бясплатны выраб і рамонт зубных пратэзаў, бясплатны праезд на чыгуначным транспарце рэгіянальных ліній эканомкласу. Некаторым катэгорыям можна купляць лекі па рэцэпце лекара са зніжкай 90%.