Антыфэйк / фактчэк Учора

Эйсмант стварыў фэйк, абвінаваціўшы еўрапейскія агенцтвы па змаганні з фэйкамі ў стварэнні фэйкаў

Яны гэта нібыта рабілі, каб атрымліваць амерыканскія гранты.

Еўрапейскія арганізацыі па змаганні з дэзынфармацыяй самі стваралі фэйкі, каб атрымліваць фінансаванне ад ЗША, распавёў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант у эфіры «Клуба рэдактараў». Каманда Weekly Top Fake высветліла, што яго крыніца не заслугоўвае даверу.

ЗША спынілі супрацу з краінамі Еўразвязу ў змаганні з дэзынфармацыяй, якую шыраць Расея, Кітай і Іран, паведаміла 8 верасня 2025 года выданне Financial Times са спасылкай на свае крыніцы. Абмяркоўваючы гэтую навіну праз чатыры дні ў праграме «Клуб рэдактараў» на News.by, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант агучыў нібыта прычыну такога рашэння:

«Апынулася што 89% фэйкаў ствараліся агенцтвамі па змаганні з фэйкамі. Кангрэсу паказалі даклад, які давёў, што тысячы еўрапейскіх арганізацыяў, якія змагаліся з фэйкамі на амерыканскія грошы, самі стваралі фэйкі, каб захоўваць фінансаванне. У тым ліку гэта тычылася фэйкаў пра Расейскую Федэрацыю і Рэспубліку Беларусь».

Днём раней, 11 верасня, відэа з такой жа інфармацыяй і лагатыпам Financial Times апублікавалі аўтары тэлеграм-каналу «Шкварка News». Каманда WTF праверыла афіцыйныя старонкі брытанскага выдання ў сацсетках і не знайшла такога роліка. Па афармленні відэа адрозніваецца ад арыгінальных ролікаў Financial Times: на іх іншы шрыфт, заўсёды ёсць цітры і закадравы голас, а на апублікаваным у «Шкварка News» — толькі падрадковы тэкст.

У самым роліку паказаны Белы дом, Кангрэс і загалоўкі матэрыялаў Financial Times і The Independent пра тое, што ЗША скасавалі мемарандум па лініі Дзярждэпу. Мы праверылі: артыкулы з такімі назвамі ёсць у абодвух выданнях, але ў іх няма інфармацыі, што фэйкі ствараюць агенцтвы па змаганні з дэзынфармацыяй. Не згадваецца там і даклад пра тысячы еўрапейскіх арганізацый, што фабрыкавалі такія матэрыялы.

Прычыны спынення супрацы іншыя: рэспубліканцы ў Кангрэсе абвінавацілі Цэнтр глабальнага ўзаемадзеяння (Global Engagement Center, GEC), які займаўся супрацьдзеяннем дэзынфармацыі, у цэнзуры і абмежаванні свабоды слова ўнутры ЗША, і зачынілі яго. Дырэктар GEC Джэймс Рубін назваў гэта «аднабаковым раззбраеннем», якое паслабляе Захад у супрацьстаянні расейскай і кітайскай прапагандзе.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць