Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Крым прагаласаваў за выхад са складу Украіны». Вядоўца «Радыё Менск» назвала фэйк гістарычным фактам

Алёна Радоўская перакруціла значэнне рэферэндуму 1991 года.

Жыхары Крыму 35 гадоў таму хацелі ўвайсці ў склад Расейскай Федэрацыі, але Украіна не пачула волі народу, распавяла вядоўца «Радыё Менск» Алёна Радоўская. Каманда Weekly Top Fake вывучыла падзеі таго часу і знайшла памылкі ў яе словах.

Кантэкст: Доналд Трамп на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, які прайшоў з 19 па 23 студзеня, назваў Грэнландыю кавалкам лёду і заявіў, што не збіраецца выкарыстоўваць вайсковую сілу для атрымання кантролю над ёй. Да саміту, 9 студзеня, ён сказаў, што Данія не здольная абараніць выспу, і без ЗША Расея ці Кітай яе абавязкова захопяць. Кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў, каментуючы сітуацыю вакол Грэнландыі, параўнаў яе з Крымам: маўляў, паўвыспа не меней важная для бяспекі Расеі, чым Грэнландыя для ЗША. 

Вядоўца «Радыё Менск» Алёна Радоўская ў эфіры «Вечаровага палітычнага каналу» 20 студзеня 2026 года таксама правяла паралель паміж Грэнландыяй і Крымам: 

«Сёння, як кажа гісторыя, вось дзіўна, у 1991 годзе Крым прагаласаваў за выхад са складу Украіны. Гэта гістарычны факт. 93% жыхароў тады сказалі, што яны хочуць увайсці ў склад Расейскай Федэрацыі. Але Украіна тады не пачула волі народу. Ну і потым адбылося тое, што адбылося».

У Крыме 20 студзеня 1991 года сапраўды прайшоў рэферэндум, але не пра выхад паўвыспы са складу Украіны і не пра далучэнне да Расеі. На галасаванне вынеслі іншае пытанне — пра аднаўленне Крымскай Аўтаномнай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі як суб'екту СССР і ўдзельніка Саюзнай дамовы. У той час яшчэ не існавалі незалежныя Украіна і Расейская Федэрацыя, былі саюзныя рэспублікі УССР і РСФСР.

Фармулёўка «як суб'екту СССР» не азначае, што крымчане галасавалі за выхад з УССР. Па савецкай Канстытуцыі, аўтаномная рэспубліка магла знаходзіцца толькі ў складзе нейкай саюзнай рэспублікі. Пра ўступ у РСФСР у парадку рэферэндуму не было ані слова. У агітацыйных матэрыялах таксама казалі пра аўтаномію, а не пра далучэнне да РСФСР.

Менш чым праз месяц пасля рэферэндуму, на якім абсалютная большасць крымчанаў прагаласавала за аўтаномію, Крым атрымаў гэты статус у складзе Украінскай ССР.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць