Антыфэйк / фактчэк 15 ліпеня

«ЕАЭС прыцягвае іншыя краіны». Як аналітык Аўдонін перабольшыў папулярнасць саюзу

Мʼянма і Нікарагуа праяўляюць цікавасць, але нават яны просяць толькі статус назіральнікаў.

Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін заявіў, што краіны-назіральніцы «выказалі жаданне стаць чальцамі ЕАЭС». Каманда Weekly Top Fake праверыла афіцыйныя пазіцыі Малдовы, Кубы і Узбекістана.

У эфіры «Альфа радыё» і СБ ТБ пры абмеркаванні вынікаў саміту ЕАЭС у Менску аналітык Аляксей Аўдонін заявіў:

«ЕАЭС прыцягвае іншыя краіны. Давайце скажам, што на гэтым форуме былі таксама краіны-назіральніцы і яны выказалі жаданне стаць чальцамі ЕАЭС».

На момант гэтага выказвання — 30 чэрвеня 2025 года — у ЕАЭС тры назіральнікі: Малдова (з 2018 года), Куба і Узбекістан (з 2020-га).

Прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канэль сапраўды браў удзел у саміце, аднак у публічным выступе абмежаваўся агульнымі фразамі пра партнёрства на найбліжэйшыя гады. Ніякіх заяў пра жаданне стаць чальцом ЕАЭС кубінскі лідар не рабіў.

Сітуацыя з Узбекістанам яшчэ больш паказальная. Прэзідэнт Шаўкат Мірзіёеў з 2020 года адкрыта называе пазіцыю сваёй краіны назіральнай — Узбекістан ацэньвае плюсы і мінусы звязу. На чэрвеньскім саміце новых заяў не прагучала. Хоць Аляксандр Лукашэнка ў час паседжання Найвышэйшай Еўразійскай эканамічнай рады, 27 чэрвеня 2025 года, запрасіў яго далучыцца: «Вы даўні сябар ЕўрАзЭС. Мы, ведаеце, заўсёды чакаем вас у ЕАЭС у якасці паўнапраўнага чальца нашага звязу. Будзем гэтаму рады».

Аднак гэта магло б ускладніць працэс уступлення Узбекістана ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, якое Ташкент актыўна прасоўвае.

Што ж да Малдовы, то гэта краіна рухаецца ў процілеглым кірунку. Пад канец 2024 года рэферэндум замацаваў у канстытуцыі стратэгічную мэту ўступлення ў Еўразвяз. Гэта выключае магчымасць чалецтва ў ЕАЭС.

Зрэшты, краіны, якія праяўляюць цікавасць да ЕАЭС, сапраўды існуюць. Статус назіральнікаў запыталі Мʼянма і Нікарагуа. Гэта дасць ім права браць удзел у паседжаннях і атрымліваць адкрытыя дакументы, але не азначае аўтаматычнага пераходу да чалецтва.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Балтыйскія службоўцы прадалі сваіх дзяцей». «ЖС Premium» выдаў традыцыйныя мерапрыемствы за навіну, а News.by перакруціў іх сэнс
Антыфэйк / фактчэк «Балтыйскія службоўцы прадалі сваіх дзяцей». «ЖС Premium» выдаў традыцыйныя мерапрыемствы за навіну, а News.by перакруціў іх сэнс
Нагода — сустрэча прадстаўнікоў моладзевых кадэцкіх арганізацый з Латвіі, Эстоніі, Літвы, Польшчы і Вялікай Брытаніі.
23 чэрвеня 2025 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць