На сайце тэлеканалу АНТ 4 сакавіка апублікавалі навіну пад загалоўкам «Польскія фермеры на мяжы з Украінай пабілі машыны, прызначаныя для ЗСУ».
«На мяжы паміж Польшчай і Украінай было разбіта або пакарабачана некалькі аўтамашын (джыпы, пікапы), якія прызначаліся для перадачы ЗСУ. Прычым здзейснілі гэта польскія фермеры», — гаворыцца ў паведамленні.
У якасці крыніцы супрацоўнікі дзяржаўнага тэлеканалу паказалі вядоўцу расейскага ТБ Вольгу Скабееву. У сваім тэлеграм-канале яна апублікавала відэа з подпісам «Здаецца палякі пачалі разумець, што такое дэмілітарызацыя Украіны».
Першым відэа выклаў у сетку ўкраінскі грамадскі актывіст Канстанцін Андрыюк. Ён сапраўды сцвярджаў, што машыны пашкодзілі польскія фермеры. Але амбасада Украіны ў Польшчы зняпраўдзіла гэтую інфармацыю.
«Устаноўлена, што названыя аўтамабілі былі пашкоджаныя яшчэ да прыбыцця на тэрыторыю Рэспублікі Польшча ў краіне, адкуль іх дастаўлялі. У цяперашні час аўтамабілі ўжо знаходзяцца на тэрыторыі Украіны. Польскія аграрыі не маюць ніякага дачынення да сітуацыі, якая была асветленая СМІ», — запэўнілі ў дыпламатычным ведамстве.
Пра тое, што машыны пашкодзілі не польскія фермеры, а брытанскія вандалы, паведамілі таксама ўкраінскія валанцёры з Вялікай Брытаніі. У пацверджанне яны выклалі відэа пабітых машын, зробленае, з іх слоў, на паркоўцы ў Брытаніі 20 лютага.