Інфляцыю, якая паскараецца ў Злучаных Штатах Амерыкі, і наспяваючы эканамічны крызіс палітолаг Вадзім Ялфімаў абмеркаваў з міністрам культуры Беларусі Русланам Чарнецкім у эфіры «Радыё-Менск» і ютуб-канала агенцтва «Менск-навіны» 13 лютага 2025 года.
— Прыйшла статыстыка за студзень месяц. Зразумела, што не трампаўская статыстыка. А яшчэ байдэнаўская. Там інфляцыя ўзмацняецца на 4% за месяц, — заявіў Ялфімаў.
— Натуральна, — пагадзіўся Чарнецкі.
— То бок, гэта тая інфляцыя, якая, уласна кажучы, унутры Амерыкі, — працягнуў палітолаг.
— З 2021 года яна ўжо ідзе, і яна нарастае як снежны ком. І яна будзе паскарацца, бо гэта нармальна, — дадаў міністр.
Гадавы паказнік інфляцыі ў ЗША ў студзені 2025 года дасягнуў 3%. А за месяц, калі параўноўваць са снежнем 2024-га, цэны на спажывецкія тавары выраслі на 0,5%. Пасля пандэміі каронавіруса інфляцыя ў ЗША паскорылася: у 2022 годзе — да 8%, што стала максімальным паказнікам за апошнія 40 гадоў. Але з тых часоў яна зніжаецца. У 2023 годзе — да 4%, у 2024-м — да 3%. Нягледзячы на бягучы рост, прагнозы Федэральнай рэзервовай сістэмы на 2025 год паказваюць на паступовае зніжэнне інфляцыі — мэтавы паказнік 2%.
Гадавая інфляцыя ў Беларусі за 2024-ы склала 5,2% — больш, чым у ЗША. Але беларускія чыноўнікі кажуць пра гэта як пра дасягненне:
«Інфляцыя. Два гады запар у нас адзін з самых нізкіх паказнікаў у рэгіёне — 5,2%. Ну, і на гэты год задача — таксама не выходзіць за 5%», — заявіў міністр эканомікі Юрый Чабатар 19 лютага 2025 года ў эфіры канала NEWS.BY.