Антыфэйк / фактчэк Сёння

На магілёўскім тэлебачанні параўналі кошт родаў у Беларусі і ЕЗ ды перабольшылі розніцу ў 12 тысяч разоў

Базавыя выдаткі на роды ў краінах Еўразвязу пакрывае медстрахоўка.

У еўрапейскіх краінах за роды плацяць да €12 тыс., распавялі ў відэасюжэце на тэлеканале «Беларусь-4. Магілёў». Каманда Weekly Top Fake высветліла, што гэта няпраўда.

У праграме «Усе па справе» 17 кастрычніка 2025 года параўналі кошт родаў у Беларусі і Еўропе:

«Зазвычай, упершыню слова “мама", у дачыненні да сябе, жанчыны чуюць у радзільным доме. За знаходжанне ў ім парадзіхам у Беларусі ніякіх грошай плаціць не трэба. Калі, вядома, яны не абіраюць платныя палаты ці, напрыклад, партнёрскія роды. Для параўнання: у еўрапейскіх краінах з'яўленне на свет дзіцяці ў сярэднім бацькам абыходзіцца ў €10-12 тыс.»

Як высветлілі журналісты праекту WTF, гэта не адпавядае рэчаіснасці. Грамадзяне ці рэзідэнты краін Еўразвязу, якія маюць абавязковую базавую медстрахоўку ці выплачваюць унёскі ў фонд сацстрахавання, не плацяць за роды. Непрацоўныя могуць быць уключаныя ў страхоўку чальцоў сваёй сям'і. У некаторых краінах патрабуюцца даплаты толькі за асобныя паслугі, якія не ўваходзяць у базавы пералік: напрыклад, за большую колькасць УГД ці кесарава сячэнне па жаданні жанчыны, без медычных паказанняў для аперацыі.

Нават у такіх небагатых краінах як Румынія ці Балгарыя роды для ўсіх жанчын дармовыя, у тым ліку для тых, хто не мае страхоўкі. 

У Італіі і Іспаніі права на дармовае абслугоўванне да і пасля родаў даюць нават цяжарным замежніцам і тым, якія нарадзілі. Італія таксама выплачвае ім дапамогу. 

Апроч таго, грамадзяне ЕЗ, маючы страхоўку ў сваёй краіне, могуць задарма аформіць Еўрапейскую карту медычнага страхавання і па ёй без дадатковых выдаткаў атрымаць тэрміновую меддапамогу ў кожнай краіне Еўразвязу на тых жа ўмовах, што і грамадзяне гэтай краіны. Гэта тычыцца і родаў. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць